Главная - Новости - Главные новости - У сталічным Доме друку адбылася прэс-канферэнцыя «Традыцыі аб’ядноўваюць. Як беларусы адзначаюць народныя святы»

У сталічным Доме друку адбылася прэс-канферэнцыя «Традыцыі аб’ядноўваюць. Як беларусы адзначаюць народныя святы»

У сталічным Доме друку адбылася прэс-канферэнцыя «Традыцыі аб’ядноўваюць. Як беларусы адзначаюць народныя святы»

Як святкуюць Масленіцу ў розных рэгіёнах Беларусі і якімі адметнымі народнымі традыцыямі славіцца кожная вобласць, абмеркавалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі «Традыцыі аб’ядноўваюць. Як беларусы адзначаюць народныя святы», што прайшла ў анлайн-фармаце ў сталічным Доме друку.

 

Каляды, Грамніцы, Сёмуха, Купалле, Дзяды… Народны каляндар беларусаў багаты на святы і ўнікальныя абрады, кожны з якіх нясе глыбокі сакральны сэнс. На думку начальніка аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Святланы Каржук, народныя святы ўвасабляюць светапогляд, ідэалы і маральныя каштоўнасці беларусаў. Яна падкрэсліла, што на тэрыторыі Беларусі пражывае каля 140 нацыянальнасцей, кожная з якіх адзначае свае святы, захоўвае сваю мову. І гэтыя нацыянальнасці павінны з павагай ставіцца да свят беларусаў і да беларускай мовы.

 

– Менавіта разуменне глыбіні і сутнасці народных свят і абрадаў, часам нават інтуітыўнае, перададзенае з пакалення ў пакаленне, з’яўляецца адным з асноўных фактараў адзінства беларускага грамадства, – пераканана Святлана Каржук. – За гады сваёй працы я пазнаёмілася са шматлікімі святамі і магу сказаць, што кожная вобласць мае свае адметнасці, рэгіянальныя брэнды. Абласныя цэнтры народнай творчасці ў цесным супрацоўніцтве з раёнамі дапамагаюць захоўваць тыя святы, што зарадзіліся ў розных рэгіёнах краіны.

 

Святлана Каржук анансавала вялікае свята, арганізатарам якога выступае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Сёлета з 19 па 24 верасня пройдзе IV Фестываль беларусаў свету. «Усе беларусы, якія хочуць прыехаць, зараз дасылаюць заяўкі, і я спадзяюся, што гэта будзе вельмі цікавы фестываль. Рэгіёны будуць прымаць беларусаў і глыбей знаёміць іх з унікальнымі традыцыйнымі святамі нашай краіны», – адзначыла прадстаўнік Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

 

Пазнаёміцца з багатай традыцыйнай культурай гасцінна запрашае Брэстчына. Вядучы метадыст па фальклоры і этнаграфіі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Кацярына Ігнацюк расказала пра аўтэнтычныя святы і абрады берасцейцаў:

 

– У нашым рэгіёне захаваліся старажытныя абрады каляндарнага цыкла ад Раства да Піліпаўскага посту. Менавіта на Брэстчыне можна ўбачыць унікальны абрад «Конікі» ў Давыд-Гарадку на Століншчыне. Штогод у кожным раёне праходзіць «Гуканне вясны», і літаральна ў кожнай вёсцы ёсць свае асаблівасці гэтага абраду. Яшчэ адзін з шэрагу каларытных абрадаў праводзіцца ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна – вясновы карагод «Стрілка».

 

 

Захаванню народнай культуры і фальклору спрыяюць рэгіянальныя фестывалі і святы, якія традыцыйна ладзяцца на Брэстчыне: адкрытае рэгіянальнае свята «Хмелеўская Сёмуха» ў аграгарадка Хмелева Жабінкаўскага раёна, свята «Скокаўскія спасоўкі» ў Брэсцкім раёне, міжнародны кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі» ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна і многія іншыя. Дарэчы, любімыя берасцейцамі абласное свята фальклорнага мастацтва «Таночак» і абласны этнаканцэрт «Рух зямлі» пройдуць сёлета 20 мая ў в. Бездзеж на Драгічыншчыне. У межах мерапрыемства адбудзецца абласны агляд-конкурс дзіцячых фальклорных калектываў.

 

 

Адным з адметных свят народнага календара застаецца ў беларусаў Масленіца. Наколькі жывыя традыцыі яе святкавання, можна меркаваць па масавых гуляннях, якія праходзяць па ўсёй краіне.

 

– Масленіца не знікла. З ёю звязана шмат традыцый, якія жывуць і зараз, напрыклад, гаспадыні пякуць бліны, падчас масленічных забаў на вогнішчы спальваецца пудзіла зімы. Ёсць старажытная завядзёнка ставіць першы блін у чырвоны кут для ўшанавання продкаў. Таксама існуе павер’е: колькі бліноў на Масленічным тыдні з’ясі – столькі шчаслівых дзён будзеш мець у гэтым годзе. На Віцебшчыне падчас Масленіцы праводзіцца незвычайны абрад «Пахаванне дзеда», але варта ўспомніць яшчэ адзін абрад Масленіцы – «Вешанне калодак», калі дзяўчатам і нежанатым хлопцам нагадваюць, што ўжо час ісці да шлюбу. Шанаваць сям’ю, паважаць продкаў, славіць працу хлебаробаў – гэта спрадвечныя беларускія каштоўнасці. І Масленіца, як і іншыя святы народнага календара, папулярызуе традыцыйныя каштоўнасці, – перакананы начальнік аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Аляксандр Глуздаў.

 

Прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі распавялі пра народныя святы і фальклорныя імпрэзы, якія пройдуць на працягу года ў розных куточках краіны і прэзентуюць мясцовую культуру і традыцыі. Напрыклад, 26 лютага ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна можна будзе ўбачыць унікальны абрад «Чырачка». А 6 мая таксама на Гомельшчыне пройдзе «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У кастрычніку Віцебшчына сустрэне гасцей міжнароднага пленэра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна, дзе захаваліся даўнія ганчарныя традыцыі. Пазнаёміцца падрабязней са святочнай афішай можна на сайтах аблвыканкамаў, а таксама абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці.

 

          Алёна САЦУТА

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика