Главная - Новости - В области - Спаўнілася 110 гадоў з дня нараджэння мастака Мiкалая Чурабы

Спаўнілася 110 гадоў з дня нараджэння мастака Мiкалая Чурабы

Спаўнілася 110 гадоў з дня нараджэння мастака Мiкалая Чурабы

24 снежня спаўнілася 110 гадоў з дня нараджэння мастака Мiкалая Чурабы.

 

Мікалай Дзмітрыевіч Чураба нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў Мінску. У 1920 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Клімавічы Магілёўскай вобласці. Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум, затым – графічны факультэт Маскоўскага мастацкага інстытута імя В.І. Сурыкава. Маладога спецыялiста накiравалi на працу выкладчыкам ў Беласток, які на той час быў у складзе БССР. Тут яго застала Вялікая Айчынная вайна. Дапамагаў падпольшчыкам, а на жыццё зарабляў распілоўкай дроў, афарміцельскімі работамі і іншым. У пачатку 1943 года трапіў у Пружаны, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Таццянай Уладзіміраўнай Утгаф, якая стала яго музай.

 

З 1946 года М. Чураба жыў у Брэсце. Разам з П. Данелія, І. Фяцісавым, В. Шыкіным, І. Рудчыкам, П. Пагодзіным стварылі групу прафесійных мастакоў – фiлiял Саюза мастакоў, які ў 1971 годзе быў ператвораны ў абласную арганізацыю СМ БССР. У 1947 годзе Мікалай Чураба стаў членам Саюза мастакоў СССР. Быў арганізатарам першых мастацкіх выстаў у горадзе.

 

 

Творчую дзейнасць мастак пачаў з 1939 года, калі яго творы з’явіліся на выставе ў Маскве. Працаваў у жанрах кніжнай і станкавай графікі, жывапісе. Пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты алеем, акварэллю, тэмперай, пастэллю.
Галоўная тэма жывапісных работ – гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Асноўныя творы гэтай тэмы – “Цаною жыцця”, “У Брэсцкай крэпасці”, “Цярэспальскія вароты”, “Цішыня ў цытадэлі”, трыпціх “На парозе бессмяротнасці”, “Смага”, “Пад чыстым небам”, “Байніцы Брэста”, “Ветэраны” і інш.

 

На працягу творчага жыцця каля тысячы твораў мастака выстаўляліся ў Маскве, Мінску, Брэсце і ў многіх іншых гарадах. Сёння яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, музеі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.
Памёр мастак 29 студзеня 1998 года.

 

Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика