Колькі часу старадаўняму абраду, які праводзіцца на Дабравешчанне ў вёсцы Леснікі, – ніхто дакладна адказаць не можа. Вядома толькі, што прылёт птушак вясной заўжды чакалі ў гэтым краі. На свята 22 сакавіка выпякаліся «птушкы». Перш чым з’есці смачную булачку, удзельнікі звярталіся да жаўранкаў:
Жавороночкы, прылітітэ,
Высну красную прынысітэ,
Бо зыма нам надоіла,
Увэсь хліб у нас поіла…
Птушку-сімвала нашай краіны па-леснікоўску завуць «бусёк». Лічылася, што да 7 красавіка буслы павінны сесці на яйкі. Курыныя ж яйкі, знесеныя да гэтага часу, не раілі выкарыстоўваць для падкладу пад квактуху. Лічылася, што могуць вылупіцца кураняты-калекі.
Загадчык Леснікоўскага Дома фальклору Валянціна Лук’яновіч расказвае, што на Дабравешчанне гаспадыні выпякалі посныя «галёпы».
Гэта была агульная назва чатырох разнавіднасцей выпечкі ў выглядзе бараны, сярпа, буслінай лапы (мясцовая назва «буськова лапа») і прадаўгаватай булачкі («попіка»). Хлопчыкам давалі «борону», дзяўчатам – «сырпа», меншыя па ўзросце атрымлівалі «буськову лапу», усе бралі «попіку». Дзеці выходзілі на вуліцу і, падкідаючы ўверх «галёпы», прамаўлялі:
Бусёк, бусёк, на табе галёпу –
Дай нам жыта копу!
На табе барану –
Дай нам жыта старану!
На табе папеку –
Дай нам жыта да веку!
Удзельнічаць у дзействе павінны былі толькі дзеці, а вось есці святочныя прысмакі дазвалялася ўсім. Часцей «галёпамі» частаваліся ўжо пасля наведвання царкоўнай службы.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара
Оставить комментарий