Узнагароды дзвюх літпрэмій уручаны на свяце Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах

Узнагароды дзвюх літаратурных прэмій былі ўручаны на свяце Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах. Аб гэтым расказалі ў Брэсцкім абласным аддзяленні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Пераможцам літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка ўзнагароды ўручыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч на пляцоўцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага «Зямля любові нашай – Берасцейшчына».

Славуты беларускі пісьменнік і вучоны Уладзімір Андрэевіч Калеснік для многіх берасцейскіх літаратараў быў настаўнікам і добрым сябрам. Ён падрыхтаваў шмат здольных творцаў і выкладчыкаў роднай літаратуры. Для ўшанавання гэтай выдатнай асобы ў ліпені 2007 года Брэсцкім аблвыканкамам была створана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка. Урачыстасць адбылася ў 11-ы раз. Раней такія цырымоніі ўжо праходзілі у вёсцы Лунін Лунінецкага раёна, гарадах Лунінец, Пінск і Брэст.

Літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка сёлета ў намінацыі «Проза» ўзнагароджана пінчанка Марыя Ляшук – за зборнік апавяданняў «Сквозь зимы и вёсны», у намінацыі «Паэзія» – ураджэнка вёскі Сакалова Бярозаўскага раёна Алёна Папко – за зборнік паэзіі «Мой сад», у намінацыі «Дзіцячая літаратура» – старшыня абласной пісьменніцкай суполокі Таццяна Дземідовіч – за зборнік апавяданняў «МармеЛадное лето».

На свяце ў Івацэвічах прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу імя Яўгеніі Янішчыц «Жывём, як светлай памяці зарок».

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч падкрэсліла:

– Самыя высокія душэўныя і духоўныя пачуцці беларуса-патрыёта і сапраўднага грамадзяніна апела ў сваёй творчасці «палеская ластаўка», ураджэнка Піншчыны Яўгенія Янішчыц:

Радзімы вецер!
Ён з усіх вятроў
Мне як натхненне,
Як шчаслівы подых.
Ёсць доўгі шлях,
Дзе мы,
Як параходы,
Вяртаемся
Да родных берагоў.

Яе творчасць аб’яднала таленавітых літаратараў з розных куткоў Беларусі ў агульным памкненні шанаваць і берагчы спадчыну, працягваць нябачную ніць, што звязвае розныя пакаленні.

Падчас святкавання ХХХІ Дня беларускага пісьменства старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч на пляцоўцы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага «Зямля любові нашай – Берасцейшчына» ўручыў узнагароды пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Жывём, як светлай памяці зарок» на лепшы паэтычны зборнік. Да слова, арганізатарамі конкурсу выступілі Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама. На конкурс паступіла 47 заявак. Усе кнігі пераможцаў і фіналістаў конкурсу папоўнілі ўжо фонды Брэсцкай абласной бібілятэкі імя М. Горкага.

Спецыяльнымі дыпломамі ўзнагароджаны: за філасофскае асэнсаванне жыцця і яркія вобразы ў паэзіі – Ірына Морых з Брэста (зборнік паэзіі «Незаменимые слова и лица»); за яркія вобразы прыроды ў паэзіі і самабытнасць – брастаўчанка Таццяна Шульга (зборнік паэзіі «От весны и до весны»). Адразу два аўтары атрымалі спецыяльныя дыпломы «Адкрыццё» – мінчанка Вольга Сяліцкая (зборнік паэзіі «Есть») і Алена Котава з Кобрына (зборнік «Бабуліны рукі»).

Дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджаны Святлана Цмугунова з гарадскога пасёлка Дрыбін Магілёўскай вобласці – за зборнік паэзіі «Жыві, Радзімы родны кут» і Кацярына Каламійцава-Ігнацюк з горада Гродна – за зборнік паэзіі «Женщина в красном». Дыплом другой ступені атрымала Вольга Алізар (г. Гродна) – за зборнік паэзіі «О тебе, моя милая Родина».

Дыпломамі першай ступені адзначаны Таццяна Яцук з горада Баранавічы – за зборнік паэзіі «Мудрасць вечара» і Людміла Кебіч з Гродна – за зборнік паэзіі «Мае начныя бліскавіцы».

А ўладальніцай Гран-пры літаратурнага конкурсу імя Яўгеніі Янішчыц «Жывём, як светлай памяці зарок» стала аўтар зборніка паэзіі «Пуцявіна» – вядомая брэсцкая пісьменніца Зінаіда Дудзюк.

Святлана АФАНАСЬЕВА

Фота oo-spb.by

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика