Главная - Новости - Новости культуры - Саюз пісьменнікаў адзначае 90-годдзе

Саюз пісьменнікаў адзначае 90-годдзе

Саюз пісьменнікаў адзначае 90-годдзе

Год ад года пісьменнікі ўзбагачаюць памяць землякоў звесткамі пра гісторыю краю і духоўны свет, ствараюць адметныя паэтычныя вобразы, захоўваюць, развіваюць культурныя набыткі.

 

Сёлета Саюз пісьменнікаў Беларусі адзначае сваё 90-годдзе. З гэтай нагоды ў Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбылася святочная імпрэза.
Заснавана творчая арганізацыя (тады пад назвай Саюз пісьменнікаў БССР) была ў Мінску на Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў у чэрвені 1934 года. Сярод стваральнікаў творчай суполкі – яркія майстры слова Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Чарот, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва…

 

Кандыдат філалагічных навук, выкладчык Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі, літаратурны крытык Уладзімір Сенькавец расказаў пра расквечванне мастацкага слова на Брэстчыне з часоў Афанасія Філіповіча. Але моцнаму творчаму ўзлёту паспрыяла канцэнтраванне творчых сіл вакол абласной газеты “Заря”. Член Саюза пісьменнікаў БССР Мікола Засім у 1948 годзе быў накіраваны на працу ў газету і стварыў пры ёй літаратурнае аб’яднанне. На творчы агеньчык пацягнуліся маладыя аўтары. Многія з іх атрымалі і шчодрыя парады пісьменніка, і клапатлівае апекаванне. У 1954 годдзе ў Брэст прыехаў беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, навуковец, педагог Уладзімір Калеснік, і літаратурнае жыццё на Брэстчыне яшчэ больш актывізавалася, вырасла цэлая плеяда самабытных, таленавітых пісьменнікаў. Сорак гадоў жыцця Уладзімір Калеснік прысвяціў літаратурнай, навуковай дзейнасці, стварэнню жывых творчых партрэтаў заходнебеларускіх пісьменнікаў. У 1994 годзе Уладзіміра Калесніка не стала, таму з 90-годдзем Саюза пісьменнікаў Беларусі ўспамінаюцца дзве важныя вехі з жыцця У. Калесніка.

 

 

Сваімі ўспамінамі, парадамі і аповедамі пра новыя выданні падзялілася Зінаіда Дудзюк. У творчым багажы пісьменніцы рознажанравыя літаратурныя творы, у тым ліку проза, драматургія, пераклады, шматлікія ўзнагароды прэстыжных літаратурных конкурсаў. Усё гэта – вынік вялікай, доўгай творчай працы. Асаблівая каштоўнасць яе – успаміны пра знакамітых пісьменнікаў. Зінаіда Дудзюк прынесла фотаздымкі, якія адлюстроўваюць дзейнасць літаратурнай сябрыны краю.

 

 

Зазіралі ў мінулае і дзяліліся асабістымі творчымі набыткамі паэты Ірына Морых, Таццяна Шульга, аб важнасці пераймання лепшых літаратурных традыцый, захавання літаратурнай спадчыны рэгіёна гаварылі паэт, галоўны рэдактар радыё “Белтэлерадыёкампаніі «Брэст” Васіль Барысюк, празаік, загадчык аддзела абслугоўвання Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Ірына Фаміна. Прыгадвалі і тое, што У. Калеснік імкнуўся згуртаваць літаратараў-берасцейсцаў, нягледзячы на розныя месцы жыхарства, таму вялікую ролю адыгрывалі літаратурныя аб’яднанні пры раённых газетах. Кіраўнік літаратурнага клуба “ПоэтиКо” Наталля Кандрашук падзялілася сваім паспяховым вопытам стварэння літаратурнага асяроддзя ў Кобрыне.

 

 

 

Заўсёды да літаратурнай працы знакамітых майстроў далучалася і творчая моладзь. Кіраўнік літаратурнага клуба “Літара” пры Брэсцкім гарадскім Доме культуры Лідзія Касачук – былая студэнтка Уладзіміра Калесніка – расказала, як знакаміты педагог падключаў да працы сваіх выхаванцаў, запрашаў на сустрэчы да брэсцкіх студэнтаў Ул. Караткевіча, Івана Мележа, вядомых этнографаў, літаратуразнаўцаў.

 

Сёння пры Брэсцкім абласным аддзяленні працуе Школа маладога літаратара. Яе кіраўнік – маладая пісьменніца, журналіст Настасся Нарэйка. Узнагароды на рэспубліканскім узроўні, яркія дэбюты на старонках сур’ёзных выданняў сёння маюць Ірына Макарчук, Кацярына Мізерыя, Марыя Навумчык, Валянціна Вандзіч, Сафія Дзядзюк, Вольга Друшчыц.

 

Зусім нядаўна па замове Міністэрства інфармацыі Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў кнігу для самых маленькіх супрацоўніцы газеты “Заря”, маладой маці двух дзетак Алены Гневушавай — «Сказки-улыбки для весёлых дошколят».

 

Напачатку года членскі білет, а з ім і пуцёўку ў пісьменніцкае жыццё атрымала 23-гадовая брастаўчанка Яніна Босак. І вось яшчэ адна прыемная навіна. На ўрачыстасцях з нагоды 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Мінску юны аўтар Лізавета Вычыкава (псеўданім – Лізавета Саевіч) атрымала членскі білет з рук Намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова. Дзяўчына працягвае пісьменніцкую дынастыю сваёй сям’і. Яе дзядуля – вядомы пясняр Белавежскай пушчы Фёдар Канстанцінавіч Саевіч – на жаль летась пайшоў з жыцця, але прывіў сваім унукам любоў да мастацкага слова. Ліза Саевіч разам са сваім бацькам і братам часта наведвалі офіс Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, сюды юная пісьменніца, будучы школьніцай, і прынесла свае першыя спробы пяра.

 

– Уступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі для мяне – вялікі гонар. Так склалася, што я працягваю пісьменніцкую традыцыю маёй сям’і, таму буду і надалей рабіць гэта годна і адказна, – адзначыла Лізавета.

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Фота Ірыны ФАМІНОЙ

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика