Проект «ЗАБВЕНИЯ НЕ БУДЕТ». Знішчаная будучыня Мошак

1 снежня 1942 года вёска Мошкі Іванаўскага раёна абязлюдзела. Нямецкія карнікі за сувязь з партызанамі тады ўчынілі жорсткую расправу над сарака пяццю яе жыхарамі. Яшчэ сем чалавек з гэтага паселішча не пазбеглі пакутніцкай смерці пазней. 2 снежня 1942 года ў полымі дашчэнту згарэў сам населены пункт, які пасля вайны так і не адрадзіўся. Праз нейкі перыяд на папялішча ўсё-такі вярнуліся сведкі гэтай страшэннай трагедыі – Андрэй Эйсмант і Пелагея Папко.

Лясная вёска

За некалькі кіламетраў ад населенага пункта Снітава (цяпер аграгарадок з такой жа назвай) сярод лесу знаходзілася невялічкая вёска Мошкі, якая ў 1940-я гады складалася з хутароў. Альшэўскія, Ляшукі, Казакі, Дробышы, Шапелюкі, Сыраваткі, Жыгарэвічы, Эйсманты – па падліках больш за пяцьдзясят чалавек пражывалі там.

Аўторак першага снежня тысяча дзевяцьсот сорак другога года быў працоўным днём для людзей гэтага паселішча. Паколькі працягласць светавога дня зімой кароткая, то кожная сям’я загадзя планавала пэўны фронт работ для выканання. Нехта вырашыў нарыхтоўваць дровы, каб абагрэць сваю хаціну – прытулак для старога ды малога, хтосьці надумаў звозіць сена з балота, якое нарэшце замерзла, а значыць, прыйшла доўгачаканая пара даставіць у хлеў правіянт для скаціны.

Такою адказнаю справаю разам з родзічамі са Снітава займаўся дваццацідзевяцігадовы Рыгор Сыраватка (1913–1959). Дапамогі спярша чакалі ад яго старэйшага брата Андрэя, але так склаліся абставіны, што ў той дзень ён застаўся ў Мошках. Там яго, а таксама нявестку – жонку Рыгора Надзею і трох Андрэевых дачок знайшла смерць.

Прадчуванне бяды

Балючы цяжар, адчуванне чагосьці небяспечнага былі на сэрцы ў Рыгора. Таму звечара ён зрабіў спробу адвесці бяду ад Надзі – угаворваў любую застацца на начлег у бацькоўскай хаце, якая знаходзілася ў іншай вёсцы. Аднак маладая жанчына не захацела развітвацца з мужам. І гэта быў яе выбар. Выбар, які каштаваў жыцця. Сэрца Надзеі Сыраватка ад кулі ворага спынілася ў дваццаць чатыры гады. Яе мары пра мацярынства, пра вялікую сям’ю раптоўна былі перакрэслены.

Першынцу Андрэя і Соф’і Сыраваткаў, старэйшай дачцэ Марыі, на момант трагедыі было сем гадоў, Валі – пяць, Раечцы – толькі тры годзікі. Зверствы катаў у той крывавы дзень не мелі межаў. Матуля хацела ўратаваць харашунь. Побач стаяла бочка. Туды і вырашыла схаваць меншую дачку. Аднак не паспела здзейсніць намер – карнікі папрасілі вызваліць бондарны посуд. Ліхаманкава дрыжэлі рукі, калі Соф’я Іванаўна пакорліва выконвала загад нелюдзяў. Жанчына была ўпэўнена: спагады не будзе. Літасці і праўда не было ў той дзень ні да каго. Але, каб чалавечая рука ніколькі не задрыжэла, перш чым стрэліць у беззабароннае дзіця ва ўпор!? Зразумела, што асобе са здаровай псіхікай такія дзеянні не ўласцівы.

Замах на анёла

Праз трыццаць два гады пасля трагедыі – у ліпені 1974-га года – у Мошках адбыўся мітынг, прысвечаны адкрыццю тут абеліска. Сярод прозвішчаў бязвінных ахвяр фашызму на ўсталяваным помніку ёсць надпіс: «Немаўля». Гэтае грудное дзіцятка бацькі не паспелі ахрысціць і даць яму імя. Таму ніхто цяпер не скажа, колькі дзён, тыдняў ці месяцаў пражыў гэты анёл (паводле хрысціянскай традыцыі дзеці да сямі год лічацца анёламі), ніхто не помніць, быў гэта хлопчык ці дзяўчынка. Адно вядома: малое разам са сваімі землякамі аднойчы і назаўжды развіталася з жыццём.
Плямы пунсовай крыві на снезе, на бочцы, у розных месцах засталіся жудасным напамінам пра страшныя падзеі для тых, хто праз некалькі дзён хаваў целы нябожчыкаў, былі сведчаннем адабранай будучыні гэтых добрых людзей.

Незагойная рана

Раённая газета – тагачасная «Чырвоная звязда» – абысці па-дзею ўшанавання памяці загінулых і адкрыцця мемарыялу ў Мошках, зразумела, не магла. У суботнім нумары за 6 ліпеня 1974 года (№81/3607) на другой старонцы змешчаны матэрыял Л. Зайцавай «Гнеў і боль».

Супрацоўніца газеты расказвала, што жылі ў гэтай вёсачцы людзі дружна. «У любое акно
пастукай – сустрэнуць, як роднага. Хоць, бадай, не ў кожнае. Быў тут адзін дом на водшыбе, якога стараніліся людзі. Багатая сям’я жыла ў ім. Багатая і нялюдская. Аднак не верылі ў людскую подласць, ні разу не адмовілі ў дапамозе партызанам, хоць і стараліся рабіць гэта тайна ад багатага суседа…».

Употай, баючыся магчымай помсты, сяляне абшывалі і кармілі партызан. Аднак 1 снежня 1942 года прыйшоў канец той адданай службе. У Мошках нечакана для ўсіх з’явіліся немцы. Заўважыўшы ворага на сваёй сядзібе, дачка Рыгора Альшэўскага Ганна дала сігнал небяспекі. Партызаны, якія паспелі знікнуць у лесе, разумелі, што змагацца з атрадам як след узброеных карнікаў няма сэнсу. Шаленства ж вырадкаў ад згубленай здабычы ўзмацнілася: той, хто спрабаваў уцячы, быў скошаны кулямі.

«Толькі калі з усіх бакоў узняліся дулы аўтаматаў, загаласілі жанчыны, спалохана ўчапіліся за мацярынскія падолы малыя… А немцы рагаталі, беручы на прыцэл чарговую ахвяру…».

«Дзеці ў чым вінаватыя? Не чапайце іх», – малілі людзі. У адказ аўтаматныя чэргі скаланулі наваколле».
З таго моманту восемдзесят два гады ў былой вёсцы Мошкі, якая падзяліла вогненны лёс Хатыні, стаіць нямая цішыня. Парушыць яе баіцца нават зязюльчына «ку-гу». Варту на месцы вечнага спачыну трыццаці дзевяці ахвяр населенага пункта нясуць векавыя сосны.

Шчырая размова

У той снежаньскі дзень смерці пашчасціла пазбегнуць Андрэю Васільевічу Эйсманту і Пелагеі Лук’янаўне Папко (жылі як муж і жонка, але іх шлюб не быў афіцыйна зарэгістраваны. – Заўв. аўтара). Схаваўшыся ў балотным кустоўі, Андрэй і Полька (так звалі яе аднавяскоўцы) назіралі за ўсім. Іх сэрцы абліваліся крывёю ад людскога плачу, крыкаў, галашэння і жахлівых стогнаў.

Праз некалькі дзён Эйсмант, іншыя мужчыны са Снітава і Варацэвіч пахавалі целы нябожчыкаў.

Пасля вызвалення муж і жонка вярнуліся жыць у родныя мясціны. Галоўным клопатам для дарослых стаў догляд за магілай сваіх загінулых вяскоўцаў, памяць пра якіх неўміручая. Што-дзень Пелагея прыходзіла да месца пахавання і галасіла па забітых. Яна доўга, схіліўшыся над шырокім пагоркам, сядзела і плакала, размаўляла з памерлымі, як з жывымі.

Памяць праз помнік

На жалобным мітынгу, прысвечаным адкрыццю помніка ў Мошках, Андрэй Эйсмант скупа выціснуў: «Дагэтуль перад вачамі той дзень».

Яшчэ адзін сведка, Васіль Роцык, які ў снежні 1942-га дапамагаў па-людску хаваць забітых, глытаючы словы, дадаў:

– На дзяцей мёртвых не мог глядзець. Тварыкі ў крыві… Ручаняты сутаргліва ўчапіліся ў дарослых. Ніначцы Шапялюк так і не змаглі расчапіць ручкі. Моцна трымала яна за шыю сваю цётку. Так і пахавалі.

Шчымлівая туга суправаджала Пелагею Папко ды Андрэя Эйсманта да скону. У раённы цэнтр старых бацькоў потым забрала дачка, якая іх даглядала. Вечны спачын абодва знайшлі на могілках у Іванава.

Беглі ад бяды

Лагічна думаць, што аб магчымай карнай аперацыі ў той дзень ведалі некаторыя жыхары Мошак. Так, якраз 1 снежня 1942 года адтуль выехала сям’я Дробышаў. Каты дагналі іх па дарозе са Снітава на тагачасны Янаў. Прысуд быў жорсткі – расстрэл. Бязвінную смерць тады сустрэлі родныя сястра і брат Вольга і Максім Дробышы, жонка Максіма Ксенія, іх дзеці Максім, Кацярына і Уладзімір.

Ахвяр на судным месцы потым пахавалі, усталявалі там сціплы помнік, абгарадзілі яго. Побач мудры чалавек пасадзіў дуб. Сёння галінастае дрэва не толькі здзіўляе сваімі памерамі, але захінае ад спёкі ці дажджу выпадковага падарожніка, які наведвае магілку невядомых людзей, каб, памаўчаўшы, схіліць галаву перад імі – бязвіннымі ахвярамі фашызму, жыццё якіх абарвалася заўчасна.

Цяпер тое месца з усіх бакоў атуляе неабсяжнае поле. Яно належыць ААТ «Снітава-Агра». У гэтым сезоне на палетку красуе пшаніца. Янтарнае калоссе паспела ўжо – гнецца ад цяжару долу, вось-вось пачнуць жаць. На наступны ж год тут будуць вырошчваць нешта іншае. Так будзе і надалей. Нязменным жа ва ўсе часы павінен застацца ўрок памяці пра сумныя даты гісторыі, якія не павінны паўтарыцца. Адна з такіх сумных дат для жыхароў Іванаўскага раёна – 1 снежня 1942 года, калі сэрца цэлага населенага пункта перастала біцца.

Пытанні застаюцца

Звычайна ў дзень хатынскай трагедыі – 22 сакавіка – ля абеліска ў вёсцы Мошкі збіраецца шмат народу. Сюды, каб ушанаваць памяць аб тых, хто памёр гвалтоўнай смерцю ў снежні 1942 года, прыязджаюць прадстаўнікі ўлады, вучні, настаўнікі, моладзь, ганаровыя грамадзяне раёна, работнікі арганізацый, ветэраны працы і г.д. З іх удзелам на месцы знішчанага ў агні населенага пункта праводзіцца мітынг з выступленнямі, ускладваннем кветак і хвілінай маўчання.

Стук метранома тады зліваецца з рытмам сэрца кожнага прысутнага. У дарослых яно сціскаецца ад прыкрага ўсведамлення – хутчэй за ўсё нехта СВОЙ прывёў ворага ў Мошкі, бо толькі той, хто добра арыентаваўся ў гэтай мясцовасці, мог сюды патрапіць. Выпадкова зрабіць тое немагчыма. Слушнасць дадзенай высновы праверана не на адным падарожніку, у тым ліку добра знаёмым з ляснымі сцяжынкамі куточка, пра які вядзецца гаворка.

– Бачыце, вунь той лясок, туды і трымайце курс. Там знойдзеце Мошкі, – аднойчы заспакоіў мяне дзядуля з суседняй Загуты.

Здавалася, усё проста – галоў-нае, зрабіць у правільным месцы паварот. Аднак ступіць на зямлю, якая спазнала столькі людскога гора, якую знішчылі за святую справу абароны сваёй радзімы, давялося нават не за другою спробаю. І гэта пры ўсім тым, што меўся, здавалася б, надзейны «навігатар» – нашчадак таго, хто цудам у той трагічны дзень застаўся ў жывых, чалавек, які неаднойчы сюды сам прыязджаў, прывозіў сваіх дзяцей. Разам яны размаўлялі з Андрэем Васільевічам Эйсмантам, Пелагеяй Лук’янаўнай Папко, якія былі апошнімі жыхарамі хутара Мошкі. Ды і сённяшняя інфраструктура з асфальтаваным пакрыццём на добрым адрэзку шляху, дагледжанымі сельскагаспадарчымі палеткамі таксама спрыяла знаходжанню гэтага з пакутным мінулым населенага пункта Іванаўскага раёна.

Пэўны кавалак дарогі давялося ісці пешшу. Леваруч знаходзілася грэчневае поле. Яно было падобна на кветкавы дыван, жаданымі гасцямі якога былі руплівыя пчолы. З правага боку – лясны гушчар. Мала ўтаптаная лясная дарога акуратна ўпісвалася паміж гэтымі «аб’ектамі». Крок за крокам – зарослы лес застаецца ззаду, а ландшафт мясціны істотна мяняецца. Погляд спыняецца на бетонных слупочках, з якіх фактычна пачынаюцца знішчаныя ў 1942-м годзе Мошкі. Побач – чатырохузроўневы мемарыял на бетонным падмурку з пяціканцовай зоркай уверсе. На мармуровай пліце ў алфавітным парадку пададзены спіс ахвяр. Чамусьці грудное дзіцятка ўказана пасля Альшэўскіх. Можа быць, яно было спадчыннікам гэтай сям’і, прадаўжальнікам роду Альшэўскіх? Гэтае, як і многія іншыя пытанні, застануцца ў паветры. На іх цяпер цяжка знайсці адказы.

Іванаўская Хатынь

Такое параўнанне абумоўлена аднолькавым трагічным лёсам беларускіх вёсак, назвы якіх даўно ўжо адсутнічаюць на тапаграфічных картах, але застаюцца навечна ў памяці нашчадкаў.

Не сплятаць дзяўчыначкам
у вянкі валошкі,
Не збяруцца родзічы ў свята за сталом:
З цішынёй заручана вёска
з назвай Мошкі,
Спіць і днём, і ночкаю
непрабудным сном.
З галавой накрылася цяжкаю зямліцай,
Крыж над ёй прыгнечана
рукі распластаў,
Сосны плачуць гонкія сумнаю ігліцай
Пад уздыхі скрушныя ветравых актаў.
Выбралася вёсачка
з дзіўнай назвай Мошкі
На самотны могільнік, дзе тугі спачын.
Ганны, Соф’і, Лідзіі, Пеці ды Сярожкі
Стрэламі пакладзены ў цемру дамавін…

(Урывак з верша-прысвячэння «Мошкі – сястра Хатыні» Ірыны Саломкі)

P.S. Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Рыгору Рыгоравічу Сыраватка, Марыі Сцяпанаўне Леанюк, жыхарцы аграгарадка Снітава, работнікам Гарбахскага сельвыканкама.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика