Главная - Новости - Главные новости - Галасы палескай самабытнасці: майстар Павел Райкевіч

Галасы палескай самабытнасці: майстар Павел Райкевіч

Галасы палескай самабытнасці: майстар Павел Райкевіч

Чайка, барка, крыпа, пласкадонка – так у розных мясцовасцях на Берасцейшчыне называюць самаробную драўляную лодку. Дзе-нідзе на Палессі сустракаюцца майстры, якія ведаюць сакрэты ўнікальнага рамяства і займаюцца справай па сённяшні дзень. Павел Райкевіч з Моталя, што на Іванаўшчыне, – адзін з такіх. Калі сабраць разам усе яго пласкадонкі, зробленыя за трыццаць з нечым год, а гэта недзе 150 штук, – можна замахнуцца на правядзенне вялікага спаборніцтва.

 

Майстар Павел

 

Сябраваць з дрэвам – сасной, елкай, дубам, якія неабходныя для вырабу лодак, Паўла Паўлавіча навучыў бацька – Павел Дзмітрыевіч. Настаўнікам для таго ў свой час быў родны дзядзька Іван.

 

– Лодкай і канём раней перавозілі сена, салому, дровы, іншае. Да чэрвеня тут, дзе зараз стаіць мая хата, а гэта мясцовасць па-колішняму завецца «Осэлыца», усё плавала. Дзякуючы лодцы перапраўляліся куды трэба. Так было да той пары, пакуль не правялі меліярацыю. Увогуле, для маталян лодка – гэта жыццё. Жывём жа ля вады, – расказаў Павел Райкевіч.

 

 

 

Ён – самы малодшы сын у вялікай сям’і, дзе гадавалася ажно восем дзяцей. У Паўла Паўлавіча, якому цяпер пяцьдзясят восем год, ёсць два спадчыннікі – Аляксандр і Сяргей.

 

– Старэйшы мяне пераплюнуў ужо ў нечым. Аднак лодкі – пакуль не іх стыхія. Ну, і не кожны, хто нават вельмі жадае займацца вырабам пласкадонак, адужае гэту навуку. Доўга і, на жаль, безвынікова, прыходзіў да мяне, каб навучыцца іх вырабляць, адзін мужчына – майстар ого які! Такога пашукаць патрэбна. Сустракаў жанчын, якія засвоілі, здавалася б, чыста мужчынскія прафесіі, напрыклад, былі добрымі печнікамі. Але каб яны рабілі лодкі – такога яшчэ не чуў, – удакладніў суразмоўца.

 

Сакрэты лодачніка

 

Майстар-лодачнік расказаў, што некалі ў яго было ад трох да пяці рабочых лодак. Пласкадонку гаспадар звычайна не замыкае.

 

– Мая лодка знаходзіцца на возеры, і каму з мясцовых патрэбна, той спытае дазволу ёю пакарыстацца. Звычайна просяць рыбакі. Яны, а таксама ўладальнікі сядзібаў – мае асноўныя заказчыкі. Аднак попыт на лодкі непастаянны. Бывае доўга няма замоў, а потым у адзін момант усім спатрэбяцца, – апавядае Павел Райкевіч.

 

Пяць дзён неабходна Паўлу Райкевічу цяпер, каб змайстраваць пласкадонку. Дарэчы, важыць яна каля трохсот кілаграмаў.

 

 

 

– Самае галоўнае – надвор’е. Раней было накрыццё, каб на выпадак дажджу не мокла дрэва. Аднак лодка павінна дыхаць. Свежае паветра – яе лепшы сябар. Таму прыбраў накрытую майстэрню, – кажа Павел Паўлавіч.

 

Абавязковай умовай для атрымання канчатковага высакаякаснага тавару з’яўляецца матэрыял, з якога пласкадонка робіцца. Дрэва лепш нарыхтоўваць зімою ў вялікія маразы – тады яно не будзе лопаць, і лодка праслужыць два, а то і тры дзясяткі гадоў. Выдатна, калі яно – «доўгажыхар», бо ад узросту дрэва залежыць структура валокнаў. Дзейнічае прынцып: чым старэйшае дрэва, тым яно больш трывалае. Найлепшая – лодка з сасны. Яшчэ добра, калі дрэва расце ў густым лесе. Ствол тады робіцца чыстым.

 

– Працаваў з елкай, ліпай, дубам, сасной. З елкі, напрыклад, лодка атрымліваецца лёгкая. Аднак з гэтым матэрыялам працы многа, асабліва, калі дрэву няма ста гадоў – у ім сучкоў багата. Я ўжо вопытны, і складанасцяў, зрабіць, скажам, дно ці выгнуць барты, не ўзнікае. А вось навічку ўсё будзе цяжка. На першую самастойную работу мне спатрэбілася нямала часу – ажно тры тыдні. Тады мне было недзе 22 гады, – удакладніў майстар.

 

За парадкам

 

У Паўла Дзмітрыевіча Райкевіча, які трыццаць тры гады адпрацаваў брыгадзірам рыбалавецкай брыгады ў Моталі, дрэва было нарыхтавана на пятнаццаць лодак. Як толькі тэрмометр апускаўся да адзнакі ў дваццаць і больш градусаў, бацька збіраў цэлую каманду мужчын-волатаў – і ўсе выпраўляліся ў лес. Потым спілаваныя дрэвы рэзаліся на дошкі і «адлежваліся» пад дажджом і ветрам, пасля вымочваліся на працягу двух-трох тыдняў у вадзе. З першым цяплом у ход ішлі інструменты – спуст, кавадла, модла, гэблык, доўбня.

 

Спярша з абалоні, блізкага да кары слоя, робіцца дно. Затым майстар-лодачнік «хітруе» з касіной. Потым надыходзіць чарга носіка і пухі. Носік, ці пярэдняя частка, – больш востры: ім рэжацца вада. На пуху, яна шырэйшая, вешаецца матор. Потым лодка абгінаецца. Робяцца какоры. Яны трымаюць дно і барты. Функцыя какор – балансіроўка рачнога судна. Ад даўжыні лодкі залежыць іх колькасць. Усе этапы паўтараюць бацькоўскі падыход да вырабу драўляных пласкадонак, але для таго, каб швы лепш трымаліся, у апошні час Павел Райкевіч карыстаецца таксама герметыкам.

 

 

 

– Аднойчы да мяне звярнуліся з пытаннем, чаму лодка не рухаецца па вадзе. Прыйшлося растлумачыць гасцям, якія таму, хто яе рабіў, загадалі адну дошку ў дне развярнуць «няправільным» бокам. На пуху паставілі тым, што з камля. У падарунак атрымалі «непаслухмяны» тавар. Мне бацька казаў пра гэты сакрэт. Лепш так не эксперыментаваць, – падкрэсліў Павел Райкевіч.

 

Рыбак, лодачнік, кулінар

 

Дзіўна, але з дрэвам майстар працуе без пальчатак. Як вынік – стрэмкі, у Моталі на іх кажуць «спыцы», у пальцах утвараюць карагод.

 

– Добра, што лазня свая, і ў парыльні «спыцы» самі вылазяць. Спрабаваў неяк карыстацца пальчаткамі, аднак тады дрэва, ну, так сказаць, яго душу не адчуваю, – расказаў Павел Райкевіч.

 

Летась ён зрабіў тры лодкі. У гэтым годзе, з улікам правядзення 12-13 жніўня гастрафэсту «Мотальскія прысмакі», замахваецца на пяць-сем пласкадонак. Аднак паколькі Павел Райкевіч яшчэ працуе, планы сур’ёзна можа падкарэкціраваць работа.

 

 

Павел Паўлавіч у 1990-х гадах таксама працаваў ад калгаса брыгадзірам рыбалавецкай брыгады. У Мотальскім возеры, якое завуць яшчэ Бацюшкіным, тады лавілі рыбу і жывой яе прадавалі. Пасля брыгаду закрылі. Кажучы сучаснай мовай, адбылася аптымізацыя.

 

– Наша возера хоць ілістае, але рыба тут смачная. Я быў многа дзе: і на Поўначы, і ў Карэліі. Але такіх смачных, як мотальскія лінкоў, шчупакоў, яршоў, карпаў, ляшчоў, таўсталобікаў, не еў нідзе. Дарэчы, гатаваць рыбу таксама люблю. Умею гэта рабіць любым спосабам. І рыбак я добры, – удакладніў суразмоўца.

 

 

Аднак, чым бы ні займаўся Павел Райкевіч, на ўсё патрэбна мець настрой. І на тое, каб змайстраваць добрую пласкадонку, якая праслужыць людзям доўгі век, абавязкова трэба натхненне. Няхай сабе і рабочае.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика