Главная - Новости - Главные новости - «Дразды» спяваюць, каб беларусы былі дружнай, мірнай і шчаслівай нацыяй

«Дразды» спяваюць, каб беларусы былі дружнай, мірнай і шчаслівай нацыяй

«Дразды» спяваюць, каб беларусы былі дружнай, мірнай і шчаслівай нацыяй

Гэты калектыў уварваўся на беларускую сцэну васямнаццаць гадоў таму. Раней яны спявалі пра «Кеды» і «Мора», яшчэ пра «Крызіс», «Дэнаменацыю», «Шчасце». Прайшоў час, і «Дразды» схапілі патрыятычную хвалю. У рэпертуары з’явіліся новыя трэкі, дзякуючы якім гурт высока ўзляцеў у творчым палёце. Карэспандэнт скарысталася магчымасцю і пагаварыла з лідарам «Драздоў» Віталем Карпанавым перад канцэртам, які ладзіўся 15 ліпеня ў Іванава.

 

Віталь, адна згадка пра вас настройвае на пазітыў. Чалавек-свята – гэта прыдуманы сцэнічны вобраз ці ваша сутнасць?

 

– Сам па сабе я – вясёлы чалавек. Таму першае, што кідаецца ў вочы ўсім, – весялосць, запал. Гэта адна частка мяне. Але я бываю розным, таму што немагчыма ўвесь час фантаніраваць неўтаймоўнай энергетыкай. Другая мая частка здольна выклікаць у іншых сум на твары, нават слёзы. Іх часам бачу, калі людзі слухаюць і спяваюць песні «Мама», «Сланечнік», «Вёска». Калі гаварыць у глабальных маштабах, то свету не хапае любові, дабрыні, разумення. Сённяшняе запатрабаванне нашага гурта, напэўна, і выклікана тым, што мы нясём у масы добрае, светлае, пазітыўнае.

 

За амаль два дзесяцігоддзі на сцэне «Дразды» неаднойчы, гаворачы арніталагічнай мовай, змянілі творчае апярэнне.

 

– Артыст увесь час у пошуку. Большасць прыхільнікаў чакае ад спевака чагосьці простага, лёгкага, немудрагелістага. Быў час, калі мы забаўлялі публіку вясёлымі кампазіцыямі тыпу «Кеды-паўкеды», «Не танцую», «Балі». Мы доўга эксперыментавалі. І гэта адзін перыяд нашай творчасці. Меладычныя, сумныя песні – самі па сабе прыгожыя, аднак іх шлях цяжкі, таму драматычныя творы ў выкананні «Драздоў» чакалі свайго часу. Разам з тым, гэта былі пошукі той, адзінай, песні, якая выводзіць любы ансамбль на новы ўзровень. Калі ў 2021 годзе з’явілася «Хата бацькоў», тады я адчуў сябе паўнавартасным артыстам.

 

 

Раскажыце, як яна стваралася, хто аўтар?

 

– Гэта песня майго аўтарства. Спярша быў напісаны адзін слупок і прыпеў кампазіцыі. У жытнёвым полі, калі ехалі на канцэрт у Светлагорск, зрабілі яе імправізацыю-рэпетыцыю. Творчы экспромт выкінулі ў інтэрнэт. Быў шквал лайкаў, рэпостаў.

 

– Як даўно схапілі беларускую хвалю?

 

– Пашану да беларускасці яшчэ ў школьныя гады мне прывіла класны кіраўнік і адначасова настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Бернардаўна Рослік. Сярод творцаў такі прыклад далі «Песняры» і Уладзімір Мулявін, які на высокі ўзровень узняў беларускую культуру. Што датычыць «Драздоў», то песні на роднай мове пачаў пісаць у 2014 годзе. Калі сталееш, пачынаеш звяртаць увагу на свае карані. Цяпер разумею, што самае вялікае шчасце – стаць беларускім артыстам на радзіме.

 

– Апошнім часам «Дразды» многа падарожнічаюць з выступленнямі ў малыя гарады і нават вёскі.

 

– З сям’ёй жыву ў сталіцы. Але мая малая радзіма, дзе знаходзіцца бацькоўская хата, вёска Сівіца ў Валожынскім раёне. Туды езджу даволі часта. Пасля ў Інстаграм выкладваю ролікі з тых паездак. У беларускай вёсцы адпачываю душой, плюс ідзе творчае напаўненне. Калі ехалі да вас, мяне вельмі здзівіла адно месца. У вёсцы Аброва, што ў Івацэвіцкім раёне, на дрэве было шэсць ці сем буслянак. Упершыню такое бачыў.

 

– Якая яна – публіка ў мегаполісах і на ўскраіне?

 

– Калі ў двух словах – то розная, але ўдзячная. Бываючы цяпер у вясковых Дамах культуры, часта ўспамінаю свае дзіцячыя гады. Мне становіцца і прыемна, і балюча адначасова. У тыя часы самадзейнасць кіпела сярод СДК. Неаднойчы падчас тых сустрэч у душы зараджалася мара – стаць артыстам. Правадніком у шоу-бізнес пасля стала балалайка.

 

Сёння, калі мы адгукаемся на любыя залы – вялікія і малыя, асаблівае пачуццё з’ўляецца і тады, калі выступаем у маленькіх населеных пунктах. Прыемна, калі людзі прыходзяць і спяваюць разам з намі. Адным словам, на душы хораша ад таго, што мы дорым свята, радасць публіцы.

 

– Падзяліцеся творчымі планамі?

 

– Ужо запісаны новы дыск «Беларусь ты мая». Альбом складаецца з песень, напісаных у сааўтарстве з паэтам Леанідам Пранчаком. У продажы дыск з’явіцца ўвосень.

 

– Што для вас важна ў жыцці?

 

– Па-першае, чым больш я жыву, тым мацней люблю Беларусь. І таму жадаю, каб разам мы захавалі нашы нацыянальныя набыткі – мову, культуру, дзяржаву. Мару таксама, каб мая сям’я была шчасліваю, а сыны ў будучым абавязкова знайшлі сябе тут, на радзіме.

 

Калі гаварыць пра гурт, то мы працуем на славу Беларусі. Мы хочам, каб у нашай, маю на ўвазе, беларускай сям’і былі згода і паразуменне. «Дразды» выступаюць у тым ліку для таго, каб кожны, хто прыйшоў на наш канцэрт, паглядзеў у вочы брату-беларусу і зразумеў, што другой «хаты бацькоў» у нас не будзе. Трэба жыць і сябраваць пад гэтым сцягам, шануючы гэту ўладу, рабіць усё для таго, каб быць дружнай, мірнай і шчаслівай нацыяй.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика