ПРОЕКТ «Забвения не будет».  Жабінкаўшчына ў агні, альбо Іскры вялікага пажару

Часы акупацыі, якія цягнуліся больш за тры гады, пакінулі глыбокі крывава-попельны след у Жабінцы і наваколлях. Да сваёй злачыннай справы карнікі прыступілі амаль з першых дзён акупацыі, пікам іх дзейнасці сталі 1942 і 1943 гады. Вядомасць набылі падзеі ў вёсцы Драмлёва, якая была спалена 11 верасня 1942-га. Аднак не толькі ў драмлёўскім агні гінулі дамы і людзі: яшчэ 17 населеных пунктаў Жабінкаўшчыны карнікі абрабавалі і знішчылі ў перыяд вайны на нашай шматпакутнай зямлі.

Код памяці

Нярэдка вельмі цярністым бывае шлях да гістарычнай памяці. Каб па ім дайсці да ісціны, часам не хапае гадоў і нават дзесяцігоддзяў. У гісторыі, пра якую раскажам, на шчасце, часу хапіла.

Усё пачалося напрадвесні 2019-га, калі ў рэдакцыйную скрыню Жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда” прыляцеў ліст з высокіх гор. Адрасата звалі Павел Сідарук, ён жыў у сталіцы Кабардзіна-Балкарыі горадзе Нальчыку, дзе ўзначальваў грамадскі рух “За яднанне, сябры!”

Павел Фёдаравіч павітаўся і патлумачыў, што Жабінкаўшчына для яго – край дарагі. Тут яго малая радзіма, з якою развітаўся яшчэ ў 1960-я гады. Але ж па-ранейшаму жыве ў ягонай душы і сэрцы адчуванне шчырай любові да родных Мышчыц ды ўсёй нашай сінявокай Беларусі. Між іншым аўтар пісьма спытаў: ці вядома ў Жабінцы хоць нешта пра трагедыю хутара (або фальварка) Янопаль?

Наш суайчыннік з Нальчыка нарадзіўся пасля вайны, аднак не раз чуў ад старэйшых, якія жылі ў акупацыі, што жыхары таго фальварка загінулі ад рук карнікаў. Акрамя жабінкаўскіх журналістаў з падобнай просьбай Павел Сідарук звярнуўся і да супрацоўнікаў мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Маўляў, жыццё і смерць янопальцаў шмат у чым паўтарылі лёс хатынцаў – абодва населеныя пункты зніклі ў агні, абодва пасля вайны ўжо не адрадзіліся. Ды ёсць істотная розніца: Хатынь ведаюць-згадваюць ва ўсім свеце, а вось успаміны пра Янопаль амаль зусім сцёрліся з памяці…

Павел Сідарук першым згадаў пра ахвяры Янопаля

Пытанне, узнятае земляком, падштурхнула да пошуку. Хутка “загаварылі” архіўныя справы, знайшліся і сведкі, якія захавалі скупыя звесткі пра трагедыю, што адбылася напрыканцы верасня тысяча дзевяцьсот сорак трэцяга года.

Высветлілася, што да вайны Янопаль быў у складзе Рагазнянскага (цяпер Ленінскага) сельсавета. Бяда, якая паставіла крыж на жыццях янопальцаў, прыйшла ў чацвер 30 верасня 1943 года.

У кнізе “Памяць” Жабінкаўскага раёна, якая ўбачыла свет роўна чвэрць веку таму, былі пералічаны імёны ахвяр янопальскай трагедыі. А ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці адшукаўся “Спіс грамадзян СССР, што пражывалі ў Рагазнянскім сельсавеце, якія расстраляны, замучаны і вывезены нямецкімі фашыстамі ў Айчынную вайну ў Германію”. Гэты рукапісны дакумент, складзены ў двух экзэмплярах у канцы студзеня 1945 года ў Жабінцы, праліў святло на даўнюю падзею. У спісе пералічаны 11 чалавек, расстраляных у Янопалі.

Першай значыцца сям’я Васіля Мілешкі (1919 года нараджэння) і яго жонкі Марыі (1920), якія гадавалі маленькіх дачушак Машу (1939) і Зіну (1941). Усю гэтую сям’ю, абвешчаную “памагатымі лясных бандытаў”, спапялілі ў хаце. Падобны лёс чакаў у згаданы трагічны дзень Марыю Куратовіч (1917 года нараджэння) і яе дачку Кацю (1941), Пятра Лісковіча (1894 года нараджэння) і яго сына Васіля (1929), а таксама дваццацігадовую Антаніну Філанюк. Апошнімі ў дакуменце былі пазначны (не зусім разборліва) Міхаіл Боня (ці Боква?) са сваёй пажылой цешчай. На помніку, што ўсталяваны ў лесе (на вясковых чыжэўшчынскіх могілках), ёсць надпіс па-руску: “Вечная память погибшим от рук немецко-фашистских палачей в имении Янополь 30. ІХ. 1943 г.”. Ніжэй – няпоўны пералік забітых і фотаздымак жанчыны. Па ўзросце з пералічаных гэта можа быць толькі партрэт яе, безыменнай Міхайлавай цешчы. Карнікі не мелі літасці, кідалі ў палаючыя будынкі і старых, і малых…

Пра абставіны трагедыі расказваў старажыл вёскі Чыжэў-шчына Фама Сірацюк: “Іх забілі за сувязь з партызанамі, а хутар спалілі. Няма ўжо таго Янопаля”. Сышоў у вечнасць і сам старажыл. Цяпер нагадвае пра колішні населены пункт хіба што назва ўрочышча Янопаль, якое знаходзіцца паблізу Чыжэўшчыны.

Усё, што стала вядома, паведамілі ў лісце Паўлу Сідаруку. Усхваляваны, ён адгукнуўся амаль адразу і выказаў удзячнасць за дапамогу ў захаванні памяці пра Янаполь. Акрамя таго, паведаміў: “Я напісаў у Нацыянальны архіў Беларусі: яго супрацоўнікі – мадэратары электроннай базы дадзеных “Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны”. Перадаў дакументы, адшуканыя вамі. Гэта стала падставай для ўнясення фальварка Янопаль у згаданую базу дадзеных. Гэта можна ўбачыць на сайце. Мой саракагадовы боль і мая памяць знайшлі задавальненне ў зробленым. Гэта наш з вамі, паважаныя журналісты, уклад у справу вызвалення Беларусі ад фашыстаў і наша людское суперажыванне. Дзякую!”

Колькасць спаленых вёсак на галоўнай старонцы сайта пазначаецца чырвоным колерам. Яна паступова павялічваецца. Кожны раз, як толькі становіцца вядомым чарговы населены пункт, знішчаны ў вайну. У красавіку 2019-га чырванню на сайце гарэла лічба 9097. Пад гэтым “кодам памяці” значыўся ў Вогненным Спісе хутар (ці фальварак) Янопаль.

Ахвяры янопальскай трагедыі пахаваны ў Чыжэўшчыне

На днях зноў зазірнуў у той мартыралог нашых вогненных вёсак. На ім новая лічба – 9252. Гэты значыць, за пяцігодку сталі вядомы назвы яшчэ 255 знішчаных паселішчаў – выяўлены факты 255 трагедый, што адбыліся на беларускай зямлі ў агнявыя саракавыя.

Неслі смерць на святы

Аднак не толькі лісты становяцца крыніцамі сустрэч з цікавымі людзьмі – носьбітамі карысных успамінаў. Нараджэнец Рагозна Уладзімір Кірылавіч Верамяюк, які прыйшоў на свет за пяць гадоў да вайны, згадваў, што сям’я іх жыла не надта багата. Дзед па маці Іван Банецкі быў парабкам у пана, загінуў трагічна на каталіцкае Раство 1942 года, калі карнікі знішчалі жыхароў кобрынскай вёскі Ушкавіцы. Папярэдне ўсіх сагналі ў хлеў на расправу, ды прыехаў афіцэр-мадзьяр, даў загад выпусціць жанчын, а вось да мужчын літасці не праявіў. Карнікі куляў не шкадавалі. Дзве з іх трапілі ў Іванавы грудзі, яшчэ адна ўпілася ў цела, калі дабівалі.

Вяскоўцаў каралі за тое, што напярэдадні партызаны атрада імя Чарнака абстралялі на шашы нямецкія грузавікі. Хоць і было вялікае свята, акупанты схапілі мірных людзей і пралілі бязвінную кроў. Двухногія драпежнікі не давалі хаваць забітых, шукалі родзічаў, каб і з імі паквітацца. Вяскоўцы збеглі ў лес, а хаты іх спалілі ўшчэнт.

Зімняй ноччу Валодзя Верамяюк, тата, матуля і 14-гадовая цётка Зося паехалі на фурманцы на месца, дзе ляжаў забіты дзед. Паклалі на драбіны сена, каб схаваць цела. Пад покрывам ночы дарослыя неслі з поля на радне забітага Івана, а шасцігадовы хлопчык трымаў каня. Ехалі праз Хадасы, дзе ў школе размясціўся нямецкі пост. Сярод марознай ночы гучаў патэфон, у школе гарэла святло, а каля шлагбаўма стаяў вартавы.

– Жанчыны злезлі з воза і рушылі вакольнымі дарогамі, бо баяліся, каб іх не забралі немцы, – успамінаў Уладзімір Кірылавіч. – Фашысты абшукалі фурманку, патыкалі шомпалам у сена, ды не знайшлі цела. Мне немец даў кухталя, нешта прашвэргатаў і адпусціў. Калі з боку балота вярнуліся жанчыны, даехалі да рагазнянскіх могілак, дзе без усякай труны патаемна закапалі дзедава цела.

Верамеюкі нездарма асцярожна абміналі Хадасы, бо цудоўна памяталі, як яшчэ восенню 1942-га тут знішчылі сотні яўрэяў. Тыя брукавалі дарогу з Брэста на Кобрын. Лагер абнеслі калючым дротам, паставілі кулямётчыка. Як скончыліся справы – прыйшоў час расправы. Ахвяры адчулі, што назаўтра не ўбачаць сонца. Рвалі грошы, каб толькі не дасталіся яны забойцам. Перад расстрэлам пакутнікаў распранулі. Кулямётныя чэргі… Людзі, як падкошаныя, пасыпаліся ў агульную магілу, а забойцы буднічна ўпісалі ў справаздачу: расстралялі 461 яўрэя. У 2004 годзе амаль дзве сотні цел былі знойдзены пошукавым батальёнам. На тым месцы цяпер помнік.

Хадасы. Помнік яўрэям

У карнікаў нібыта нейкая патрэба была рабіць свае злачынствы ў святочныя дні: так было ў Драмлёве, знішчаным на Галавасек, так сталася і ў Рагозне. Святар мясцовага Свята-Узвіжанскага храма Мікалай Міхалоўскі быў схоплены за сувязь з партызанамі. На календары было 27 верасня 1943 года – вялікае свята Узвіжання Жыватворнага Крыжа Гасподняга. На прастольнае свята настаяцель павінен быў правіць набажэнства. Аднак ноччу каты прымусілі святара капаць сабе магілу паблізу храма. У той яме, хаваючы страшныя сляды, і закапалі яшчэ жывога чалавека… Цяпер, праз дзесяцігоддзі, адна з вуліц Жабінкі носіць імя Мікалая Міхалоўскага, пра яго ахвяру нагадвае шыльда на царкве. Храм новы: ранейшы ненадоўга перажыў свайго настаяцеля.

Як гарэла роднае сяло, зноў прыгадвае Уладзімір Верамяюк. Чарговы акт трагедыі разыграўся 21 снежня 1943 года. На шашы зноў была перастрэлка з партызанамі. Сяляне адчувалі, што сваю злосць акупанты ў чарговы раз могуць спагнаць на іх. Таму Рагозна амаль імгненна абязлюдзела. Хто застаўся ў вёсцы, вельмі хутка моцна пашкадаваў.

Як толькі сцямнела, раздаліся выбухі. Стралялі гадзіну. Арыенцірам была царква. Да поўначы ўсё быццам скончылася. Аднак гэта было падманлівае зацішша перад бурай. Пад покрывам цемені ў Рагозна ўехалі дзве машыны на гусенічным ходзе з нямецкімі салдатамі. Пачалася экзекуцыя. Ад самай крайняй хаты, якая належала Ніжнікам, карнікі метадычна паглыбляліся ў вёску, выганяючы людзей з жылля. Гітлераўцы разышліся па вёсцы і пачалі пускаць пад стрэхі жоўтыя ракеты. Жанчыны спрабавалі выносіць свае пажыткі, ды хутка кінулі дарэмную справу, бо на кон было пастаўлена жыццё.

Пасля Ніжнікавай надышла чарга Чарнейкавай хаты. На парозе з падушкамі стаяла гаспадыня Таццяна Фядосаўна. Забойца без разважанняў расстраляў яе з аўтамата. З трэцім і чацвёртым дамамі карнікам крыху не пашанцавала: накрытыя гонтай і бляхай, яны “адмовіліся” адразу гарэць. Затое наступная хата – Дзмітрыя Верамеюка – стала лёгкай здабычай і ўспыхнула адразу.

– Дзмітрый Філімонавіч быў стрыечным братам майго бацькі. Яго моцна параніла ў грудзі, але ж уратавалі, – працягваў свой горкі ўспамін Уладзімір Верамяюк. – Іншым членам яго сям’і пашчасціла менш. Як успыхнула Змітрава хата, забілі яго жонку Ганну Несцераўну, а ў падполлі сядзелі іх дзеці: Оля, Ваня, Ліда. Яны заварушыліся, і карнікі, пачуўшы, пачалі страляць. Трохгадоваму Івану куля прабіла левую руку, а дзесяцігадовай Вользе трапіла ў жывот і разарвалася ля пазваночніка. Дзяўчынка памерла, а малога Ванечку выратавалі, бо паспелі адвезці ў Жабінку да сваякоў, дзе вынялі кулю і выхадзілі.

Іншым рагазнянцам пашчасціла менш… Значна менш… Ганне Аляксееўне Клімук споўнілася ўсяго сорак, калі яна развіталася з жыццём. Найстарэйшая сярод загінулых Яўфімія Цімафееўна Сац паспела размяняць шосты дзясятак, але таксама не перажыла той гарачы зімні дзень сорак трэцяга года. Дом Сацаў палаў ужо, і жанчына паспела выскачыць за родны парог, ды далёка збегчы не дазволіла куля. Яшчэ адной ахвярай злачынцаў стала Фіміна стрыечная сястра Дар’я Сац, па-вясковаму – цётка Дарка. Карнікі і для яе не пашкадавалі кулі. Жанчыну толькі паранілі, але прастрэленая рука загнаілася, і цётка хутка памерла, як і Фёкла Ніжнік, якой было прыблізна сорак тры гады. Ва ўсёй вёсцы застаўся толькі адзін некрануты калодзеж, астатнія немцы закідалі гранатамі. Мабыць, каб не было чым тушыць-заліваць полымя. Аднак падаспелі партызаны-чарнакоўцы, і карнікі не змаглі давесці сваю чорную справу да канца.

На “Могілках вёсак” і “Дрэвах жыцця”

Забойцы не дазвалялі адразу несці забітых на могілкі. Гэта вяскоўцы рабілі патаемна. Удава айца Мікалая таксама прасіла акупантаў годна пахаваць мужа, ды пачула ў адраз катэгарычнае “Найн!”. Пасля вайны сваякі перавезлі яго астанкі і перазахавалі іх каля Чаравачыцкай царквы. На магільным помніку пад партрэтам святара-пакутніка лаканічны надпіс: “Замучаны немцамі”.

Яшчэ больш часу спатрэбілася, каб адшукаць астанкі яўрэяў, забітых пад Хадасамі. 21 кастрычніка 1942 года, калі паблізу шашы быў знішчаны працоўны лагер, за сотню метраў ад яміны, у якую падалі ахвяры, ляжаў, уздрыгаючы ўсім целам ад кулямётнага ляманту, чалавечых праклёнаў і стогнаў, маленькі чалавек. Хадасоўскі пастушок Валодзя Барташук бачыў усё і запомніў на ўсё жыццё. А калі стала магчыма, расказаў пра злачынства, каб аднойчы сярод высокіх сосен паў-стаў каменны помнік.

Памяць пра трагедыю жыхароў Рагозна і ахвярны подзвіг настаяцеля захоўваецца сярод людзей і ў ХХІ стагоддзі. Супрацоўнікі пракуратуры і краязнаўцы пакрысе аднаўляюць абставіны, што прывялі да частковага знішчэння іншых вёсак раёна. Сярод іх – Ракітніца і Залуззе, Карды і Канатопы, Азяты і Алізараў Стаў, Старое Сяло і Пералум’е, Федзькавічы і Якаўчыцы.

Гэтай вясной я пабываў у Хатыні, шукаў месца, дзе захоўваецца зямля з пакутнай вогненнай вёскі Драмлёва. Знайшоў амаль адразу, сфатаграфаваў “Могілкі вёсак”. У кадр трапіла частка мемарыялу “Дрэвы жыцця” са спісам вёсак, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны. Пачаў чытаць і амаль адразу ўбачыў назву жабінкаўскай вёскі – Ацячызна. Яна таксама стала адной з іскрынак вялікага пажару, распаленага карнікамі. І хоць цяпер няма на карце такой назвы, але Ацячызна не загінула, а адрадзілася, стала буйным аграгарадком Ленінскі, які з на-дзеяй пазірае ў будучыню.

 Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з яго архіва

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика