У Івацэвічах урачыста стартаваў XXXI Дзень беларускага пісьменства

Тое, што адбылося падчас адкрыцця артаб’екта “Дзеці лясной школы”, ні прапісаць у сцэнарыі, ні зрэжысіраваць проста немагчыма. Калі на фінальнай ноце святочнай імпрэзы занятыя ў ёй школьнікі выпусцілі ў неба галубоў, адна з птушак, пакружыўшы ў паветры, прысела акурат на расчыненую бронзавую кнігу, над якой схіліліся маленькія бронзавыя чытачы, і доўга так пазіравала, не саромеючыся павышанай цікавасці рэпарцёраў. Усе ўспрынялі гэта ў якасці знака звыш: справу мы робім сапраўды высакародную – сеем хлеб, гадуем дзяцей, будуем мірную краіну, і слова наша друкаваное будзе жыць вечна!

Традыцыйна старт святочным мерапрыемствам дала рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў”. Сёлета з 28 жніўня па 1 верасня яна кіравалася па маршруце Мінск – Святое Поле, што каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна, – Ляхавічы – Пінск – Іванава – Драгічын – Белаазёрск – Івацэвічы і завяршылася ўчора ў храме іконы Божай Маці Дзяржаўная перадачай Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга з Незгасальнай лампады, якую пранеслі паломнікі.

З суботняга ранку сталіца прыгожага, сапраўды дзяржаўнага свята заззяла ўсімі адценнямі гасціннасці. У цэнтр горада, памаладзелага і сонечна-прыгожага, народ пацягнуўся ў прадчуванні падзей і прыўзнятай атмасферы.

І сапраўды, тут не толькі было на чым спыніць вока, але таксама пагутарыць з цікавымі суразмоўцамі, дакрануцца да проста-такі ўнікальных рэчаў, урэшце, паласавацца прысмакамі на любы густ. На цэлы кіламетр па вуліцы Леніна разгарнулі свае пляцоўкі бібліятэкі Брэсцкай вобласці, рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі, пляцоўка “Турыстычны патэнцыял Брэсцкай вобласці і Івацэвіцкага раёна”. Свае экспазіцыі таксама прэзентавалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, літаратурныя музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, замкавы комплекс “Мір” і іншыя ўстановы, якія можна было наведаць, не сыходзячы з галоўнай вуліцы Івацэвічаў.

Традыцыйны фестываль кнігі і прэсы, які працягне сваю работу і заўтра, прадстаўлены тэматычнымі павільёнамі “Сучасная Беларусь”, дзе сустракае выстава, прысвечаная 30-годдзю беларускай дзяржаўнасці, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інстытуту прэзідэнцтва; да 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымеркавана экспазіцыя “Беларусь памятае”; пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі” можна знайсці на стэндах выставы, прысвечанай сёлетняму Году якасці; на інтэрактыўнай пляцоўцы “Слова пісьменніка” ладзяцца прэзентацыі, аўтограф-сесіі, творчыя сустрэчы з аўтарамі, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Цікавасць выклікала экспазіцыя ААТ “Белкніга”, дзе наладзілі продаж навінак літаратуры – літаратурна-мастацкай і публіцыстычнай, дзіцячай, вуэбна-метадычнай, школьна-пісьмовых выданняў, канцтавараў і сувеніраў. Не меншы інтарэс і да прадукцыі, якой гандлюе Белсаюздрук. Кіпела жыццё ў Горадзе майстроў, дзе самабытныя творцы не толькі гандлявалі сваім эксклюзіўным таварам, але і ладзілі майстар-класы, вучылі народ рамёствам продкаў.

А тым часам у гарадскім Доме культуры знаўцаў і аматараў сабрала навукова-практычная канферэнцыя “Івацэвіцкія чытанні”, падрыхтаваная Міністэрствам Інфармацыі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, своеасаблівым аздабленнем якой стаў гала-канцэрт пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».

Побач на пляцоўцы аматараў жывапісу запрасіў вернісаж мастакоў Брэстчыны і расчыніў дзверы кінатэатр пад адкрытым небам, дзе адбылася прэзентацыя фільма «Брестская крепость» з удзелам генеральнага прадзюсера, аўтара ідэі, кінарэжысёра, акцёра, народнага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Угольнікава, а таксама
эксклюзіўны паказ дакументальнага фільма “Приказано жить”, прысвечанага камандзіру 112-га партызанскага атрада Аляксею Чарткову, які змагаўся з ворагам на івацэвіцкай зямлі.

Урачыстасці працягнуліся на пляцоўцы каля Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Тут адбылося адкрыццё кабінета камп’ютарна тамаграфіі.

– Вы добра ведаеце, што ў нашай краіне на ўзроўні Прэзідэнта, урада Республікі Беларусь здзяйсняецца кантроль за работай сферы аховы здароўя. Створана пастаянная камісія, якая курыруе гэтую дзейнасць. Ёсць адпаведная праграма, накіраваная на развіццё аховы здароўя ў краіне. Не выключэнне і наша Брэсцкая вобласць, – падкрэсліў Пётр Пархомчык, звяртаючыся да калектыва медыкаў. – Для дасягнення пастаўленых мэт выдзяляюцца вялікія дзяржаўныя сродкі. У бліжэйшыя два-тры гады ў сферу аховы здароўя з бюджэта будзе ўкладзена больш за 500 мільенаў рублёў. Гэтыя сродкі накіроўаюцца на Брэсцкую абласную бальніцу, Пінскую бальніцу, закрануць таксама ўстановы невялікіх населеных пунктаў, да прыкладу, Давыд-Гарадка. Такая сістема дае сур’езны вынік, што якраз дазваляе праводзіць неабходную работу па дыягностыцы, выяўленні розных хвароб на ранніх стадыях. Напрацягу доўгага часу паслуга тамографа аказвалася за межамі Івацэвічаў – у бліжэйшыя гарады даводзілася вазіць штогод 500-600 жыхароў рэгіёна. І, нарэшце, такая неабходная паслуга прыйшла і да вас непасрэдна. У сённяшні Дзень пісьменства гэта добры падарунак вобласці і рэгіёну. На падрыхтоўку тут затрачана больш за пяць мільёнаў дзяржаўных рублёў.

У сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Гука крыху пазней была адкрыта сучасная спартыўная пляцоўка, якая каштавала бюджэту прыкладна 300 тысяч рублёў. А ў дадатак Петр Пархомчык падарыў школе тэлевізар і цэлую вязанку мячоў, падкрэсліўшы, што на такіх пляцоўках закладваецца падмурак здароўя нацыі.

Надзвывай урачыстым момантам стала цырымонія ўскладання кветак да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам у скверы Перамогі.

Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць абаронцаў. У працэсіі ўзялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Міністр інфармацыі Марат Маркаў, кіраўнікі ведамстваў краіны, вобласці і раёна, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і духавенства.

Тут жа, у скверы, перад вачамі высокіх гасцей разгарнуліся ваенныя падзеі, што адбываліся 80 гадоў таму на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна.

Яркі артаб’ект быў адкрыты каля абноўленай Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Піліпа Пестрака – “Кнігі, якія ляцяць”. Наступны – каля гарадскога Дома культуры. Як напамін аб тым, што ў партызанскім урочышчы Хаваншчына сярод івацэвіцкіх балот дзейнічала лясная школа, у якой, нагледзячы на ваеннае ліхалецце, вучыліся дзеці.

Кульмінацыяй першага дня свята ўвечары стала ўрачыстае адкрыццё XXXI Дня беларускага пісьменства.

Ігар Петрышэнка зачытаў прывітальны адрас гасцям і ўдзельнікам свята ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Благаславіў усіх на добры шлях Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін. Вітаючы прысутных, Петр Пархомчык адзначыў:

– Пяты раз Брэстчына становіцца спадарыняй Дня беларускага пісьменства. Гэта тым больш ганарова, што сёлета вобласць рыхтуецца адзначыць 85 гадоў са дня свайго стварэння. Нам прыемна сустракаць літаратараў, навукоўцаў, дзеячаў культуры, усіх гасцей, якія сабраліся ў гэтым прыгожым палескім куточку, каб ушанаваць роднае слова і нашу духоўную спадчыну. Берасцейцам таксама ёсць, што паказаць і падзяліцца сваімі багатымі культурнымі традыцыямі. У нас кожны раён, пасёлак, вёска маюць асаблівы каларыт, свае абрады, самабытную спадчыну і таленавітых землякоў, якія праслаўляюць родныя мясціны. Івацэвіцкі край, які з даўніх часоў быў прыцягальным цэнтрам культурнага жыцця, – не выключэнне. Тут цесна перапляліся розныя гістарычныя падзеі, жылі і працавалі многія творцы – пісьменнікі, краязнаўцы, мастакі. Гэтая зямля пакрыла сябе славай гераічнай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб чым сведчыць вядомы Мемарыяльны комплекс “Хаваншчына”, дзе размяшчаўся абласны партызанскі штаб, рэдакцыя і друкарня газеты “Зара”, лясная школа для дзяцей. Мы шануем усе нашыя здабыткі і беражліва іх захоўваем. Бо духоўная культура – гэта той фундамент, на якім мы будуем сваё жыццё, ствараем дабрабыт, умацоўваем сваю незалежнасць.

Заслужаныя ўзнагароды з рук Марата Маркава і старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Карлюкевіча атрымалі лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”.

Жыхары і госці Івацэвічаў адчулі сапраўдную асалоду ад святочнай праграмы, якая разгарнулася на галоўнай сцэне.

– Гэтае свята набыло ўжо па-сапраўднаму здяржаўнае значэнне. І шчырае духоўнае, чалавечае. Бо яно наглядна паказвае вытокі, якія сілкуюць чалавека. Мы шануем праўдзівае слова – беларусы заўжды стаялі за праўду, за справядлівасць. Таму нам вельмі важна і ў літаратуры, і ў кнігавыдавецтве захаваць усё тое, што было здабыта нашымі продкамі. Вялікую падтрымку дзяржава здзяйсняе ў плане кнігадрукавання – у тым ліку літаратуры на беларускай мове, для дзяцей і юнацтва. Пастаянна папаўняеюцца бібліятэчныя фонды. Мы крочым у нагу з навукова-тэхнічным прагрэсам, ідзе цыфравізацыя, але ўсё гэта не заменіць шчырасці друкаванай кнігі… Наша краіна ў кнігавыдавецтве ідзе шырокімі крокамі: толькі ў бягучым годзе на Міжнародным фестывалі краін СНД мы заваявалі пяць першых прэмій, дзве другія і адну трэцюю. Гэта гаворыць аб тым, што наша краіна чытае і ганарыцца ўзроўнем даступнасці кнігі – пачынаючы ад аграгарадка і заканчваюцы Нацыянальнай бібліятэкай. Дарэчы, у межах падрыхтоўкі да святкавання Дня пісьменства выпрацаваны комплекс мерапрыемстваў па падключэнні Івацэвіцкай раённай бібліятэкі да цэнтралізаванага фонда Нацыянальнай бібліятэкі… Мы бачым, як пераўтварыліся Івацэвічы. Інфраструктура горада застанецца і пасля свята, і людзі, безумоўна, будуць падтрымліваць тут парадак. А ў памяці захаваецца, што ўсё гэта было зроблена да XXXI Дня беларускага пісьменства, – зазначыў Ігар Петрышэнка.

Ірына АРЛОВА

Фота Юрыя МАКАРЧУКА

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика