Проект «ЗАБВЕНИЯ НЕ БУДЕТ». Дрэмле ў вечнасці Драмлёва

Ёсць у Жабінкаўскім раёне мемарыял, прысвечаны «вогненнай вёсцы» Драмлёва – гаротнай сястры Хатыні. Тут жыццё абарвалася амаль 82 гады таму, калі ранкам 11 верасня сорак другога, на свята Адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля, названае ў народзе Галавасекам, у Драмлёва ўварваліся карнікі. Больш у вёсцы свят не было – толькі трызны і жалобы. Драмлёўская зямля захоўваецца ў мемарыяльным комплексе «Драмлёва» і на ўнікальных хатынскіх «Могілках вёсак» сярод іншых паселішчаў, знішчаных нелюдзямі разам з людзьмі. Драмлёва і драмлёўцы загінулі дачасна, і душы іх адляцелі ў вырай, а целы закапаны на кладах суседняга сяла.

Горкі, але патрэбны ўспамін

Шэрым ранкам людзі (ці ўсё ж нелюдзі?) у шэрых шынялях уехалі ў Драмлёва. Гэтак світанак 11 верасня 1942 года стаў апошнім у лёсе вёскі і яе жыхароў.

Карнікі расстрэльвалі і палілі драмлёўцаў у чатырох хлявах. Жанчын, дзяўчынак і малых дзяцей – у клунях Андрэя Цэсліка і Якава Юрасіка. Мужчын і хлопчыкаў-падлеткаў – у гаспадарчых пабудовах Івана Кіслага і Міхаіла Леўчука. На месцы апошняй цяпер узвышаецца дзевяціметровы курган.

Некалькі абгарэлых трупаў ляжала на папялішчы хлява Мірона Ціханавіча Данілюка. У палаючых клунях матулі, спрабуючы ўратаваць немаўлятак, накрывалі іх сваімі целамі. Гэтак робяць птушкі. Так робяць і людзі.

Трохгадовага Сярожку Дзенісюка забойцы жыўцом кінулі ў калодзеж. Мужчын, што спрабавалі збегчы, касілі аўтаматныя чэргі і стрэлы з вінтовак. Параску Завяржэнец, якая бегла з суседняй вёскі ратаваць драмлёўцаў, застрэлілі і кінулі ў полымя. Гэтак у смяротным ахвярным агні маладая жанчына злучылася з бацькам (тым самым Міронам Данілюком), мачахай і малодшым братам ды іншымі аднавяскоўцамі.

У пякельным драмлёўскім полымі абарваліся жыцці 183-х чалавек. З іх сто тры мелі ўзрост да трыццаці гадоў.

У тым дыме захлынуліся найстарэйшыя жыхары «вогненнай вёскі» Фёдар Мікалаевіч Ярмашук і Ганна Піліпаўна Ляўчук, якія прыйшлі на свет яшчэ да адмены прыгоннага права. Свой першы год нараджэння не справілі Жэнечка Ляўчук, якой споўнілася ўсяго 58 дзён; Надзейка Алізарка, Аня і Надзя Юрасікі (мелі па дзесяць месяцаў). Самай маленькай драмлёўкай была Людміла Антанюк. 5 жніўня 2024 года ёй магло б споўніцца 82 гады. На жаль, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Таму Людачцы споўнілася толькі 38 дзён, і, паміраючы, яна яшчэ нічога не разумела, акрамя болю, што нясе агонь і жорсткі ўдар карніка.

Старажылы згадвалі не раз: 11 верасня (тады, як прыйшла бяда) было цёпла, нават горача, быццам лета вырашыла затрымацца на пару тыдняў. А потым, калі яркім факелам успыхнула вёска, стала зусім невыносна і млосна…

«Слухайце, я буду гаварыць»

Ніхто ў вачах катаў не заслугоўваў літасці. Дзяўчыну Надзею Гутко, дачку мясцовага паліцэйскага, паранілі з вінтоўкі, але не дабілі. Наступным днём бацька прыехаў з Жабінкі са старэйшым сынам Іванам і забраў яе ў сваякоў. Астатніх Гуткоў, як і іншых драмлёўцаў, знішчыў драмлёўскі зніч.

Жывымі засталіся толькі тыя, каму пашчасціла на Галавасек адсутнічаць у роднай вёсцы. Такіх было каля сарака чалавек, у асноўным – жанчыны, што пайшлі замуж у іншыя вёскі. Многія з іх цяпер ляжаць на Сцяпанкаўскіх могілках побач з брацкай магілай тых, хто загінуў на Галавасек. Нярэдка людзі, звязаныя лёсамі з гэтым днём, гінулі заўчасна. Так здарылася з драмлёўкай Верай Кулінчык. Гэтак адбылося са сцяпанкаўцам Іванам Завяржэнцам, якога пахрысціў бацюшка Леанід Дружылоўскі ў той самы час, калі ў суседняй вёсцы шугаў рукатворны пажар.

Па шчасці, ёсць прыклады і доўгага жыцця. Найстарэйшы драмлёвец Якаў Шпак пражыў 103 гады. Самая старая жанчына, у якой у пашпарце дасюль месцам нараджэння пазначана Драмлёва, – жыхарка Зеленкаўшчызны Вольга Данілаўна Краўчанка. Гэтай вясной яна адзначыла ў добрай памяці 99 гадоў зямнога жыцця.

Акрамя дачкі паліцая, 11 верасня 1942 года выйшлі з Драмлёва жывымі яшчэ чатыры хлопчыкі-падлеткі: Міша Данілюк, Міця Юрасік, Коля Ярмашук і Віталь Чахлоў. Мікалай Іванавіч і Віталь Сяргеевіч пакінулі па-сапраўднаму бясцэнныя ўспаміны. Гэта сапраўдны погляд праз агонь з тых хлявоў, дзе гарэлі людзі. Іх апошнія адчуванні, думкі, словы данеслі апошнія сведкі.

Адкрыццё драмлёщскага мемарыяла, 12 верасня 1982 года 

Калі восенню 2013 года я адшукаў Віталя Чахлова, ён свой расповед па скайпе пачаў словамі:

– Слухайце, я буду гаварыць…

І пачаў расказваць такія падрабязнасці, якія мог ведаць толькі той, хто быў у той час у тым месцы. Пацікавіўся ў суразмоўцы: «Як паводзілі сябе людзі перад пакараннем?»

На тое Віталь Сяргеевіч адказаў:

– Цёткі разважалі паміж сабой: «Мо яны нас сюды загналі, бо вёску рабуюць. Немцы ўжо адступаюць ад Масквы і, каб мы ім не перашкаджалі, тут замкнулі. Яны кароў, свіней, коней забяруць, тады нас і выпусцяць». Да апошняга ім не верылася, што фашысты пачнуць страляць, а тым больш паліць жывых людзей. Як паводле сонца, дык блізіўся поўдзень, калі расчыніліся вароты. Каты ўвайшлі. Іх было чацвёра. Салдаты сталі ў шарэнгу, а афіцэр – найгалоўнейшы з іх, які расстрэльваў, – падышоў да нас на ток. Жанчыны ўзрадаваліся і спыталіся: «Ну, што будэтэ выпускаты?» Ён заўсміхаўся, зарагатаў і сказаў на нямецкай: «Я-я!» У глыбіні гэтай клуні меўся яшчэ свіран з засекамі, куды ссыпалі абмалочанае зерне. Пра гэты свіран карнікі ведалі, падрыхтаваліся. Відаць, усё яны вывучылі перад тым як дзейнічаць. І калі першыя жанчыны заспяшаліся да выхаду, гэнны фашыст піхнуў дзверы ў той свіран з засекамі для зерня – і ўсіх туды! Бабы загаласілі. Ужо адчулі, мабыць, гэта смерць. Ну, а мне, як дадзена было Богам шчасце выжыць, дык чамусьці не спяшаўся на выхад. Засталося нас ззаду пяцёра, каго фашыст спыніў вокрыкам: «Стойце!» – і адпіхнуў да сцяны, махнуўшы рукою, а над астатнімі ўчыніў здзек ды расправу. Памятаю жанчыну з немаўляткам на руках. Кат выхапіў у яе дзіця месяцаў трох-чатырох і – аб ток».

Гэта была Ганна Антанюк з маленькай дачкой.

Прамовы, спевы, слёзы

За апошнія дзесяць гадоў, ствараючы кнігу «Галавасек», мною апытана чатырнаццаць сведкаў драмлёўскай трагедыі. На сённяшні дзень засталася ў жывых толькі Вера Самсонаўна Кірыльчук са Сцяпанак.

Упершыню мы сустрэліся ў 2015 годзе ў Драмлёве. Было тое на жалобе, на Галавасек. Яна стаяла ў баку, слухала прамовы, самотныя спевы, што краналі сэрца, і прыкладала ражкі хустачкі да вачэй.

Потым штогод 11 верасня ўсё паўтаралася: прамовы, спевы, слёзы з вачэй старой жанчыны.

– Помню, як гарэла Драмлёва, – расказвала яна, – помню, як мы прачнуліся на світанку, як тата сказаў: «Драмлёва гарыць», як мама плакала, а я крычала: «Дык там бабулечка мая гарыць!».

Бабуля – гэта Анастасія Лук’янаўна Антанюк. Разам з ёй жывымі свечкамі зрабіліся нявестка Ганна і ўнукі Тоня, Лёша, Люда. Тая самая Людміла, якой у тую чорную пятніцу споўнілася 38 дзён.

Праз два дні, 13 верасня, надышла нядзеля. Але зусім не святочным выдаўся той дзень. Немцы знялі ачапленне, дазволілі пахаваць забітых. Жыхары навакольных вёсак прыйшлі на папялішча. Людзі рукамі, віламі грузілі ў вялікія кошыкі абгарэлыя целы, рэшткі цел і везлі вазамі на могілкі ў Сцяпанкі. Сярод гэтых далакопаў быў і саракадвухгадовы драмлёвец Павел Ляўчук. Ён застаўся жывым, бо ў трагічны дзень дапамагаў цешчы выбіраць бульбу ў Якаўчыцах. Цяпер, як апантаны, ён рыў гарачы попел на сваёй сялібе, пакуль не адшукаў кавалак знаёмай тканіны. Прыклаў яго апаленымі далонямі да твару і заплакаў. Тут ляжалі, ператвораныя ў прах, яго родныя жанчыны: жонка Аня і дочкі Ніна, Ліда, Жэня. Старэйшай было чатыры гады, малодшай – дзесяць месяцаў…

І такіх слёз было праліта яшчэ шмат за восемдзесят з лішкам гадоў, як не існуе на зямлі Драмлёва. Ды жывуць на Зямлі нашчадкі драмлёўцаў. Самыя далёкія – ажно ў Аргенціне. Час ад часу яны, скрухай апавітыя, прыязджаюць з розных куткоў у родную вёску, якая стала мемарыялам, каб пакласці кветкі да падножжа трох бронзавых жанчын.

Ёсць маўклівы курган і гучная памяць. Дрэмле ў вечнасці Драмлёва.

Анатоль БЕНЗЯРУК, фота аўтара і Кацярыны ЯКУБЁНАК 

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика