Выхаванцы аздараўленчага летніка «Вінч» у Драгічынскім раёне сустрэліся з Аляксеем Чаротам

У рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху» выхаванцы аздараўленчага летніка «Вінч» у Драгічынскім раёне сустрэліся з намеснікам дырэктара выдавецкага дома «Звязда», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксеем Чаротам.

За некалькі соцень кіламетраў ад сталіцы ў палескую глыбінку госць прыехаў з намерам расказаць пра асабісты шлях у прафесію, з тым, каб матываваць хлопчыкаў і дзяўчынак да раскрыцця сваіх талентаў, умацаваць іх веру ў асабістыя сілы, а таксама, каб распавесці маладому пакаленню аб дасягненнях Беларусі ў розных сферах, каб абудзіць пачуццё гонару за сваю радзіму.

– Мы з вамі – амаль землякі. Справа ў тым, што ўсе школьныя канікулы я праводзіў у бабулі, якая жыла ў Кобрынскім раёне, – распачаў дыялог Аляксей Чарота. – У дзяцінстве час бавіў на вуліцы. Любіў катацца на веласіпедзе. З дакладнымі прадметамі – матэматыкай, фізікай – у школе не вельмі сябраваў, але добра пісаў сачыненні і захапляўся чытаннем кніг. Таму ў вну паступіў на філалагічны факультэт. Пры выбары прафесіі прыкладам для мяне паслужыў бацька, які працаваў выкладчыкам ва ўніверсітэце.
Дарэчы, у альма-матэр суразмоўца засвоіў сербскую мову. Дзякуючы валоданню некалькімі мовамі, выконваючы абавязкі на рэдактарскай ніве, Аляксей Іванавіч перакладае творы сербскіх, а яшчэ рускіх, польскіх, украінскіх пісьменнікаў.

– Пераклад забірае шмат часу, а яго не хапае на ўсе справы. Таму на асобную паліцу адкладваю кнігі, якія ў перспектыве планую перакласці. Па рабоце наведаў многія краіны – Казахстан, Дагестан, Кыргызстан, Кітай, Сербію. Калі вы будзеце стараннымі і настойлівымі, у вас таксама атрымаецца рэалізаваць свае мары і мэты, вы будзеце падарожнічаць – а гэта вельмі цікава, – выказаўся спікер.

Шмат кніг ва ўласную біблятэку Аляксей Чарота набыў на кніжнай выставе ў Белградзе. Гэтае маштабнае мерапрыемства ўразіла госця фактам бязмернай любові сербскага народа да чытання. «На выставе людзі набывалі літаратуру розных жанраў, розных аўтараў», – заўважыў выступоўца.

Прафесійнаму поспеху Аляксея Іванавіча спрыялі многія фактары, але вызначальнымі, на яго думку, было тое, што ён адказны чалавек, які прызвычаіўся пачатую справу не кідаць на паўдарозе, а выконваць добрасумленна да канца.

Маналог змяніўся дыялогам. Дзеці цікавіліся, якая літаратура ў падлеткавым узросце была госцю да душы, пра што пішуць сучаснікі-творцы, ці змяніліся пісьменніцкія густы аўтараў, з якога ўзросту варта дасылаць свае творы ў беларускія выданні.

– З цікавасцю паслухала Аляксея Чароту – чалавека, які дасягнуў вядомасці, дзякуючы нястомнай працы, – выказалася 11-гадовая Арына Юкнявічуце.

Выхаванцы «Вінча» таксама падзяліліся інфармацыяй пра летнік, дзе цяпер ідзе другая змена, яго незвычайную назву, якая пайшла ад назвы ўрочышча Вінч, што знаходзіцца на тэрыторыі вёскі Ляжыткавічы. Ёсць такая версія, што калісьці геаграфічным аб’ектам валадарыў пан Вінч – нібыта далёкі родзіч пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Пры жыцці пана была высаджана алея з ліп. Таму і празвалі месца «ліпавым раем», якое з году ў год з’яўляецца прыцягальным месцам для летняга адпачынку школьнікаў з Драгічынскага раёна.

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика