Главная - Новости - Новости культуры - Фестываль у Гродна: культурны код радзімы

Фестываль у Гродна: культурны код радзімы

Фестываль у Гродна: культурны код радзімы

Атмасфера культуры, сяброўства і дыпламатыі панавала на вуліцах гасціннага Гродна на мінулым тыдні. 7 – 9 чэрвеня тут у чатырнаццаты раз прайшло свята нацыянальных культур. Лагатып брэндавага мерапрыемства, васьміпялёсткавы васілёк, аб’яднаў прадстаўнікоў больш за трыццаць нацыянальнасцяў, якія прэзентавалі культурны код сваёй радзімы – мову, традыцыі, кухню, песенную і танцавальную спадчыну.

 

Фестываль у зыбцы

 

Знаёмства са святам, лічы, пачалося яшчэ ў цягніку, які бітком быў запоўнены пасажырамі. Многія з іх загадзя выбралі Гродна месцам уік-энда на мінулыя выхадныя. Такімі былі, напрыклад, суседзі па купэ – турысты-пінчане. Ініцыятарам паездкі ў іх кампаніі стала Надзея. У мінулым яна працавала журналістам. Менавіта гэтая жанчына так захопляюча і эмацыянальна расказвала сваім сябрам пра фестываль у горадзе над Нёманам (тут яна пабывала яшчэ напрыканцы 1990-х гг.), што яны забраніравалі білеты ў гэты абласны цэнтр задоўга да цяперашняга трохдзённага фэсту.

 

– Тады адбылося знаёмства з прадстаўнікамі многіх дыяспар, якія жывуць у Беларусі. Асабліва мяне расчуліла размова з казахамі. Справа ў тым, што пэўны час працавала карэспандэнтам у казахскім выданні. Было цікава, ці існуе дагэтуль мясцовая прэса, хто там працуе. Запомніліся і другія моманты, але ў першую чаргу – выступленне ансамбля «Песняры». Голас Уладзіміра Мулявіна – незабыўны, – падзялілася суразмоўца.

 

Падтрымала дыялог прыгажуня-беларусачка ў вышыванцы са Століна. Вольга паведаміла:

 

– Фестываль культур – мой равеснік. І я, і ён нарадзіліся 25 мая 1996 года. Бацькі калыхалі мяне ў люльцы пад спевы тых, хто быў запрошаны на канцэрты. Еду на свята ўпершыню са спадзяваннем хораша адпачыць, атрымаць добрую порцыю станоўчых эмоцый і… сустрэць сваю палавінку.

 

 

Самабытныя падворкі

 

Пра важнасць фестывалю для гродзенцаў сведчылі шматлікія афішы, бігборды з сімволікай культурнага свята. Дапоўненыя геральдыкай старажытнага Гродна гэтыя і іншыя інфармацыйныя крыніцы запрашалі на свята, разынка якога асабліва адчувалася падчас наведвання дзевятнаццаці нацыянальных падворкаў. Там можна было пазнаёміцца з культурнай спадчынай больш за трыццаць нацыянальнасцяў – рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, эстонцаў, армян, грузін, азербайджанцаў, грэкаў, карэйцаў, манголаў, кітайцаў, цыганоў, афганцаў, узбекаў, малдаван, палякаў, немцаў, чувашоў, егіпцян, індзійцаў, ланкійцаў і інш.

 

Яркіх прадстаўніц афганскага народа – Міну і Ангізу – не заўважыць у натоўпе было немагчыма. Больш за тое, увагу прываблівалі іх гандэ афгоні (нацыянальныя касцюмы. – Заўвага аўтара). У Міны ружовая сукенка была багата аздоблена вышыўкай, пацеркамі і маленькімі шкельцамі. Яны звінелі ад кожнага руху ўладальніцы. На левым плячы красаваўся доўгі шаль. Касцюм Ангізы, наадварот, быў пазбаўлены такіх элементаў, якія факусіравалі на сабе акцэнт, – бардовая сукенка была ўпрыгожана спераду ўзорам залатога колеру.

 

 

– Прадстаўляем афганскую культуру, якую, нягледзячы на тое, што ад нараджэння жывём у Беларусі, ведаем і ганарымся. Беларусь – наша другая радзіма, а беларусы – самы добры народ, – выказаліся дзяўчаты, якія на памяць аб знаёмстве пакінулі надпіс на пушту.

 

Наступным «прыпынкам» стаў падворак цыганоў, каля якога быў вывешаны сцяг рома (саманазва): палотнішча складаецца з палосак сіняга і зялёнага колеру, у цэнтры размешчана кола дхармы. Паразмаўляць давялося з Валерыяй, якая паведаміла: «Сёння будзем спяваць, танцаваць і, безумоўна, варажыць – на шчасце, на багацце. Мне хочацца, каб людзей розных культур, якія размаўляюць на сваіх родных мовах, сёння і надалей аб’ядноўваў жыццёвы прынцып цыганоў – быць свабоднымі. Заўжды. У любой сітуацыі».

 

 

Беларусь як вялікая сям’я

 

Колькасць турыстаў, якія наведалі XIV фестываль нацыянальных культур у Гродна, дакладна падлічыць, напэўна, немагчыма. Правільна, калі сказаць, што гэта было маштабнае свята з вялікай колькасцю «фішак», якія перадавалі яго каларыт, а самае галоўнае – значнасць. У сённяшніх умовах гэтае культурнае мерапрыемства ўтрымлівае выразны дыпламатычны пасыл: неабходна берагчы мір і згоду паміж народамі.

 

 

Фестываль наведалі многія вядомыя дзяржаўныя дзеячы Беларусі. Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка выказаўся:

 

– Добра, што ёсць такі фестываль, які дэманструе, што розныя народы нашай краіны жывуць адной сям’ёй. У Беларусі створаны магчымасці для развіцця патэнцыялу людзей, якія размаўляюць на розных мовах, спавядаюць розную веру. Пры ўсім гэтым яны сябруюць і паважаюць адно аднаго.

 

 

Фестываль нацыянальных культур праводзіцца адзін раз у два гады. Але ёсць яшчэ клубы нацыянальных культур, якія існуюць, у тым ліку, пры Дамах культуры ў шматлікіх населеных пунктах. Мэта іх стварэння – знаёмства з разнастайнасцю культур розных народаў і народнасцяў, што пражываюць на пэўнай тэрыторыі, а таксама зберажэнне нацыянальных скарбаў гэтых народаў, дыялог культур. Напрыклад, такой структурай могуць пахваліцца Ганцавічы.

 

– Клуб «Карагод» аб’ядноўвае татараў, рускіх, чувашоў, армянаў, казахаў, манголаў. У Гродна на гэты раз пакажам чувашскае свята зямлі «Акатуй». Праводзіцца тады, калі завершана сяўба. Дарэчы, сёння на маёй радзіме акурат і адзначаецца «Акатуй». У Гродна сонечна, а там ідзе дождж. Гэта добрая прыкмета: будзе слаўны ўраджай, – расказала загадчыца гарадскога Дома культуры Ірына Гурская.

 

Дарэчы, жанчына з ласкавым позіркам – чувашка па нацыянальнасці. Некалькі дзясяткаў год яна жыве ў Беларусі. Тут яе дом, тут яе сям’я. Як беларусы, чувашы – гасцінныя і добразычлівыя людзі. У гэтым многія ўпэўніліся на свяце: гасцей частавалі мясцовымі прысмакамі – смачным пірагом (кугаль) і півам (сэра). І гэта быў толькі пачатак. Давялося таксама пакаштаваць башкірскія піражкі са шчаўем, салодкі чак-чак, казахскія баўрсакі, таджыкскую страву гушы філь…

 

 

Пасля кулінарнай праграмы наведвальнікі фестывалю з задавальненнем пераключыліся на іншыя. Такіх за тры дні ў Гродна было ўдосталь. Горад майстроў, фотавыставы, дыялогавыя пляцоўкі, пасадка дрэў, круглыя сталы, канцэрты, майстар-класы, фестываль футбольных сем’яў, свята кнігі, інтэрактыўныя мерапрыемствы, прадстаўленні батлеечных тэатраў, плэнэры, коннае шоу і г.д. Нездарма Тамара з Масквы выказалася: «Такі фестываль патрэбен свету. Радасна бачыць вясёлых людзей, якія заклапочаныя тым, каб паспець абысці як мага больш пляцовак, занятыя выбарам сувеніраў. Сабе дык набыла магніты з беларускімі краявідамі. Вельмі здзівілі драўляныя шэдэўры Аляксандра Свірыда з Ганцавіч, берасцянікі (ганчарны посуд, аплецены берастой. – Заўвага аўтара) і маляваныя дываны творцаў Шаркаўшчыны».

 

Дарэчы, першы рэгіён таксама быў шырока прадстаўлены на фестывалі. Напрыклад, элемент вясельнага абраду, рэцэпты нематэрыяльнай культурнай спадчыны прэзентавала самабытная Ганцаўшчына. Таксама можна было паўдзельнічаць у майстар-класах па пляценні паясоў, роспісу па тканіне. Перад аўдыторыяй выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль народных духавых інструментаў «Дударыкі» (ДУА «Ганцавіцкая дзіцячая школа мастацтваў»).

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика