Главная - Новости - Новости культуры - У Пружанскім палацыку працуе выстава «Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка»

У Пружанскім палацыку працуе выстава «Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка»

У Пружанскім палацыку працуе выстава «Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка»

22 мая спаўняецца 92 гады з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка – народнага майстра Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. З гэтай нагоды ў Пружанскім палацыку адкрылася выстава «Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка».

 

На выставе прадстаўлена 30 кампазіцый майстра, выкананых у тэхніцы разьбы па дрэве, якія расказваюць пра цяжкае жыццё сялян. Гэтыя творы – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед пра чалавека-гаспадара, які спрадвеку працуе на роднай зямлі.

 

Цэнтральнае месца на выставе займаюць некалькі кампазіцый на тэму «Вяселле». Менавіта з яго пачынаецца жыццё гаспадара, гэта падзея, якая вызначае яго далейшы жыццёвы шлях. Побач з вясельнымі сцэнамі размешчана кампазіцыя «Будоўля хаты». Пасля вяселля для гаспадара найважнейшы клопат – пабудова ўласнага жылля. А разам з хатай будуецца новая сялянская сям’я.
Шмат на выставе кампазіцый, у якіх паказаны разнастайныя карціны штодзённай сялянскай працы – «Ворыва», «Сяўба», «Стог сена»…

 

 

Чалавек абрабляе зямлю, каб атрымаць хлеб, які з’яўляецца сэнсам і вынікам яго сялянскай працы. Таму кампазіцыя «Млынарскі двор» нібы замыкае сабой у адзінае кола ўсе папярэднія кампазіцыі на тэму земляробчай працы.

 

Асобна на выставе стаяць кампазіцыі, на якіх паказана жаночая праца. Доля сялянкі – апрацоўка лёну, прадзенне і ткацтва. Усё паказана вельмі дакладна: прылады працы, прыстасаванні, рухі рук. Прадстаўлены таксама кампазіцыі, якія нагадваюць і пра іншыя жаночыя абавязкі: драўляныя жанчыны таўкуць крупы ў ступе, мыюць бялізну, люляюць калыску з немаўлятам, паспяваючы пры гэтым прасці кудзелю.

 

Няма працы без свята, а свята без працы. Выстава не была б завершанай, калі б на ёй не знайшлося месца творам на тэму вясковых святаў і вячорак.

 

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу майстра і паглыбіцца ў незвычайны свет сялянскага жыцця.

 

Марына КАЎТУНЮК,

галоўны захавальнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика