Главная - Новости - Новости культуры - У Брэсце адбылася прэзентацыя дакументальнай аповесці-эсэ “Галавасек” Анатоля Бензерука

У Брэсце адбылася прэзентацыя дакументальнай аповесці-эсэ “Галавасек” Анатоля Бензерука

У Брэсце адбылася прэзентацыя дакументальнай аповесці-эсэ “Галавасек” Анатоля Бензерука

Да Міжнароднага дня памяці ахвяр генацыду, ушаноўвання іх памяці і папярэджання гэтага злачынства ў будучыні ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя дакументальнай аповесці-эсэ “Галавасек”, створанай пісьменнікам, гісторыкам, журналістам Анатолем Бензеруком.

 

Кніга прысвечана адной з жудасных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – лёсу вёскі Драмлёва Жабінкаўскага раёна, якая была знішчана разам з людзьмі і не адрадзілася, як і сусветна вядомая Хатынь.

 

11 верасня 1942 года, у дзень вялікага праваслаўнага свята Адсячэння галавы Іаана Хрысціцеля ( гэта дзень вядомы ў народзе як Галавасек) на досвітку ў Драмлёва ўварваўся карніцкі атрад на аўтамашынах. Гітлераўцы сагналі ўсіх сялян у хлявы, а самі кінуліся рабаваць хаты. А 10-й гадзіне раніцы пачуліся аўтаматныя чэргі каты пачалі знішчаць мірных людзей, а затым над вёскай узвілося вялізнае полымя…

 

Амаль дзесяць гадоў спатрэбілася Анатолю Бензеруку, каб аднавіць падзеі той чорнай раніцы, пайменна ўспомніць кожнага загінулага, прыгадаць жыццё вяскоўцаў у мірны час, нават паспрабаваць рэканструяваць іх думкі… У той трагічны дзень ахвярамі нацызму сталі 183 чалавекі, сярод іх – 103 ва ўзросце да 30 гадоў.

 

 

Анатоль Бензярук прызнаецца, што “падчас напісання твора ў ім змагаліся гісторык і пісьменнік”. Было важна, каб мастацкія домыслы, эмацыйнае аўтарскае ўспрыманне не скасавалі сухой гістарычнай праўды. Аўтар скрупулёзна працаваў з архіўнымі дакументамі, але галоўнай крыніцай яго расследавання сталі размовы з роднымі, блізкімі загінулых вяскоўцаў. Асаблівую вагу маюць сведчанні чатырох драмлёўцаў, якія ў час жорсткай расправы былі падлеткамі. Гэта – Коля Ярмашук, Міша Данілюк, Міця Юрасік і Віталь Чахлоў.

 

Анатоль Бензярук упэўнены: без творчасці знакамітых папярэднікаў таксама немагчыма было напісаць аповесць-эсэ, а дакументальная пранізлівая кніга ўспамінаў “Я з вогненнай вёскі…”, напісаная ў 1970-ыя гады Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, стала для яго настольнай.

 

 

Сустрэча ў абласной бібліятэцы была эмацыянальна напружнай. Прысутныя адчувалі блізкасць тых далёкіх ваенных гадоў і не хавалі слёз. Намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, дырэктар Брэсцкага аддзялення РУП “Белпошта” Валянціна Пух падкрэсліла, што трагічныя падзеі, якія сыйшлі ў гісторыю, назаўсёды засталіся ў кожным з нас, у нашай Памяці. Яна адзначыла вялікую працу, якая праводзіцца ў дзяржаве дзеля таго, каб сучаснікі пачулі галасы тых, хто не дажыў да Перамогі…

 

 

Пераканальным сведчаннем таго, як лёс вёскі Драмлёва стаў болем усяго народа, стала выступленне начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці ўстаноў культуры ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Ліліі Свідуновіч.

 

Аб тым, як душа падлетка на ўсё жыццё скавана глыбокай тугой аб родных, якія не пазбеглі смяротых стрэлаў вайны, распавялі чытачы старэйшага пакалення. А студэнт 4-га курса гістфака Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Мікіта Сталяроў у сваім яркім выступленні запэўніў, што аголены нерв мінулай трагедыі баліць і сёння, бо ў кожнай беларускай сям’і ніколі не забудуць перажытае людзьмі ваеннага пакалення.

 

Так, нас робіць моцнымі Памяць. Пра тое згадаў на сустрэчы і намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, намеснік дырэктара выдавецкага дома “Звязда”, у якім была выдадзена аповесць-эсэ “Галавасек”, Аляксей Чарота.

 

 

Напрыканцы імпрэзы Анатоль Бензярук агучыў словы, якімі скончыў свой балючы аповед у кнізе “Галавасек”: “Жыві і помні!”. І сёння, праз доўгія дзесяцігоддзі, пра непамерную цану, заплачаную за Перамогу, нагадваюць больш за 10 тысяч крывавых кропачак-ран на карце Беларусі, і ў душы многіх з нас, адна з іх – Драмлёва…

 

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі

Фота Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика