Главная - Новости - Главные новости - Какорыца: райскі куточак на Палессі

Какорыца: райскі куточак на Палессі

Какорыца: райскі куточак на Палессі

Экзотыка, эксклюзіў, рэлакс – гэта пра вёску Какорыца, што ў Драгічынскім раёне. На «чайках» тут плавалі, уюноў лавілі духамі, Кутасы і Герады забудоўвалі, а ў «Новым шляху» людзі ўсталёўвалі працоўныя рэкорды.

 

Гаспадары балота

 

Спрадвеку ў Какорыцы гаспадараць Зіновічы і Пратасевічы.
Прашчурамі носьбітаў самых пашыраных у населеным пункце прозвішч з’яўляюцца родныя браты Зіновій і Протас. Па легендзе іх саслалі ў балоцістую мясцовасць за сур’ёзную правіну. Аднак мужчыны не пакрыўдзіліся на лёс і тых, хто вынес такі прысуд. Майстравітыя і працавітыя, яны абжылі аддаленую ад цывілізацыі вёсачку, пусцілі тут карані і разам са сваімі сучаснікамі ў пасляваенныя гады да іх далучыліся Галякевічы, Албы, Еўтуховічы, Дыцэвічы, Шындычы, Крывіцкія ды іншыя – ператварылі яе ў райскі куточак.

 

Трафім Зіковіч ахвотна змайструе граблі

 

Вуліцы як эксклюзіў

 

У населеным пункце эксклюзіў пачынаецца са знаёмства з аншлагамі вуліц. Іх назвы – Кутасы, Папічычы, Герады, Ясынёва – выраслі з хутарскіх найменняў. Рызыкну выказаць здагадку, што такія каларытныя вулічныя найменні на беларускай прасторы рэдка каму сустракаліся.

 

– Раней людзі сяліліся па «нывках», інакш кажучы хутарах, якія ў Какорыцы называліся, напрыклад, Крывань, Сырэдня, Кутасы, Камняный, Дырывышчэ, Высока, Хмылівка, Клыбук. Іх тут было больш за дзвесце пяцьдзесят. Чатыры хутары пасля сталі вуліцамі, – расказала былы дырэктар Какорыцкай базавай школы, настаўніца біялогіі Ганна Зіновіч.

 

Дарэчы, хутар Герады нібыта атрымаў сваё імя дзякуючы каралю Гераду, які прыязджаў некалі ў сённяшні вясковы «мікрараён» на паляванне. Ці было гэтак – дакладна ніхто не скажа. Аднак прыгожая гісторыя перадаецца з вуснаў у вусны, а таму жыве дагэтуль.

 

Какорыцкі бэбі-бум

 

У пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў Какорыцы пражывала каля шасціста чалавек. У вёсцы меліся базавая школа, сельскі клуб, фельдшарска-акушэрскі пункт, магазін.

 

– Сем’і, як правіла, былі вялікія. У некаторых бацькоў было і шэсць, і сем, і болей дзетак. Цяпер усё памянялася. На Ясынёвай, напрыклад, ніхто не жыве. У свой час там хацелі дабудаваць сваю хату бацькі майго мужа. Яны не атрымалі на гэта дазволу. У 1972 годзе я прыйшла ў Какорыцкую школу маладым спецыялістам. Тады тут вучыліся 104 вучні. У 1998 годзе ўстанову зачынілі. На дадзены момант двое какорыцкіх дзяцей вучацца ў Бездзежскай сярэдняй школе, адно дзіця адсюль наведвае ў гэтым аграгарадку дзіцячы сад, – гаворыць Ганна Зіновіч.

 

Сум агарнуў душу. Горыч страты вясковага эдэму ўзмацнілася, калі даведалася, што калісьці гэты населены пункт на Драгічыншчыне жартам называлі беларускай Масквой. Справа ў тым, што адлегласць ад уезду ў Кокорыцу да памежнай з суседняй вёскай тэрыторыяй на процілеглым баку населеннага пункта складае каля дзесяці кіламетраў. Далёка не кожная вёсачка можа пахваліцца такімі памерамі.

 

– На сённяшні дзень у Какорыцы зарэгістравана 54 чалавекі. З іх 36 – пенсіянераў, 18 – людзей працоўнага ўзросту, – паведаміла старшыня Бездзежскага сельвыканкама Інэса Каласей.

 

Бліжэй да сваіх

 

Мясцовыя жыхары расказалі і тое, што раней на тэрыторыі сучаснай Какорыцы былі дзве вёскі. У сённяшніх Герадах, дзе пераважна жылі Зіновічы, знаходзілася Малая Какорыца; у Кутасах і Папічычах, дзе валадарылі, як правіла, Пратасевічы, – Вялікая Какорыца. Кожная мела свае могілкі.

 

– Пасля два населеныя пункты аб’ядналі. Аднак па сённяшні дзень існуе традыцыя хаваць нябожчыкаў на двух могілках. І справа тут зусім не ў канкурэнцыі паміж прадстаўнікамі родаў Зіновічаў і Пратасевічаў. Ключавой выступае сіла роду. Людзі яшчэ пры жыцці выказваюць жаданне быць і на тым свеце побач са сваімі родзічамі, – удакладніла Ганна Іванаўна Зіновіч.

 

Нязменна «Зіновіч»

 

У замужжы гэтай жанчыне не прыйшлося развітвацца са сваім дзявочым прозвішчам, бо яна і муж былі Зіновічамі. Аднолькавыя прозвішчы, уявіце сабе, мелі яе маці з бацькам, бабуля з дзядулем. У дочкі Ганны Іванаўны і зяця атрымалася тая ж самая сітуацыя. І гэта пры тым, што ўсе пералічаныя прадстаўнікі-Зіновічы не былі нават далёкімі родзічамі паміж сабою. Карацей, гэтыя маладыя не мелі клопату з пераафармленнем дакументаў.

 

«Няма таго, што раньш было…»

 

Першымі ў сельскай глыбінцы карэспандэнту сустрэліся не людзі і вясковыя хаты, а будынкі: крама, школа, ФАП. Сцежкі да гэтых, некалі значных сацыяльных аб’ектаў, на жаль, ужо зараслі. Уваход да магазіна па перыметры ўсцелены барвінкам з сакавіта зялёнымі лісточкамі, а брыль крамы даўно палюбілі ўжо маладыя дрэўцы. Недалёка ад магазіна – экс-базавая школа. Калісьці сюды з ранцамі, напоўненымі падручнікамі і рабочымі сшыткамі, прыходзілі вучні, каб спасцігаць веды. У памяшканнях яны вывучалі матэматычныя тэарэмы, законы фізікі, засвойвалі моўныя правілы, праводзілі хімічныя вопыты, разбіралі паэмы і апавяданні, а на вуліцы здавалі спартыўныя нарматывы, гралі ў баскетбол і валейбол, каталіся на лыжах. Адным словам, раней у Какорыцы было шумна. Але няўмольны час дыктуе свае ўмовы. «Няма таго, што раньш было» – згадаўся радок з верша Максіма Багдановіча, калі вочы сфатаграфавалі замкі на дзвярах, забітыя дошкамі вокны вясковай школы. На сэрцы стала вусцішна ад немай цішыні, якую імгненна парушыла рабая курапатка, што выбегла з-за кустоў. Душэўны маналог перарваў і аліўкавага колеру вуж. Ён грэўся на гравійнай дарозе, якую жыхары Какорыцы завуць грэбляй.

 

Да з’яўлення дарожнага насыпу са жвіру на гэтым месцы было многа вады, таму, ідучы ў школу ці магазін, як дарослыя, так і дзеці абувалі гумовыя боты. Часам і яны не ратавалі. Жыхары выкарыстоўвалі рыбацкі, з доўгімі халявамі, абутак. Калі ж увесну рака Ясельда разлівалася, какаране даставалі «чайкі», ці самаробныя лодкі. Іх, а таксама розныя рыбалоўныя снасці – сеткі, духі, вэршы, настаўкі, вэнтэры – вясковыя мужчыны выраблялі сабе і на продаж.

 

– Уюноў лавілі духамі – спецыяльнымі кашамі. Бывала, і рукамі муж, які працаваў шафёрам у калгасе «Новы шлях» (месціўся ў Бездзежы, у Какорыцы была калгасная брыгада), браў уюноў. Увогуле, у нашай мясцовасці сустракаецца багата рыбы. Плотка, шчупакі, акуні, ляшчы, карасі –розная здабыча трапляецца, – расказала Ганна Зіновіч.

 

Рыбнае месца

 

Тое, што ранейшая Какорыца – рыбнае месца, пацвердзіў і былы настаўнік фізікі, чарчэння і працоўнага навучання Трафім Іванавіч Зіновіч:

 

– Знаёмыя з іншых вёсак у размовах нават жартавалі, што, маўляў, спяшаючыся на ўрокі ў школу, я закідаў сетку, а пасля, ідучы дамоў, ледзь даставаў яе з вады.
25 верасня гэты мудры і цікавы дзядуля адзначыць асабісты юбілей – 85 год. З тым, каб павіншаваць імянінніка, прыедуць чацвёра дзяцей: дочкі Людміла, Галіна, Ларыса, сын Іван, 8 унукаў, 7 праўнукаў. Нягледзячы на салідны ўзрост, Трафім Іванавіч трымае марку чалавека з залатымі рукамі. У прыезд карэспандэнт сустрэў суразмоўцу за справай – ён майстраваў граблі, якія замовіў мужчына з суседняга Бездзежа. Уставіўшы чатырнаццаты зуб у калодку і адклаўшы ў бок цяслярныя інструменты, Трафім Зіновіч з задавальненнем паказаў «магазін» – асобнае памяшканне, у якім сабраны самаробныя драўляныя рэчы: услончыкі, крэслы, «грабінкі» для збору чарніц, кухонныя дошчачкі.
– Цяжка і немагчыма жыць без справы. Калісьці многа сіл і часу аддаваў сям’е, школе, вучням. Іх, дарэчы, рыхтаваў да алімпіяд, разам з навучэнцамі прадстаўлялі Какорыцкую школу на выставах. Аднойчы, а гэта было ў 1975 годзе, нашы калектарныя электрарухавікі і цеплавыя рэле занялі першае месца на раённай выставе. З імі пасля паехалі на вобласць. Адзін з тэхнічных экспанатаў потым здзейсніў «падарожжа» ў сталіцу. На той час гэтае дасягненне было сенсацыяй, – расказаў Трафім Іванавіч.

 

І касой, і клямбрамі

 

Іван Зіновіч – заўзяты лодачнік, пчаляр і касец

 

Завітала аўтар гэтых радкоў і да Івана Васільевіча і Ніны Захараўны Зіновічаў. Гаспадар доўгі час працаваў у калгасе трактарыстам. Неаднойчы ён займаў першыя месцы ў сацыялістычным спаборніцтве сярод калег. Ніна Зіновіч аддана шчыравала на ніве настаўніцтва. Акрамя прафесійных, муж і жонка мелі і маюць процьму сямейных і хатніх абавязкаў, якія заўжды выконваюцца разам. Падтрымку адно другому выказваюць яны і ў іншых справах. Такой, напрыклад, з’яўляецца лодачная эпапея. Падчас яе з нажоўкай, клямбрамі, сякерай, іншымі інструментамі майстар не растаецца на некалькі дзён.

 

Ніна Зіновіч працавала настаўніцай, а цяпер – найпершая памочніца ў мужа

 

– Каб зрабіць «чайку», мне спатрэбяцца тры-чатыры дні. Трэба рабіць усё за парадкам. Спачатку майструю дно, пасля – насы, затым – барты. Добра, калі хто дапамагае. З вопыту скажу: найбольш даўгавечная лодка з сасны, – паведаміў суразмоўца.

 

Яшчэ Іван Васільевіч – заўзяты пчаляр і ўмелы касец. І той, і другой справам яго навучылі працавітыя бацькі. Сёння яны б ганарыліся сваім сынам, які ў 74-гадовым узросце прымае ўдзел у экафестывалі «Спораўскія сенакосы». Ды не проста ўдзельнічае ў сенакашэнні, а паказвае клас малодшым, здавалася б, больш спраўным касцам. У вольную гадзіну Іван Васільевіч з лазы пляце кошыкі.

 

«Куфрынка» як працяг

 

Гаспадыня «Куфрынкі» Людміла Недашкоўская

 

Аднавіць некалі вірлівае жыццё ў каларытнай вёсцы спрабуе Людміла Недашкоўская – гаспадыня мясцовай аграсядзібы «Куфрынка». Гэтак, як у куфры, раней людзі захоўвалі самыя каштоўныя рэчы, так і жыхары Какорыцы, спадзяецца Людміла Яўгенаўна, захаваюць свой неацэнны скарб – гісторыю малой радзімы, традыцыі, самабытнае палескае аблічча.

 

Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика