Рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі прайшоў у вёсцы Новая Мыш

Напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна адбыўся рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі «Роднай Мышанкі абшары», на які завіталі вядомыя беларускія пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк і мецэнаты.

Што прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў фестывалю да жывапісных мясцін Баранавіцкага раёна? Раскрыем таямніцу!

Пад Новай Мышшу прайшлі дзіцячыя гады Яна Чачота, які насіў у юнацтве мянушку «Ян з Мышы», таму фестываль дзіцячай кнігі дазволіў у чарговы раз нагадаць маладому пакаленню пра вядомага беларускага фалькларыста і паэта, які прысвяціў жыццё захаванню культурнай спадчыны нашага народа.

Але найперш уразіла тое, з якой увагай і павагай ставіцца да літаратурнай спадчыны кіраўніцтва раёна, з якім захапленнем і энтузіязмам падтрымалі ідэю начальнік аддзела культуры Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Аксана Шчэрба і дырэктар Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша.

Напачатку свята гаспадыня бібліятэкі Таццяна Лайша правяла для гасцей азнаямленчую экскурсію. Бібліятэка актыўна папулярызуе творчасць мясцовых аўтараў, выдаецца штогадовы калектыўны зборнік «С.Т.Р.О.К.І.». Выкарыстоўваючы розныя метады і формы працы, супрацоўнікі зацікаўліваюць чытачоў гісторыяй малой радзімы. Калектывам кніжнага храма распрацаваны краязнаўчыя настольныя гульні, галаваломкі і нават коміксы, але асаблівая, пільная ўвага – тэме Вялікай Айчыннай вайны, гераічнаму мінуламу краіны.

Галоўная падзея фестывалю разгарнулася на цэнтральнай пляцоўцы. Пасля чуллівай літаратурна-музычнай кампазіцыі паводле паэмы Яна Чачота «Мышанка» ў выкананні Станіслава Пшэўлоцкага і народнага тэатра «На Мышанцы» УА «Новамышскі дзяржаўны аграрны каледж» з прывітальнымі словамі перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл Барысевіч і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Кіраўнік пісьменніцкага Саюза ўручыў падзякі арганізатарам свята і прадстаўнікам прадпрыемстваў, што далучыліся да перадвераснёўскай акцыі «Падары кнігу дзецям». Дзякуючы мецэнатам, людзям, якія спрыяюць росквіту літаратуры, выхаванню юных патрыётаў і будучага пакалення, кнігі аўтараў выдавецкага дома «Звязда» на свяце першага званка будуць перададзены ў школы і дзіцячыя сады Баранавіцкага раёна і стануць добрымі спадарожнікамі па дарозе да ведаў. У ліку дарыцеляў – адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Крошын», «СталовічыАгра», «Эксперыментальная база «Вольна», «Агракамбінат «Мір», «Баранавіцкая птушкафабрыка», «Птушкафабрыка «Дружба», Баранавіцкі райаграсервіс.

Гаспадары Баранавіцкай раёнай бібліятэкі паклапаціліся, каб запрасіць на свята сваіх калег. І было так прыемна, калі нас, пісьменнікаў, пазнавалі па кнігах, шчыра дзяліліся тым, з якой асалодай чытаюць нашы кнігі дзеці. Ды і ў пісьменнікаў была цудоўная магчымасць падзякаваць раённым бібліятэкарам, якія сталі беражлівымі ахоўнікамі іх творчасці, падзяліцца творчымі планамі і новымі сюжэтамі, запланаваць паездкі ў розныя рэгіёны вобласці.

Выступленні пісьменнікаў і на сцэне, і ля творчых пляцовак захаплялі гледачоў. Сустрэчы дарылі яркія эмоцыі і ўражанні. Літаратурны марафон з узнёслай, душэўнай літаратурна-паэтычнай прамовы пачаў лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Складальніца ўпадабанай дзецьмі і настаўнікамі чытанкі «Верасок» і аўтар вельмі займальных і пазнавальных кніг для дзяцей Іна Фралова сваімі словамі абудзіла ў кожнага прысутнага шчаслівыя моманты дзяцінства. «Тата» папулярных кніжак для дзяцей Дзмітрый Мікалаеў падзяліўся «рэцэптамі» самых цікавых кніг, а з выступлення Тамары Кавальчук кожны зразумеў, наколькі дзіцячы пісьменнік шчыры, чулы і светлы чалавек.

Валерый Квілорыя – часты госць на Брэстчыне, а яго гісторыі дораць прыемныя хвіліны вясёлых і незвычайных сустрэч з кніжнымі героямі. Цеплыню і пяшчоту падарыла прысутным маладая мама, пісьменніца, журналіст абласной газеты «Заря» Алёна Гневушава з Брэста. Дарэчы катаецца яна на роліках гэтак жа добра, як і герой яе «Сказок-улыбок для весёлых дошколят», – дракончык Спорці. У гэты дзень была і ў мяне кранальная сустрэча – першы раз у рукі ўзяла сваю кнігу, якая ўбачыла свет у выдавецкім доме «Звязда» «СНежным годом». А Наталля Кандрашук з Кобрына акрамя кніг прывезла з сабой вясёлыя загадкі і вершы. Самыя кемлівыя атрымалі прызы.

Непаўторная прырода і людзі, слаўная гісторыя роднага краю натхнілі кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» пры Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яна Чачота Раісу Раманчук на напісанне прыгожых, вобразных вершаў. Як аказалася, пісьменніца Ірына Карнавухава нарадзілася ў Баранавічах. А вось яе захапляльныя гісторыі і вершы дазваляюць дзецям пабываць у розных казачных краінах і даведацца, які наш Сусвет разнастайны і шматколерны. У тое, што ў кожнага дзіцячага пісьменніка ёсць чароўная палачка ды скарбонка з цудамі, паверылі і дарослыя, калі на сцэну выйшла аўтар шматлікіх чароўных казак Кацярына Хадасевіч-Лісавая. «Кніжная фея» прачытала вершы Міколы Чарняўскага і нагадала, як выдатна, калі твой сябар – кніга.

Колькі забаўляльных і пазнавальных гульняў разам з кнігамі прывезлі пісьменнікі з Віцебшчыны, аўтары дапаможнікаў па прадмеце «Чалавек і свет» Галіна і Сяргей Трафімавы! А некаторыя загадкі падкідвалі жыццёвыя абставіны. Напрыклад, паднесеныя дзецьмі ў знак удзячнасці пісьменнікам палявыя букеты адразу выклікалі пытанне ў Сяргея Трафімава: што за кветкі? Прызнаюся, не ўгадалі ні дзеці, ні дарослыя. І зноў за адказамі пацягнуліся да кніг.

Прадстаўніца Гродзенскага аддзялення, кіраўнік літаратурна-творчага аб’яднання «Купальскія зоры» пры Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая Таццяна Яцук выступіла таксама і перад дарослай аўдыторыяй, падзяліўшыся ўласным вопытам напісання кніг і папулярызацыі дзіцячай літаратуры. Падчас круглага стала «Роля кнігі ў выхаванні дзяцей» старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч гаварыў пра важнасць сумеснай працы пісьменнікаў, бібліятэкараў, настаўнікаў, сям’і ў захаванні традыцый чатання. І сапраўды, у Год якасці мы, пісьменнікі, у першую чаргу звяртаем увагу на якасць Кнігі як першага і асноўнага інструмента выхавання і асветы.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкай абласной аоганізацыі Саюза пісменнікаў Беларусі

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика