Галоўны падарунак для Наталлі Звягінцавай

У 1996-м годзе Наталля Звягінцава з малымі дзецьмі пакінула ваенны Грозны. Знаходзіцца там тады было вельмі небяспечна: ішлі жорсткія баі. Таму пры першай магчымасці жанчына, якую чачэнская вайна зрабіла ўдавой, прыехала ў мірную і спакойную Беларусь. Сінявокая стала не толькі прытулкам для гераіні, яе асірацелых дочак, але і крыніцай дабрабыту, стабільнасці, а яшчэ новага сямейнага шчасця.

Да 1992 года Грозны, які быў сталіцай Чачэна-Інгушскай АССР, стаў месцам сустрэчы і замацавання сур’ёзных адносін двух пакаленняў адной сям’і. Тут пазнаёміліся маці і бацька Наталлі Фамічовай, яна сама з першым мужам – Ігарам Звягінцавым.

Дзяцінства і юнацтва гераіні, якое прайшло ў Грозным, не было, дзякуй Богу, грозным. Пра гэты перыяд жыцця цяпер жанчына ўзгадвае з лагоднай усмешкай на твары. Справа ў тым, што ўсё тут спрыяла прафесійнаму і духоўнаму росту чалавека. Развітая прамысловасць, наяўнасць рабочых месцаў, вялікая колькасць навучальных устаноў рабілі гэты рэспубліканскага значэння горад прыцягальным для людзей рознага ўзросту. Годную перспектыву падмацоўвалі добрасуседскія адносіны паміж прадстаўнікамі шматлікіх нацыянальнасцяў, што насялялі тагачасную сталіцу.
– Чачэнцы – ветлівы народ. Як і беларусы, дарэчы, – гаворыць Наталля.

Прароцкі сон

У Грозным суразмоўца закончыла васьмігадовую школу. Дарэчы, паколькі бацькі былі рускімі па паходжанні, мовай навучання ва ўстанове адукацыі для Наталлі была родная – руская. Ніхто не прымушаў да абавязковага авалодвання чачэнскай. Аднак на сямейным сходзе было вырашана: дачцэ варта відаць і яе.

Адвучыўшыся затым у мясцовым вучылішчы на пекара-кандытара, Наталля Сяргееўна ўладкавалася на хлебазавод. Дарэчы, са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася дзякуючы хлебу. Ля крамы, дзе аднойчы набыла духмяныя боханы, адбылася сустрэча з нарачоным. Некалькі год маладыя людзі сустракаліся, правяралі свае пачуцці. У студзені 1992-га Наталля і Ігар ажаніліся. Аднак іх сумеснае жыццё было кароткім.

– Яшчэ ў 1991 годзе ў Чачні пачаліся ганенні на рускамоўнае насельніцтва. Да нас у кватэру таксама прыходзілі нацыяналісты, якія выганялі з уласнага жылля. Некаторыя сем’і, каб пазбегнуць праблем, выязджалі. Мы ж засталіся. Але перажыць прыйшлося пекла. Сапраўдныя ваенныя дзеянні пачаліся ў канцы 1994 года. Быў перыяд, калі жылі без вады, святла, газу ў кватэры. Хаваліся ў бомбасховішчы, – выціраючы слёзы, расказала жанчына.

На момант рэгістрацыі шлюбу маладажонам было па дзевятнаццаць год. Хутка муж і жонка дачакаліся першынца – дачку Алену. Праз тры гады жанчына нарадзіла другое дзіця. Аднак немаўляці не суджана было пачуць бацькаў ласкавы голас.

– Без вялікай неабходнасці людзі не выходзілі на вуліцу. Аднойчы Ігар пайшоў набраць вады ў пажарным вадаёме. Па дарозе туды яго паранілі ў нагу і жывот. Калі на працягу некалькіх гадзін ён не вярнуўся дадому, сталі непакоіцца. Увечары суседзі, якія забралі яго жывым да сябе, паведамілі сумную навіну. Праз некаторы час муж памёр. Гэта адбылося на маіх вачах. Пад сэрцам тады насіла другое дзіця. Дзяўчынку пасля назвала Галінай – у гонар стрыечнай сястры нябожчыка, – ціхім голасам прамовіла Наталля Сяргееўна.

За некалькі дзён да мужавай смерці жанчына бачыла сон. Нібыта яна парвала залаты ланцужок. Каб парамантаваць, звярнулася ў ювелірную майстэрню. Выраб забралі, але ўзамен нічога не далі. Па меркаваннях свекрыві, такі сон прадказваў бяду.

Пахаваць памерлага па хрысціянскіх канонах удалося толькі праз некалькі дзён. Аднак на могілках – там, дзе нармальны чалавек нават ціхім словам баіцца парушыць спакой маўклівых курганоў, нелюдзі ўчынілі стральбу. Яна пачалася, калі труну апускалі ў яму. Спешна засыпаўшы дамавіну зямлёй, удзельнікі пахавання пабеглі хавацца.

– Дачцэ Алене тады было толькі тры годзікі, аднак яна запомніла той момант. У шлюбе прозвішча не мяняла. Так зрабіла ў памяць пра бацьку, – дадала Наталля Звягінцава.

Месца выратавання – Беларусь

Пачуццё безвыходнасці, роспачы і болю з таго часу назаўсёды пасяліліся ў сэрцы маладой жанчыны. Трагедыя дапоўнілася хуткай смерцю свёкра. З таго часу мужчын, гатовых абараніць сваіх гаспадынь, у хаце не засталося. У гэтай цяжкай сітуацыі свякроў прымае адзіна правільнае рашэнне – вывезці нявестку, унукаў туды, дзе не будзе пагрозы для жыцця самых дарагіх людзей. Такім месцам стаў горад Іванава Брэсцкай вобласці.

– Міграцыйная служба Растоўскай вобласці выдала мне пасведчанне вымушанага перасяленца. З гэтым дакументам рушылі ў Беларусь. У галаве віравала шмат пытанняў: з чаго пачаць, як жыць адной на чужыне, ці змагу забяспечыць дзяўчынак?

Ехаць давялося некалькі дзён. Дзіўна, але Беларусь, якая прытуліла гэтую гаротную сям’ю, амаль адразу для Наталлі здалася нечым падобнай на яе радзіму.

– Чысцюткі, утульны, зялёны горад. Спачатку не верылася, што ў магазін можна ісці без суправаджэння, бавіць час на вуліцы, не баючыся за сваё жыццё. Не сон, а сапраўднасць – у вайну толькі гулялі дзеці, – прыгадала гераіня.
Неўзабаве госці асвоіліся на новым месцы. Паблізу хіба што не хапала цырульні. Добрыя людзі падказалі адрас, дзе гатовы дапамагчы. Ад прафесіянала Наталля выйшла не толькі з моднай стрыжкай. Тут яна пазнаёмілася з будучым мужам, які быў сынам цырульніцы.

Мужчына быў на некалькі год старэйшы за выпадковую незнаёмку. За плячыма маладога чалавека – шлюб, разрыў сямейных адносін, абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дачкі. Сустрэліся два чалавекі, якія, засвоіўшы вопыт мінулага сямейнага жыцця, аднойчы і назаўсёды вырашылі быць разам. Насуперак цяжкасцям, праблемам, клопатам, форс-мажорам. І у іх гэта атрымалася, хаця, як падкрэслілі абое, за дваццаць пяць год сумеснага жыцця хапіла ўсяго.
Здымныя кватэры, малыя заробкі, розныя характары – для кагосьці гэтага дастаткова было б, каб шлюб у чарговы раз не вытрымаў выпрабаванняў.

Планы без перашкод

Сакрэтаў трываласці іх вялікай сям’і, дзе дарослыя перад нябёсамі адказныя за дзевяц ярых дзяцей, – мноства. Так, Наталля Звягінцава і Раман Гулідаў прывыклі не размяжоўваць справы на жаночыя і мужчынскія, а дапамагаць адно аднаму. Саюз гэты – гарманічны: спакойная і разважлівая жонка дапаўняе імпульсіўнага часам здольнага да рызыкоўных дзеянняў мужа.

– Важна паверыць у сваю палавінку, што я і зрабіла. Калісьці муж марыў адкрыць уласную фотастудыю. І ў яго ўсё атрымалася, – гаворыць гераіня.

Як матуля, якая нарадзіла і выхавала належным чынам васьмёра дзяцей – Алену, Галіну, Анастасію, Софію, Яніну, Ксенію, Антаніну, Крысціну. Наталля ўзнагароджана ордэнам Маці. Некаторыя дзяўчаты ўжо замужнія. Яны падарылі бацькам шэсць унукаў.

– Самае каштоўнае, калі чалавек, што ідзе па жыцці поруч, надзейны. З такім – любыя перашкоды можна адолець, любыя планы становяцца дасягальнымі. Для мяне выключную ролю іграе тое, што любімы чалавек матывуе мяне да самаразвіцця, да таго, каб узяць новыя вяршыні, – сцвярджае Раман.

– Лёсам мне было дадзена прайсці шмат выпрабаванняў. Не ведаю, як хапіла сілы. Беларусь зрабіла галоўны падарунак – дала мір і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Таму беларуская зямля – дом для мяне. Тут мае карані. Сюды я прырасла навечна, – падсумавала Наталля Звягінцава.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота з архіва сям’і

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика