Главная - Новости - Новости из общественной жизни - Акцыя “Памятаем мінулае – ствараем будучае” прайшла на Брэстчыне

Акцыя “Памятаем мінулае – ствараем будучае” прайшла на Брэстчыне

Акцыя “Памятаем мінулае – ствараем будучае” прайшла на Брэстчыне

У пятніцу, 22 сакавіка, калі адзначаліся 81-я ўгодкі трагедыі вёскі Хатынь, у мемарыяльных комплексах “Драмлёва” і “Брэсцкая крэпасць-герой” прайшла акцыя “Памятаем мінулае – ствараем будучае”.

 

Попел Драмлёва стукае ў сэрцы

 

Сёння назвы і лёсы дзвюх “вогненных вёсак” паяднаны. Ужо 55 гадоў драмлёўская зямля захоўваецца ў мемарыяле “Хатынь” – на ўнікальных Могілках вёсак, дзе ўшанаваны беларускія паселішчы, цалкам знішчаныя карнікамі і не адроджаныя пасля ліхалецця.

 

Летам 1969-га на месцы вёскі Драмлёва, спаленай у Жабінкаўскім раёне на Галавасек 1942 года, праводзіўся мітынг, падобны на сённяшні. У той дзень у капсулу сабралі попел і зямлю з нашай “вогненнай вёскі”, якія неўзабаве былі дастаўлены пад Мінск, дзе адкрываўся велічны мемарыял, вядомы цяпер ва ўсім свеце.

 

 

Адшукаць Драмлёва ў мемарыяле “Хатынь” проста. Памятны знак вёскі размяшчаецца на сімвалічных Могілках з правага боку: гэта трэцяя вёска ў дзявятым радзе.

 

Ужо больш за паўвека ў абодвух мемарыялах як напамін пра агнявыя гады і шматлікія ахвяры, пра якія нельга забываць, праводзяцца мітынгі-рэквіемы.

 

Сёлета ў памятны дзень у мемарыяльны комплекс “Драмлёва” прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва Жабінкаўскага раёна, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і моладзі, у тым ліку выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба.

 

Адкрываючы мітынг, старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч падкрэсліў:

 

– Мы сабраліся тут, у сэрцы памяці нашага раёна, у вёсцы Драмлёва, якая была паглынута агнём нянавісці і разбурэння.

 

Аднак, як зазначыў прамоўца, няма сіл, здольных пахіснуць нашу памяць. Дзеля гэтага год ад году мемарыял абнаўляецца, а сёння памяць праз акцыю, ініцыяваную раённым выканаўчым камітэтам, звяжа комплекс “Драмлёва” з мемарыяльным комплексам “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе жыхары горада-спадарожніка будуць працаваць на будаўніцтве патрыятычнага цэнтра.

 

Словы, дапоўненыя справамі

 

Больш за сотню ўдзельнікаў аўтапрабегу накіраваліся ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, каб прыняць удзел у працоўнай акцыі ў раёне Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. У горадзе над Бугам іх ужо чакалі выхаванцы патрыятычнага цэнтра, што дзейнічае пры абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці. Госці ўсклалі жывыя кветкі да помніка байцам 131-га артылерыйскага палка, якія ў ліку першых раніцай 22 чэрвеня 1941 года прынялі ўдар ворага.

 

Першы сакратар Брэсцкага абкама БРСМ Юрый Сегянюк нагадаў, што 22 сакавіка – асаблівы дзень, які нібыта выпалены ў сэрцах беларусаў, таму нездарма ў такую дату па ўсёй краіне праводзяцца патрыятычныя акцыі. Два гады таму Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт выступіў ініцыятарам абвясціць узвядзенне рэспубліканскага цэнтра ўсебеларускай маладзёжнай будоўляй, што і было зроблена паводле Указа Прэзідэнта дзяржавы. Першую чаргу маштабнага рэспубліканскага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці плануецца завяршыць да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

 

 

Праца сапраўды знайшлася кожнаму. Жабінкаўцы актыўна наводзілі парадак не толькі ўнутры памяшканняў, але і на прылягаючай тэрыторыі. Пасля працоўнай акцыі ўсе мелі магчымасць падсілкавацца на салдацкім прывале.

 

 

Завяршыўся праект “Памятаем мінулае – ствараем будучае” пасля вяртання ў Жабінку канцэртам камернага аркестра абласной філармоніі “Забыццю не падлягае”.

 

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика