Як Андрэй Якавец страціў зрок, але не жаданне жыць насычаным жыццём

У 2000 годзе Андрэй Якавец жыў з маці Тамарай Рыгораўнай па вуліцы Пралетарскай г. Баранавічы ў прыватным сектары. Жанчын працавала на прадпрыемстве дрэваапрацоўчай прамысловасці эканамістам, а 16-гадовы сын вучыўся ў школе. Займаўся спортам, рос высокім юнаком моцнага целаскладу. І марыў быць юрыстам. Захапляўся дэтэктыўнай літаратурай, выступаў за сумленнасць, справядлівасць, заступаўся за сваіх малодшых таварышаў.                

 

Маці была ўпэўненая ў сыне. З благімі кампаніямі Андрэй не вадзіўся. Усё матчына цяпло даставалася толькі яму аднаму. У сябры ён выбіраў такіх, як сам хлопцаў. Яны ў асноўным жылі па-суседску.

 

А ў той дзень, 15 мая, Тамара Рыгораўна працавала на градах каля хаты. Было цёпла і сонечна. Андрэй, як зразумела маці, кудысьці спяшаўся. З'явіўшыся каля яе, сказаў, што хутка вернецца і будзе дапамагаць выносіць з агарода пустазелле. А пакуль наведае свайго малодшага сябра. Справа невялікая ў іх ёсць. Рыгораўна папярэдзіла сына, каб не затрымліваўся – працы шмат. Праз некаторы час жанчына ад суседзяў даведалася – сына забрала машына хуткай дапамогі.

 

Праўду кажуць, матчына сэрца адчувае бяду. Напярэдадні яна бачыла трывожныя сны. Рыгораўна – жанчына без забабонаў, таму не надала  гэтаму ніякага значэння. А ёй прыснілася чорная варона. Яна ледзь не садзілася ёй на плячо і надакучліва каркала. Тамара на імгненне спынілася, калі ішла на прадпрыемства, каб адпудзіць гэтую птушку. Але, падумаўшы, што не скончана чарговая справаздача, паспяшалася ў сваю кантору. На наступны дзень, прышоўшы на працу, сяброўкам пра гэты выпадак жанчына нічога не сказала. Падумала: ці мала што варона накаркае?

 

А калі Андрэй падаўся да сябра, ёй чамусьці прыйшоў у галаву гэты непрыемны сон. Бо часам юнацкая цікаўнасць сына да ўсяго зашкальвала. Яна бы моцны магніт. І няўцям хлопцу было, што цікаўнасць не толькі можа захапіць, але і нашкодзіць.

 

– Давай, Андруша, разбяром гэтую штучку? – прапанаваў сябрук, калі яны схаваліся ў гаражы, каб ніхто іх не бачыў.

 

– Табе яшчэ трэба падрасці, – заўважыў Андрэй. – А я амаль дарослы. У мае гады Гайдар палком камандаваў! Ды камсамольцы-добраахвотнікі ў завею і золь вузкакалейку будавалі. Яны загартоўваліся, як сталь! – патлумачыў свайму малодшаму таварышу Якавец. І пачаў чысціць ад іржы гэты цыліндрык. Але ж як толькі прыклаў руку, грымнуў выбух.

 

Моцны арэшак

– Спачатку я не адчуваў ніякаго болю, –  успамінае Андрэй. – Як быццам не сваё цела – у мяне няма ні рук, ні ног. Прыходзіла думка: магчыма, я памёр? Затым пачуўся здалёку голас. Тады я зразумеў, што жыву. І нават разважыў: гэта размаўляюць медыкі. Яны праводзілі нейкія працэдуры. Але я не адчуваў іх дотыку да майго цела. Мне сніліся сны, ды змест іх не памятаю. 

 

Юнак не ведаў, колькі доўжыўся такі яго стан. Але з часам ранейшыя галасы гучалі ўсё мацней. Ён іх асэнсоўваў, ды сваё цела па-ранейшаму не адчуваў.                   

– Хлопец памрэ, напэўна, – скептычна вымавіў хтосьці з медыкаў. Гэта Андрэй выразна пачуў. Нават адрозніў гук кардыёманітора: «пік-пік-пік», як у фільмах пра рэанімацыю. Той момант яму запомніўся. Ён зразумеў, што знаходзіцца ў бальніцы. Яму было жудасна пачуць, што ён памрэ. І яго сківіца, пэўна, ад страху торгну.
– Глядзі, ён яшчэ жывы, – заўважыў нехта.
– Дык ён у канвульсіі тузаецца, – пачуўся адказ.
– Падобна на тое, што ён памірае, – хтосьці спакойны вынес свой прысуд. І ад гэтага ў Андрэя пабеглі мурашкі па целе.
– Ты мяне, Андрэй, чуеш? – звярнуўся да яго доктар.

Хлопец напружваўся, але адказаць не мог. Напэўна, не хапала сіл. Ён быў падключаны да апарата штучнага дыхання. У грудзях хрыпела – у лёгкіх сабралася шмат мокроты.

– Ты мяне чуеш? – спытаў яшчэ раз доктар.

Андрэй наморшчыў лоб, і гэта было знакам, што ён чуе. Тады доктар дастаў трубку з рота, каб адкачаць вадкасць з лёгкіх. Хлопец паступова апамятаўся. Дактары ў першую чаргу цікавіліся зрокам Андрэя.

– Гэты хлопец – моцны арэшак! – зрабіў выснову доктар. –Калі перанёс клінічную смерць – значыць будзе жыць.

 

Такія словы пачуў Андрэй. Гэта падбадзёрыла яго – значыць,  медыкі не пакінулі паміраць! Трэба разам з імі змагацца за жыццё.

Можна зразумець гора маці. Яе сын не бачыць белы свет! Як жа цяпер жыць яму? У адзін момант прапалі ўсе яго мары і надзеі. Але ж слязамі гора не зальеш. Трэба нешта рабіць. І чым раней, тым лепш. Спачатку Тамара Рыгораўна павезла сына ў сталічную клініку да лепшых спецыялістаў краіны. Таму што ад мясцовых медыкаў даведалася: лячэнне марнае. Не паверыла. Маці павезла сына ў Маскву. І там сказалі, што хлопцу нічым дапамагчы не могуць... Як жа так? Сын не будзе бачыць белы свет усё сваё жыццё.                                     

Людзi i зверы

– Да гэтага няшчасця я ведаў, як буду жыць, ўяўляў сваю будучыню, – распавядае Андрэй. – А галоўнае, што я стану спецыялістам, патрэбным людзям і сваёй сям'і. У мяне было ўсё наперадзе. А тут страшна падумаць, што ўсё рухнула і сам у юным узросце застаўся ля разбітага карыта. Надыходзілі такія хвіліны, што хацеў пайсці з жыцця, але з кім пакіну маці? Гэта стрымлівала мяне.

У той момант хлопец яшчэ не думаў звязваць сваё жыццё з медыцынай. Бо наслухаўся, што заробкі ў медработнікаў маленькія. Яму ж хацелася, каб маці не жыла ў нястачы. А тым часам па горадзе папаўзлі чуткі пра гэты няшчасны выпадак з 16-гадовым юнаком. Знайшлося шмат «добразычліўцаў». Аднойчы яны гуртам уваліліся ў хату. І, не цырымонячыся, прапанавалі сваю «дапамогу». Кляліся: гатовы даглядаць хлопца да яго смерці. Але толькі з адной умовай: каб Андрэй перапісаў свой дом на прапанаванага маладога чалавека, сына галавы гэтай сям'і. Ды сябры Тамары Рыгораўны мелі дадзеныя на тых махляроў, што злачынным шляхам адбіралі маёмасць у незнаёмых людзей.

– А вам не здаецца, што вашага маладога паніча, які жадае мне смерці, я перажыву! – заявіў Андрэй, заўважыўшы, што пакрыўджаная маці плача. – Не дачакаецеся! Мне сказалі лекары, што я моцны арэшак. Бо ўжо вярнуўся з таго свету. Так што жыць мне яшчэ доўга! Сляпы Мікалай Астроўскі напісаў кнігу. А я буду лячыць людзей! А вы, як драпежныя зверы, пачулі нажыву. Імгненна прымчаліся, каб пакінуць сям'ю без прытулку.

 

– Гэты выпадак, акрамя негатыву, меў і станоўчы эфект, – гаворыць Андрэй Якавец. – Жыццё мяне неяк скаланула і прымусіла задумацца, што рабіць далей.

 

Малады чалавек уладкаваўся на прадпрыемства Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Ён збіраў электрычныя выключальнікі і адначасова рыхтаваўся да паступлення ў Гродзенскі медыцынскі каледж на спецыяльнасць «Тэхнік-масажыст». Мама начытвала на магнітафон яму курс біялогіі і рускай мовы для здачы ўступных экзаменаў. Ён нават меў магчымасць пры сваёй няхітрай занятасці паралельна рыхтавацца, праслухоўваючы  гэтыя запісы.

– Але наш горад не без добрых людзей, – заўважае Андрэй Аляксандравіч. – У гэты час я пазнаёміўся з мясцовымі прадпрымальнікамі: Ганнай Міхайлаўнай Мацко, пасябраваў з сем'ямі яе дзяцей – Дзмітрыем Мацко і Таццянай Раманавай.

Як сказаў суразмоўца яны былі сапраўднымі добразычліўцамі. Спачатку пацікавіліся яго планамі на будучыню. Ён сказаў, што хоча вучыцца. Дзмітрый і Таццяна звярнуліся да вядомых у краіне лекараў наконт аперацыі, якую пагадзіліся аплаціць. Але, даведаўшыся, што лячэнне нічога не дасць, купілі хлопцу першы ў яго жыцці камп’ютар. Гэта было для юнака вялікай падзеяй. Ён атрымаў магчымасць акунуцца ў свет літаратуры – знаходзіў мноства інфармацыі ў інтэрнэце. А пазней гэтыя ж добрыя людзі купілі яму ноўтбук, дапамагалі матэрыяльна вучыцца на камп’ютарных курсах у Брэсце. Андрэй атрымаў дыплом аператара ЭВМ. Малады невідушчы чалавек навучыўся друкаваць сляпым метадам з хуткасцю да 300 удараў у хвіліну. Пазней ён паспяхова запісваў лекцыі. 

 

 

Андрэй скончыў у 2006-м Гродзенскі медыцынскі каледж, атрымаў дыплом тэхніка-масажыста. Ён з задавальненнем вывучаў многія медыцынскія дысцыпліны: анатомію нармальную і паталагічную, фізіялогію, хірургію, тэрапію, педыятрыю, афтальмалогію, акушэрства і іншыя навукі. Вядома, асноўным прадметам быў масаж. Андрэй праходзіў практыку па гэтых прадметах у многіх лячэбных установах г. Гродна. Там, размаўляючы з хворымі, пераканаўся, што медыцына – яго сапраўднае прызванне і прафесію масажыста абраў нездарма. Па размеркаванні Андрэй вярнуўся ў родныя Баранавічы. Уладкаваўся на працу ў цэнтральную паліклініку. Ён мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. За мінулыя гады Андрэй выпрацаваў ўласную арыгінальную і эфектыўную методыку лячэбнага масажу. Яна адрозніваецца ад звыклай класічнай методыкі. Сутнасць яе – пасля лячэння артэрыяльны ціск у пацыента памяншаецца.

 

Жыць здаровым здорава  

– Любімых відаў спорту ў мяне шмат, – заўважае Андрэй. – Калі ёсць магчымасць, займаюся верхавой яздой. Перахоплівае дыханне, калі галопам імчыш на кані. Люблю зімой маржаваць:   з цёзкам Андрэем і Ільёй. Гэтым мы займаемся ў японскім стылі – апускаемся ў халодную ваду баранавіцкага вадаспаду на возеры Мышанка. Праводзім традыцыйнае зімовае плаванне.

 

Па яго словах, сябар дзяцінства Ілья падарыў на дзень нараджэння камбінаваны ровар-тандэм, звараны з двух такіх транспартных сродкаў. Сябры здзяйсняюць па горадзе велапрабегі. Напрыклад, Ілья сядзіць наперадзе і руліць, Андрэй  круціць педалі. А яшчэ тры сябры захапляюцца бегам на гарадскім стадыёне.

– Падчас бегу трымаецеся за  рукі? – цікаўлюся ў Андрэя.

 

– Калі на стадыёне шумна, мая рука ляжыць на плячы аднаго з сяброў. Ці наадварот. Калі вакол ціха, я чую крокі сяброў і трымаюся побач.

Дарэчы, згаданыя тут сябры былі ўдзельнікамі першага міжнароднага лёгкаатлетычнага прабегу «BaRUNovichy RUN». Хлопцы бягуць крос 15 кіламетраў. Гэта прыкладная адлегласць ад дома Андрэя да вадаспаду на возеры Мышанка і назад. Варта сказаць, што падчас трэніровак на стадыёне Андрэй сустрэў сваю будучую жонку. Юля таксама займаецца бегам. Цяпер іх дачцэ Алісе пяць гадоў.

– У вас, трэба разумець, моцная любоў? Толькі мужная, смелая і рашучая дзяўчына адважыцца злучыць свой лёс з чалавекам, у якога нулявы зрок. Перамагло ў вас спачуванне яму, пакрыўджанаму лёсам? – неяк наважыўся я задаць такое пытанне Юлі.

– Па-мойму, кожная жанчына спачувае чалавеку, з якім здарылася няшчасце, – адказвае яна і працягвае: – Але гэта не галоўнае. Андрэя я ведаю як мэтанакіраванага творчага чалавека, разумнага і вельмі працаздольнага спецыяліста, які жыве для людзей. І ўсё робіць дзеля іх здароўя. У нас агульныя інтарэсы. Мы разам займаемся бегам.

 

 

Андрэй Аляксандравіч вядзе здаровы лад жыцця. Самастойна ходзіць на працу ў паліклініку. Займаецца спортам.

 

– Жыць здаровым здорава, – гаворыць ён. – Я прывучаю да гэтага сваю сям’ю і сяброў, а таксама  знаёмую моладзь з нашай вуліцы.

Юлія Мікалаеўна дыпламаваны юрыст. Яна скончыла ўніверсітэт у Мінску. – Моя Юлія па характары спакойная, добразычлівая, гатовая заўсёды дапамагчы нават незнаёмаму чалавеку. А чалавек з прыгожай душой не можа быць вонкава непрыгожым, – заўважае Андрэй.

– Я радуюся кожнаму поспеху Андрэя і дапамагаю яму, чым магу, – прызнаецца Юля. – Толькі тое, што чалавек з нулявым зрокам працуе на камп’ютары, сведыць пра многае. У адным вядомым савецкім фільме ёсць дэвіз «Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца». Магчыма, у наш час гэта гучыць гучна і пафасна. Але я лічу, што гэтыя словы як эпіграф да біяграфіі майго мужа.

 

 

– А што новага ў сям’і? – цікаўлюся  у суразмоўцаў.

 

– Акрамя пяцігадовай Алісы у нашай сям’і з’явіўся сынок Ян. Яму хутка споўніцца годзік, – дзеліцца радасцю Андрэй. – Мы вельмі рады такому папаўненню. А яшчэ я абагульняю свой 15-гадовы вопыт аздараўленчага масажу спіны пры зніжэнні ў пацыента артэрыяльнага ціску. Выдаю курс сваіх дасягненняў у гэтай справе. Тэхнічную дапамогу (у аўдыявідэазапісе матэрыялаў) аказвае мне адзін індывідуальны прадпрымальнік. Мяркую, размясціць гэты праект  для калег у сацыяльных сетках. Дарэчы, мне актыўна дапамагае і Юля. У нашай сям’і пануюць лад ды згода.

 

Канстанцін СТАНКЕВІЧ

 

 

 

Опубликовано: 10:16 - 28.09.2020г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.