У вёсцы Кашчэнікі ўпершыню прайшоў кулінарны гастра-фэст

Сапраўды незвычайнай выдалася мінулая серада для наведвальнікаў аграсядзібы “Валерыя” ў вёсцы Кашчэнікі, дзе ўпершыню прайшоў кулінарны гастра-фэст. У ім удзельнічалі два дзясяткі людзей – дзеці, моладзь і дарослыя, якія гатавалі незвычайныя стравы па старажытных княжацкіх рэцэптах, прывезеных на Камянеччыну васьмікласнікамі Сейлавіцкай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці Максімам Шкодам і Данілам Шостакам ды іх настаўніцай Таццянай Халопіцай.

 

Думаю, тут трэба крыху патлумачыць, як падлеткі зацікавіліся старажытнай радзівілаўскай кухняй… Падчас наведвання Нясвіжскага замка, слухаючы захапляльныя аповеды аб тым, як Радзівілы летам каталі сваіх гасцей на санках па дарогах, засыпаных соллю замест снегу, і забаўлялі іх танцамі мядзведзяў, Максім і Даніла задумаліся: а чым жа такія арыгінальныя людзі частавалі сваіх наведвальнікаў? Аказалася, канкрэтных рэцэптаў страў, якія падаваліся на сталы ў радзівілаўскіх уладаннях, на жаль, не існавала.

 

 

Так думалі ўсе, пакуль школьнікі не звярнуліся па дапамогу да сваёй настаўніцы геаграфіі Таццяны Міхайлаўны. Менавіта яна знайшла адзіную ў Беларусі польскамоўную кнігу рэцэптаў D.H. Debsky “Kuchnia Radziwiłłów”, датаваную 1888 годам, што знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Прыкладна за паўгода юныя даследчыкі і іх педагог з дапамогай слоўнікаў і Google-перакладчыка перакладалі на рускую мову 247 (!) рэцэптаў. І здзівіліся таму, з якіх незвычайных інгрэдыентаў тады гатавалі: акрамя ялавічыны і свініны, выкарыстоўвалі бабраціну, зубраціну, мяса аленяў і фазанаў. Відавочна, мэтай павароў тады было не толькі накарміць гасцей, а здзівіць…

 

І сёння пераклады, зробленыя сейлавіцкімі школьнікамі, думаецца, будуць запатрабаванымі. Невыпадкова іх даследчая работа носіць назву “Другое жыццё кухні Радзівілаў”. Аднак самы час пераходзіць ад “тэорыі” да практычнага яе ўвасаблення!

 

 

Падчас гастра-фэсту на базе “Валерыі” на працягу некалькіх гадзін госці “чаравалі” над стравамі са згаданай кнігі. Напрыклад, маладыя людзі з аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале са сваёй загадчыцай Марынай Абрамчук і кіраўніком гуртка Аленай Шаўрынай гатавалі гарохавы суп па-літоўску і карпа па-віленску.

 

А вось дзецям – Ульяне Пракапук і Міхаілу Ляшчуку – выпалі яечня і амлет па-літоўску. Школьніцы з Каменца пяклі пернікі: віленскі і літоўскі. А гаспадыня аграсядзібы Наталля Пракапук кіравала прыгатаваннем літоўскага труса, рагу з бараніны па-літоўску і свінога стэйка “А-ля Радзівіл ІІ”.

 

Канцоўка гастра-фэсту выдалася не менш цікавай, чым сам працэс прыгатавання радзівілаўскіх страў: за вялікім гасцінным сталом усе ўдзельнікі частаваліся княжацкімі “шэдэўрамі”. І, скажу я вам, у “Валерыі” было смачна!

 

 

Акрамя таго, падчас незвычайнага свята госці аграсядзібы змаглі на свае вочы ўбачыць, як пляліся сапраўдныя паясы. Майстар-клас правяла рамесніца Ірына Белямук з вёскі Пагранічная. 

 

Ні для кога не сакрэт, што любое мерапрыемства немагчыма без дапамогі. Так, гастра-фэст у Кашчэніках стаў магчымым дзякуючы спонсарам: ААТ “Белавежскі”, Камянецкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і, безумоўна, аграсядзібе “Валерыя” на чале з яе гаспадыняй Наталляй Пракапу, якая і прыдумала гастра-фэст па-радзівілаўску. Хочацца верыць у тое, што яшчэ не раз на аграсядзібе ў Кашчэніках пройдуць вось такія “смачныя” сустрэчы з цікавымі рэцэптамі і гісторыямі.

 

Усяго ў кнізе “Kuchnia Radziwiłłów” – каля 60 варыянтаў прыгатавання мяса, па 20 – рыбы і яек, 30 – першых страў, 40 – выпечкі. Шмат рэцэптаў з грыбамі, гарачых і халодных соўсаў і напояў… Часам прапаноўвалася змешваць у адной страве несумяшчальнае: арахісавае масла і маяран, ялавічыну і персікі.

 

 

Суп са шчупака па-радзівілаўску

 

1,5 л вады, 5 г гароху, 10 г морквы, 10 г пятрушкі, 10 г сельдэрэя, 50 г філе шчупака, 1/2 шклянкі вяршкоў, 2 жаўткі, соль, перац, гваздзіка, шафран і мускатны арэх.

 

Гарох прамыць, заліць халоднай вадой, давесці да кіпення і пакінуць на 2 гадзіны. Затым варыць на слабым агні пад крышкай. Гародніну вымыць, пачысціць, прамыць, нарэзаць палоскамі, разам з памытым філе пакласці ў гарох у канцы прыгатавання. Затым заліць смятанай, закіпяціць, даць трохі настаяцца, змяшаць з жаўткамі, упрыгожыць вымачаным і расцёртым шафранам, заправіць. Падаваць адразу пасля прыгатавання.

 

Соўс Урсулы Радзівіл

 

4 г сметанковага масла або маргарыну, 4 г мукі, 2 шклянкі малака. 10 г цвёрдага сыру, 5 г цёртага кораня хрэну, соль, перац і мускатны арэх.

 

Масла разагрэць, змяшаць з мукой, крыху абсмажыць, развесці малаком, хутка ўзбіваючы, закіпяціць. Дадаць цёрты сыр і хрэн, варыць каля 8 хвілін на малым агні, прыправіць. Падаваць да белага мяса.

 

Наталля ГРЫЦУК

Фота аўтара

Опубликовано: 08:20 - 17.07.2020г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.