Як у Баранавіцкім музеі сцэнічным касцюмам далi другое жыццё

У Баранавіцкім краязнаўчым музеі экспануецца выстава канцэртных сцэнічных касцюмаў “На заслужаным адпачынку”. Пастаяннае месца “прапіскі” гэтых экспанатаў з савецкага мінулага – Крошынскі сельскі Дом культуры Баранавіцкага раёна, бо сцэнічныя касцюмы збірае яго загадчык Юрый Пшэўлоцкі.

 

Першыя з іх, аснова будучага музея, у Юрыя Станіслававіча з’явіліся больш за дваццаць гадоў таму. Іх, даўно спісаныя, прапанавала забраць вясковаму культработніку касцюмерка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, куды Юрый, працуючы яшчэ на птушкафабрыцы «Дружба», часта прыязджаў набірацца вопыту: «Вазьмі ты іх сабе, – сказала жанчына, – а то я перакідваю з кутка ў куток – хутка мышы паядуць. Або давядзецца выкінуць на сметнік».

 

Узяў. На першым часе і сам раздаваў іх Юрый Станіслававіч, не шкадуючы: то мясцовым гандлярам, якія выязджалі са сваім таварам на дажынкі ў розныя гарады вобласці і хацелі мець адпаведны выгляд, то кухаркам, якія варылі кашу ці юшку на якім-небудзь раённым свяце.

 

 

 

 

 

– Свае касцюмы, у якіх выступалі нашы дзяўчаты і хлопцы, не даваў, бо ведаў, што іх могуць выпадкова запэцкаць ці сапсаваць, – успамінае Юрый Станіслававіч. – А прывезеныя з Мінска не шкадаваў – яны ж усё роўна спісаныя!

 

А потым схамянуўся – гэтыя ж касцюмы, у якіх спявала і танчыла эліта беларускай народнай сцэны з хору Цітовіча, могуць стаць асновай музея! Юрый Станіслававіч разам з жонкай Зояй Леанідаўнай адрамантавалі тую рэшту нераздадзеных касцюмаў. З цягам часу яго калекцыя папоўнілася касцюмамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца «Палескія зоры», іншых мастацкіх калектываў краіны, з якімі Юрый Станіслававіч таксама меў добрыя адносіны. Потым, як ён гаворыць, ездзіў пабірацца амаль па ўсіх вёсках Баранавіцкага раёна – забіраў усё, што клубныя работнікі хацелі аддаць на старызну. У адных установах касцюмы пыліліся за сцэнай, у другіх – у качагарцы, дзе імі выціралі рукі…

 

 

 

 

 

 

 

На выстаўцы “На заслужаным адпачынку”, якая будзе працаваць у Баранавіцкім краязнаўчым музеі да сярэдзіны красавіка, прадстаўлена 25 выратаваных сцэнічных касцюмаў, хаця ў калекцыі Юрыя Пшэўлоцкага іх больш за 70. Самы старэйшы з іх, харавы касцюм 1968 года выпуску, Юрый Станіслававіч адшукаў у падвале свайго ж Крошынскага сельскага Дома культуры.

 

Дапасуюць да сцэнічных касцюмаў і галаўныя ўборы, вырабленыя з саломы – капялюшы, картузы, какошнікі, – якія таксама прадставіў на выстаўку Юрый Пшэўлоцкі.

 

 

Міхась ШУБІЧ

Фота Барыса НАВАГРАНА

Опубликовано: 17:15 - 28.03.2021г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.