Фестываль

Главные новости
У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава прайшоў фестываль беларускай культуры
Фестываль беларускай культуры за гады правядзення стаў чаканай і любімай падзеяй у календары мерапрыемстваў Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава. Праграма фестывалю складаецца такім чынам, каб на працягу тыдня далучыць да разнастайных актыўнасцей літаральна ўсіх ліцэістаў.   Вось і сёлета навучэнцы падрыхтавалі разам з бацькамі і педагогамі кірмаш нацыянальных страў, паўдзельнічалі ў флэш-мобах і гульнях, сустрэліся з цікавымі творчымі гасцямі, прадэманстравалі ўласныя вакальныя, артыстычныя, кулінарныя здольнасці. Але найперш – адчулі атмасферу беларускай гасціннасці, прыгажосць роднага слова і самабытнасць нацыянальнай культуры.         – Традыцыйна ў межах фестывалю беларускай культуры ў нашым ліцэі ладзяцца конкурсы і віктарыны, выставы і спектаклі, кірмаш нацыянальных страў. Мы размаўляем па-беларуску, знаёмімся з народнай культурай. Навучэнцы ахвотна падтрымліваюць такія ініцыятывы, апранаюць народныя строі, чытаюць вершы і спяваюць на роднай мове. Фестываль дапамагае звярнуцца да нашай культуры і данесці да моладзі разуменне: толькі захоўваючы беларускія традыцыі і звычаі, наша нацыя будзе існаваць, а краіна – развівацца, – адзначыў дырэктар Брэсцкага абласнога ліцэя імя. П.М. Машэрава Генадзь Іванчын.       Бадай, самым «апетытным» і відовішчным стаў кірмашовы дзень фестывалю. На першым паверсе абласнога ліцэя разгарнулася імправізаванае кулінарнае свята: гаспадынькі ў прыгожых строях сустракалі шаноўных гасцей песнямі і пачастункамі, а смакаты нагатавалі столькі, што вочы разбягаліся. Тут і бульбачка з хатняй каўбаскай, дранікі ды аладкі, шанікі ды сырнікі, абаранкі ды пернікі… Зразумела, што стравы не только дэманстравалі, але і дэгуставалі. Водары луналі ў паветры такія, што запрашаць два разы не даводзілася, – усе частаваліся з вялікім задавальненнем.   Багаты стол накрывалі агульнымі намаганнямі. Напрыклад, хрусткія агурочкі і смачныя клёцкі, што прыгатавала мама, прынесла на кірмаш будучая выпускніца абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава Соф’я Новікава. Дзяўчына вучыцца ў эканамічным класе, дзе профільныя прадметы – матэматыка і англійская мова. Як высветлілася, гэтым яе цікаўнасці не абмяжоўваюцца: з 5 класа Соф’я – удзельніца алімпіяд па беларускай мове.     – У нашым ліцэі вучыцца ініцыятыўная і актыўная моладзь, якой цікава даведацца больш аб беларускай культуры, пазнаёміцца з нечым новым. На працягу фестывалю я паўдзельнічала, здаецца, ва ўсіх мерапрыемствах і атрымала сапраўднае задавальненне, як і мае аднакласнікі, – расказала Соф’я.   Каларыт тэматычнага фестывалю стваралі рознымі сродкамі. Каб свята беларускай культуры захапіла ліцэістаў, педагогі падрыхтавалі насычаны марафон імпрэз і конкурсаў. Як расказала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Кіргінцава, штодзень працавалі фальклорныя пляцоўкі, дзе дзеці прамаўлялі хуткавымаўлянкі і адгадвалі загадкі, вучылі новыя прыказкі і прымаўкі, перакладалі на беларускую мову. Роднае слова гучала і на творчай сустрэчы – госцем абласного ліцэя імя П.М. Машэрава стала пісьменніца Настасся Нарэйка. Акрамя таго, кожны клас прэзентаваў тэатральную пастаноўку паводле твора беларускага пісьменніка. А лепшых чытальнікаў адзначылі на конкурсе «Жывая крыніца ты, родная мова». На працягу тыдня працавала выстава «Бабулін ручнік», якая знаёміла з вырабамі народнай творчасці.     – Мы імкнуліся займальна і цікава, у фармаце гульняў, флэш-мобаў і конкурсаў, распавесці дзецям аб багацці і непаўторнасці беларускай культуры, нагадаць аб нашых каранях і традыцыях. Хочацца падзякаваць бацькам нашых навучэнцаў, якія падтрымалі і актыўна далучыліся да падрыхтоўкі фестывалю, – адзначыла Людміла Кіргінцава.   Алёна САЦУТА Фота аўтара
22.03.2022
Подробнее
Главные новости
Як прайшоў фестываль «Суквецце культур» у Маларыце
Першая субота снежня сабрала ў Маларыцкім ГДК шмат гасцей – удзельнікаў заключнага канцэрта абласнога тура XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур».   Маштабны форум, які накіраваны на захаванне і папулярызацыю нацыянальных традыцый, гісторыі, самабытнасці этнічных культур, праводзіцца раз у два гады і адметны тым, што становіцца пляцоўкай, дзе ззяе сапраўднае сузор’е талентаў тых людзей, для якіх Беларусь стала другой радзімай. Сёлета гэты фестываль мае асаблівы акцэнт – праводзіцца ён у Год народнага адзінства і з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што на зямлі Беларусі спакойна і мірна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і, знаходзячыся побач з імі, мы павінны ведаць іх традыцыі і звычаі.       – Шосты раз мы прымаем гэты фестываль на маларыцкай зямлі. Праводзіць тут заключны канцэрт абласнога тура «Суквецця культур» стала традыцыяй, – адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк.   У сваю чаргу старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык. Адзначыў, што ў гонар фестывалю «Суквецце культур» у цэнтры нашага горада з’явіўся прыгожы сквер, таксама фестываль падарыў гораду цудоўныя драўляныя скульптуры, якія адлюстроўваюць людзей розных нацыянальнасцяў.     На сцэне і ў зале ўжо з першых выступленняў адчувалася атмасфера свята. Маларыцкіх гледачоў запальвалі сваімі яркімі нумарамі прадстаўнікі нацыянальных дыяспар, якія пражываюць на тэрыторыі Брэстчыны. Выступленні гучалі на розных мовах: азербайджанскай, польскай, кітайскай, малдаўскай, туркменскай, украінскай і рускай. Нават без ведання мовы лёгка ўспрымаўся сэнс слоў песні ці верша. І гэта зноў жа пераконвала ў тым, што і радкі вершаў, і музыка пішуцца душой, таму творы, на якой бы мове яны ні гучалі, зразумелыя кожнаму.     Пранікнёна выконвала верш на польскай мове Дар’я Кузаўка з Брэста, кранальна гучала туркменская песня пад гітару ў выкананні студэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Сулеймана Хумедава, узрушыў залу сваім рускім танцам ансамбль «Каруначкі» з Жабінкі, заварожвала гледачоў выкананне а капэла ўкраінскай песні Надзеяй Самайлюк са Столінскага раёна, павесяліла гумарэска, якую прачытала Святлана Вадап’янава з горада Пінска. Дарэчы, украінскую культуру, цудоўна выканаўшы песню і выклікаўшы шквал апладысментаў, прадстаўляў і двойчы лаўрэат Рэспубліканскага фестывалю «Суквецце культур» вакальны ансамбль нашых землякоў «Акалада» пад кіраўніцтвам Алены Свішчовай.     Канцэрт увабраў у сябе яркія колеры нацыянальных культур і стаў, як адзначалі яго ўдзельнікі, менавіта той пляцоўкай, дзе можна прадэманстраваць свае магчымасці, а яшчэ яскрава адчуць, што мы жывем у краіне, якая беражэ не толькі сваю культуру, але і падтрымлівае традыцыі іншых народаў.   Асобнай старонкай фестывалю стала выстава майстроў народнай творчасці, дзе былі прадстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва розных культур. Найбольш шырока як і ў канцэртнай праграме, так і на выставе былі прадстаўлены вырабы ўкраінскай і рускай культуры.       Што толькі ні прапаноўвалі гледачам удзельнікі выставы! Так, бондар з Іванава Андрэй Максімовіч запрашаў паглядзець, як зроблены біянкі і барыльца, кухлі і крынкі. Майстар па валянні з шэрсці Галіна Корзун з Пінска расказвала, як па старадаўніх рускіх традыцыях вырабляецца экаадзенне – валёнкі, шапкі, камізэлькі. А Кацярына Кіслюк з Івацэвіцкага раёна знаёміла з майстэрствам вырабу з шэрсці цацак, сувеніраў і аксесуараў. Цяжка было адарваць вочы ад чароўных пано з дрэва нашага земляка з Замшан Івана Карабейкі. Віртуозным майстэрствам вырабу выцінанкі дзялілася Наталля Смоліна з Ляхавіцкага раёна, керамічныя вырабы з гліны прывёз на выставу Генадзь Міранюк з Пружаншчыны. На выставе было шмат вышытых ручнікоў, элементаў нацыянальнага адзення. Усе яны заварожвалі сваімі ўзорамі і ўражвалі непаўторнасцю. Гасцям фестывалю цікава было пабываць у зале, дзе былі размешчаны вышыўкі, тканыя вырабы, вырабы з саломы маларыцкіх майстроў - раённага цэнтра народнай творчасці, Дарапеевіцкага Дома рамёстваў і Хаціслаўскага СДК.   Падарункам маларытчанам і ўдзельнікам абласного тура фестывалю «Суквецце культур» стала выступленне інструментальнага ансамбля «Рапсодыя» Брэсцкай абласной філармоніі.   Святлана МАКСІМУК
07.12.2021
Подробнее
В области
У Ляхавіцкім раёне завяршыўся фестываль арганнай музыкі ”Gloria Deo”
У Петрапаўлаўскім касцёле ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавічскага раёна 24 кастрычніка завяршыўся фестываль арганнай музыкі ”Gloria Deo”. Культурнае мерапрыемства ладзілася пры арганізацыйнай падтрымцы Ляхавіцкага райвыканкама і Пінскай дыятэзіі Каталіцкай царквы ў Беларусі.   Арган стаў у Мядзведзічах цудоўным акампанентам восені, дадаўшы новую фарбу кастрычніку. Таму што фестываль ”Gloria Deo” пачаўся 3 кастрычніка і месяц кожную нядзелю дарыў аматарам музыкі сустрэчы з цудоўным. Уваход на канцэрты быў бясплатным.   Месца правядзення фэсту выбралі невыпадкова. Як пісала раней “Заря”, у Мядзведзічах знаходзіцца адзін з буйнейшых у Беларусі арганаў эпохі рамантызму. Інструмент, размешчаны ў Петрапаўлаўскім касцёле на двух паверхах будынка, мае амаль тысячу драўляных і металічных труб памерам ад некалькі сантыметраў да пяці метраў, 17 рэгістраў, два мануала – клавіятура для ігры рукамі і педальная. Арган быў зроблены пад заказ у Вільні ў майстэрні Пятра Вайцяховіча ў 1912 годзе. Нагадаем, ён захаваўся да нашых дзён практычна ў аўтэнтычным выглядзе і з мінімумам пашкоджанняў.   Фестываль арганнай музыкі ”Gloria Deo” стаў прыкметнай культурнай падзеяй гэтай восені. На ім выступілі артысты з Беларусі і Расіі – музыканты, вакалісты з Мінска, Віцебска і Масквы.     Святлана ТАБОЛІЧ
25.10.2021
Подробнее
Главные новости
На Іванаўшчыне прайшоў фестываль «Фальклор без межаў»
Брэндавы фестываль «Фальклор без межаў» у дванаццаты раз прайшоў на Іванаўшчыне, дзе, як адзначыў старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатолій Ткачук, спрадвеку шануецца самабытная культура беларусаў, жывуць таленавітыя, вынаходлівыя і гасцінныя людзі.   У раёне дзейнічае 28 калектываў самадзейнай творчасці, якія маюць званні «народны» і «узорны». Візітная картка раёна – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.   Свята доўжылася два дні: 20 і 21 чэрвеня. Пляцоўкі для паказу багатай народнай творчасці разгарнуліся ў парку «Перамога» ў Іванава і сельскі Дом культуры ў аграгарадку Тышкавічы. Народныя спевы і гульні, побытавыя танцы і траецкая варажба, дэфіле адзення і тэатралізаванае прадстаўленне прадэманстравалі фальклорна-этнаграфічныя калектывы Іванаўшчыны і госці свята – удзельнікі з Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.         Упершыню вядомы фальклорны форум прайшоў летам, а не зімою, як гэта адбывалася раней. Паколькі правядзенне фестывалю супала з праваслаўнай Троіцай, гэта абумовіла акцэнт калектываў на адметнасцях яе святкавання ў розных беларускіх рэгіёнах. Так, у межах праграмы «Траецкія карагоды на Іванаўскай зямлі» ўдзельнікамі былі паказаны ўнікальныя абрады. Усе дзеі адбываліся вакол сімвала свята, бярозы, якую ўбіралі прыгожымі стужачкамі (абрад «Завіванне бярозкі», народныя фальклорна-этнаграфічныя гурты «Жураўка», аг. Псышчава, «Панёвы», аг. Опаль). Падчас прэзентацыі абраду кумавання (аг. Рудск, народны ансамбль «Рудляначка») дзяўчаты абменьваліся траецкімі вяночкамі, якія віліся напярэдадні з розных галінак дрэў і зёлак – бярозы, клёну, мяты, барвінка, рамонка, васілька. Каля бярозы спяваліся траецкія песні, абавязкова вадзіліся карагоды ці таночкі.       Шэраг калектываў прадэманстравалі траецкі абрад «Куст», або «Ваджэнне Куста», які захаваўся да нашага часу на Палессі, у тым ліку ў вёсцы Застружжа Іванаўскага раёна. Там ён праводзіцца на другі дзень Сёмухі. Кустом выбіраецца мясцовая прыгажуня, пажадана з зялёнымі вачыма. Пасля службы ў царкве ёй з галінак бярозы, клёну, дубу робяць «зялёны» убор – сукенку і вяночак. Туды ж уплятаюць мяту і васількі. Пасля Куст разам з падарожнікамі ў залежнасці ад мясцовасці іх колькасць была абавязкова цотнай альбо няцотнай, ходзяць па вёсцы і спяваюць траецкія песні. У іх – зварот да Бога, каб ён падарыў сёлета добры ўраджай. Гаспадарам людзі гавараць: «Водым Кусту по сыловы, шоб всі люды булы здоровы». У некаторых вёсках Куста размяшчаюць на белым памосце, якім служыць вытканы ручнік. Пасля таго, як сустрэліся з усімі аднавяскоўцамі, вянок Куста кладуць да наступнага года за абраз, а «сукенку» людзі разбіраюць па галінцы. Пры гэтым прыгаворваюць, напрыклад, «быру голінку дубу, шоб ны болілы зубы» і інш.     Народны сямейны аўтэнтычны фальклорны калектыў Лук'яновічаў (Леснікоўскі сельскі Дом культуры) прэзентаваў абрад Зелянец. Раней ён бытаваў у некаторых населеных пунктах Драгічыншчыны і Бярозаўшчыны ў другі чацвер пасля Тройцы. Цяпер адзначаецца толькі ў вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна. Хоць на календары амаль канец чэрвеня, згодна са звычаямі гэтай мясцовасці, толькі калі «прыйшов Зылынэц – высны конэц, літа начало...». На Зелянца таксама вілі вяночкі, якія асвячалі і вешалі на прыдарожныя крыжы ў вёсцы, адносілі на могілкі.   У праграме свята – дэфіле адзення з бабулінага куфэрка «Вяртанне да спадчыны». Незвычайныя касцюмы, выкананыя на сучасны лад з ільняных сурвэтак, вытканых ручнікоў, стварылі работнікі сельскіх Дамоў культуры Іванаўшчыны. Перамаглі ў гэтым конкурсе касцюмы, прадстаўленыя Сачыўкаўскім і Мотальскім СДК. Другое месца падзялілі ўборы з Псышчава і Рудска. Трэцяе – з Іванаўскага цэнтра культуры і народных традыцый і аграгарадка Адрыжын. Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі мадэлі з Залядыння і Махро. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны грашовымі сертыфікатамі.       Таксама каля летняга амфітэатра ў гарадскім парку адбыўся агляд-конкурс побытавых танцаў «Скакорыкі ў Янове». Дзеля таго, каб атрымаць грашовы прыз, парам неабходна было паказаць сваё танцавальнае майстэрства выконвалі падыспань, кракавяк, карапет (лысы), ночку, танец «На рэчаньку», польку з выкрунтасамі, вальс. Самым артыстычным быў прызнаны дуэт з Адрыжына. Удзельнікі з Моладава занялі 3-е месца, пара з Моталя – узнагароджана дыпломам II ступені. Сачыўкаўскія танцоры, па меркаванні журы, былі самымі лепшымі.   Усе прызы і дыпломы ўдзельнікам фестывалю прадставіў яго арганізатар – аддзел культуры Іванаўскага райвыканкама.     На працягу свята працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гандлёвыя рады і шматлікія фотазоны. Трынаццаты «Фальклор без межаў», плануецца, пройдзе праз два гады – у юбілейным для беларускага Іванава 2023 годзе. Гораду споўніцца 600 год.   Наталля КРЫВЕЦКАЯ Фота аўтара
25.06.2021
Подробнее