З 23 па 25 мая на Іванаўшчыне праходзіў абласны форум «З любоўю да песні»

26.05.2025

Арганізатарамі маштабнага мерапрыемства выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр, Іванаўскі райвыканкам.

Гісторыя свята

Пачатак быў пакладзены яшчэ ў 1995 годзе. Тады на прасторах першага рэгіёну праводзіліся такія песенныя мерапрыемствы, як абласны фестываль вакальна-харавога мастацтва «Ляці, наша песня» і свята духоўнай музыкі (праходзілі звычайна на Пружаншчыне – малой радзіме беларускага харавога дырыжора Рыгора Шырмы), свята-конкурс патрыятычнай песні і іншыя. Пазней яны былі аб’яднаны. Упершыню ў новым фармаце песеннае свята правялі ў 2015 годзе.

На гэты раз цэнтрам вакальна-харавога мастацтва Берасцейшчыны стала Іванава – культурная сталіца Беларусі-2025. Мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю Вялікай Перамогі, аб’яднала каля васьмісот удзельнікаў. Выступленні калектываў праводзіліся ў райцэнтры, аграгарадках Опаль, Адрыжын, Дастоева. У вясковых храмах адбыліся канцэрты духоўнай музыкі. Яшчэ былі паказаны майстар-класы. Напрыклад, для кіраўнікоў дзіцячых харавых калектываў яго правяла Наталля Ягорава (г. Брэст).

Спевы як ранішняя зорка

Конкурсную праграму адкрылі выступленні дарослых калектываў (акадэмічныя спевы). Гучныя апладысменты ад удзячнай публікі гучалі ў адрас вакальных ансамбляў і харавых калектываў з Брэста, Жабінкі, Століна, Іванава, Пружан і Баранавіч. У той час, калі слухачы атрымлівалі асалоду ад творчых нумароў, журы, старшынёй якога была выкладчык харавых дысцыплін Баранавіцкага музычнага каледжа Марына Галушка, ацэньвала канкурсантаў прафесійна. Яны выступілі годна, але з узнагародамі дадому вярнуліся не ўсе. Так, у намінацыі «Харавы калектыў» дыплом І ступені атрымаў народны камерны хор дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы (г. Пружаны); лаўрэатам песеннага форуму «З любоўю да песні» стаў народны акадэмічны хор Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый (мастацкі кіраўнік Наталля Серада). Трэба меркаваць, што тонкая нюансіроўка, доўгая фразіроўка, выкарыстанне спецыфічных тэмбравых выразных якасцяў хору дапамаглі ўдзельнікам у прэзентацыі твораў.

Адзін з самых маладых вакальных ансамбляў, якому прысвоена званне «Народны» на Брэстчыне, – «Amabile» са Століна – стаў дыпламантам І ступені; вышэйшую ўзнагароду ў дадзенай намінацыі заслужыў народны вакальны ансамбль «Мілавіца» (Брэсцкі гарадскі цэнтр культуры, мастацкі кіраўнік – Ларыса Борсук). Яго ўдзельнікі больш за сорак гадоў дзеляцца сваёй творчасцю і чуюць вокліч «брава» не толькі на беларускіх пляцоўках. «Мілавіца» выступала ў Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Марока, Амерыцы.

Дзіцячы голас

23 мая выступілі таленавітыя дзіцячыя калектывы Брэстчыны. Грамату аргкамітэта атрымалі ўзорныя хары «Канцілена» (г. Баранавічы), «Купалінка» (г. Кобрын), «Пеўнікі» (г. Брэст).

– Хор хлопчыкаў «Пеўнікі», створаны ў 1975 годзе,  – маё дзецішча. З ім не развітваюся больш за сорак год. Радуюся, калі выхаванцы звязваюць свой прафесійны лёс з музыкай. Але, найперш, прыемна назіраць, як яна ўплывае на светапогляд нашых дзяцей. Задаволены, як сёння мае талентавітыя і здольныя хлопчыкі і дзяўчынкі выканалі «Белавежскую пушчу». Няпростая задача – праспяваць акапэльна – была ў Арцёма Зайца, – выказаўся мастацкі кіраўнік Алег Нярода.

Дыпламантамі ІІ ступені сталі хары з Баранавіч і Брэста «Вясёлка» і «Кант». Творчая біяграфія ўзорнага хора «Вясёлка» пачала пісацца з 1984 года. Праз два гады з моманту заснавання калектыў атрымаў званне «Народны». У 2000-м годзе на аснове хора была створана харавая школа (адзіная такая ў Брэсцкай вобласці), якой у 2003 было прысвоена імя народнага артыста СССР Віктара Роўды. Педагогі ўстановы прывіваюць дзецям любоў да песеннага мастацтва з юнага ўзросту. Мяркуючы па выказваннях удзельнікаў, у іх гэта выдатна атрымліваецца. «Музыка – асаблівы свет. Там балам кіруе ўрачыстасць і натхненне», – падзялілася Таццяна Баздырава.

Мастацкі кіраўнік ўзорнага хору «Кант» (дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 г. Брэста) Святлана Барысюк пра ўдзел у абласным форуме расказала так:

– Любое конкурснае выступленне – выдатны ўрок як для ўдзельнікаў, так для мяне. Што датычыцца самой, то заўжды працавала з энтузіязмам. Сёння адзін з нумароў дзеці выканалі на лацінскай мове. У рэпертуары хору ёсць таксама песні на англійскай, іспанскай і іншых замежных мовах. Раней многа выступалі за межамі, адкуль прывозілі высокія ўзнагароды. Што тут гаварыць, музыка павінна аб’ядноўваць, злучаць народы, а не наадварот.

Дыпломам І ступені ўзнагародзілі ўзорны хор «Вітанак» з Пружан.  Пераможцам у намінацыі «Харавы калектыў» стаў узорны хор «Пралескі» (дзіцячая музычная школа мастацтваў №2 г. Брэста).

У намінацыі «Вакальны ансамбль» дыпламантамі сталі ўзорны ансамбль песні і музыкі «Таўкачыкі» (Кобрын) і ўзорны эксперыментальны спеўны гурт «Славяначка-NEXT» (Іванава).

24 і 25 мая эстафету прынялі калектывы з народнай манерай выканання. На канцэрце «Спявай, красуй, Палессе!» выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца «Палескія зоры» (г. Пінск). Кульмінацыяй свята стаў гала-канцэрт у гарадскім парку.

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара