У Дзень народнага адзінства ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адбылася рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Заходняя Беларусь 1921–1939 гадоў у прасторы і часе: да 105-годдзя Таварыства беларускай школы і Дня народнага адзінства». Арганізатарам навуковага мерапрыемства выступіў гістарычны факультэт БрДУ.
У працы канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, выкладчыкі, архівісты і музейныя работнікі, настаўнікі, аспіранты і студэнты. На адкрыцці зачыталі прывітальны адрас старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Аляксандравіча Пархомчыка, у якім кіраўнік вобласці абгрунтоўваў актуальнасць заяўленых тэм і жадаў плённай работы ўдзельнікам.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся рэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Анатоль Машчук і дырэктар–галоўны рэдактар Брэсцкай абласной газеты «Заря» Ігар Гетман.
Праца канферэнцыі была пабудавана ў фармаце двух пленарных пасяджэнняў. Тэматыка выступленняў ахапіла ключавыя пытанні гісторыі Заходняй Беларусі 1921–1939 гадоў: дзейнасць партый і грамадскіх арганізацый, нацыянальна-вызваленчы рух, адукацыйную і культурную палітыку, становішча праваслаўнай царквы, эканамічнае развіццё краю.
Ключавыя аспекты дзейнасці Таварыства беларускай школы, роля і значэнне яе культурна-асветніцкай працы былі прааналізаваны ў дакладзе прафесара Аляксандра Вабішчэвіча. Загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнт Вольга Бароўская актуалізавала пытанні Заходняй Беларусі ў палітыцы савецкай дзяржавы ў перыяд 1921–1939 гадоў. Тэму жанчын у гісторыі і гістарыяграфіі Заходняй Беларусі раскрыў дэкан гістарычнага факультэта Аляксандр Савіч. Дырэктар дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Ганна Карапузава ахарактарызавала агульную спецыфіку дакументаў архіва перыяду 1939 – 1941 гадоў, якія дазваляюць прасачыць дынаміку трансфармацыі жыцця заходнебеларускага рэгіёну.
Удзельнікі канферэнцыі канстатавалі навуковую і грамадскую значнасць далейшага вывучэння заходнебеларускага рэгіёну, адзначылі неабходнасць увядзення ў навуковы ўжытак новых архіўных крыніц, пашырэння міжрэгіянальнага супрацоўніцтва гісторыкаў, педагогаў, архівістаў і журналістаў. Па выніках работы канферэнцыі вызначаны напрамкі далейшых даследаванняў, папулярызацыі гістарычных ведаў і выкарыстання іх у вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Канферэнцыя чарговы раз сцвердзіла своечасовасць і актуальнасць з’яўлення ў беларускім календары параўнальна новага свята – Дня народнага адзінства.
Алег КУНЕЦ