Ніна Мацяш – мастацкі сімвал Берасцейшчыны. Яе творы – адлюстраванне менталітэту не проста грамадзян нашай Айчыны, а яшчэ і яркі адбітак жыццёвага самасцвярджэння палешукоў, берасцейцаў. Многія вершы таленавітай паэтэсы, якая прайшла нялёгкімі жыццёвымі дарогамі выпрабаванняў, даўно сталі праграмнымі, трывала ўсталяваліся ў памяці чытача.
«Ляціць майго лёсу кульгавае кола…», «Ранак. Узлесак. Снег нечапаны…», «Глыток паветра быў глытком жыцця…», «Не ўмееш быць нядобрай…» – так і цягне паўтараць і паўтараць гэтыя радкі, напоўненыя многімі думкамі і сэнсамі.
Толькі што ў выдавецтве «Беларусь» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выйшла кніга паэзіі знакамітай мастачкі слова «У прыгаршчах ветру». У зборнік, аддрукаваны рэльефна-кропкавым шрыфтам па сістэме Брайля, увайшлі болей за 80 твораў Ніны Мацяш. Асновай для выдання стала кніга «У прыгаршчах ветру», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Літаратура і мастацтва» ў 2009 годзе. Рэдактары зборніка для невідушчых – Т. Аўсіевіч і Л. Кухарава. Наклад выдання, якое аддрукавана на Мінскім паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа, – 15 экзэмпляраў. Як вядома, вялікія памерам брайлеўскія кнігі трапляюць толькі ў вядучыя бібліятэкі краіны, тыя кніжніцы, куды звяртаюцца чытачы з праблемамі зроку.
Падзею каменціруе галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Ірына Фёдарава: «Для нас з’яўляецца вялікім гонарам вырашаць важкую для грамадства задачу па сацыяльнай падтрымцы невідушчых. І вельмі прыемна, што гэтая катэгорыя цікаўных і да мастацкага слова людзей атрымала такую магчымасць задаволіць свае зацікаўленні ў галіне беларускай літаратуры, беларускай паэзіі. У планах выдавецтва «Беларусь» – працяг працы па выданню шрыфтам Брайля твораў іншых беларускіх пісьменнікаў».
У зборнік Ніны Мацяш увайшоў і вядомы яе вянок санетаў «Бабіна лета ў Белаазёрску».
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, г. Мінск