Убачыў свет другi нумар літаратурнага альманаха «Брэст–Барнаул»

Цудоўнай навіной напачатку 2021 года стаў выхад другога нумара міжнароднага літаратурнага альманаха «Брэст – Барнаул», прэзентацыя якога адбылася ў анлайн-рэжыме і стала добрай падставай для далейшага пашырэння сяброўскіх зносін.

 

З прывітальным словам падчас мерапрыемства выступілі дырэктар Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Святлана Гарадзецкая і загадчыца мемарыяльнай бібліятэкі імя У.М. Башунова Вольга  Калбашова.

 

Адказны сакратар Алтайскай краявой пісьменніцкай арганізацыі «Саюз пісьменнікаў Расіі», дырэктар Барнаульскага літаратурнага агенцтва «Неа-літ» Ганна Самойлава падкрэсліла: «У наш няпросты час вельмі важна адчуваць локаць сябра. Зборнік «Брэст – Барнаул» стаў сваеасаблівым, мастком, які з’яднаў два роднасныя народы. Творы, якія ўвайшлі ў зборнік, напоўнены жыццём і верай у будучыню».

 

І сапраўды, магчымасць адчуць праз вялікую адлегласць настрой адзін аднаго, пачуць цікавыя аповеды, успаміны, творы ў аўтарскім выкананні, шчырыя пажаданні стала вялікай радасцю і маральнай падтрымкай для аўтараў, паяднаных творчасцю.

 

Падчас сустрэчы свае вершы прачыталі і падзяліліся ўражаннямі ад выдання зборніка Наталля Грыневіч і Ларыса Тарошчына (Барнаул), Ірына Морых (Брэст), паэт Барыс Бондараў  распавёў пра свае беларускія карані і пра ўражанні ад наведвання Брэста, а пісьменнік Аляксандр Валковіч падзякаваў алтайцам за выбітнага майстра слова Васіля Шукшына, праз творы якога мы адчуваем духоўную еднасць нашых народаў. Выйшла на сувязь і самая юная ўдзельніца творчага праекта – барнаульская школьніца Лізавета Селіванава.

 

Другі нумар альманаха атрымаўся разнастайным па тэматыцы. Фантастыка побач з рэальнымі гісторыямі, проза суседнічае з паэзіяй, мінулае – з днём сённяшнім і будучыняй, вопытныя аўтары разам з тымі, хто робіць першыя крокі.

 

Празаічныя старонкі з беларускага боку прадстаўлены творамі Зінаіды Дудзюк, Настассі Нарэйкі, Аляксандра Валковіча, Сяргея Белаяра, Таццяны Дземідовіч, паэтычныя – вершамі Галіны Бабарыкі, Мікалая Кавалевіча, Любові Красеўскай, Анастасіі Смілінай, Ганны Ігнацюк, Надзеі Парчук.

 

Ганна Самойлава пазнаёміла ўдзельнікаў прэзентацыі з творамі Вольгі Такмаковай, Алены Вазнюк, Яны Ізотавай, Аржана Салбашава, якія былі надрукаваны ў кнізе.

 

Традыцыйна альманах пабачыў свет адначасова ў беларускім і расійскім выдавецтвах. На працягу 2021 года кніга будзе прэзентавацца падчас літаратурных святаў і мерапрыемстваў. Пісьменнікі выказалі надзею, што агульная бібліятэчка з кожным годам будзе папаўняцца новымі выданнямі, а творчыя сувязі працягнуць мацнець.

 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Опубликовано: 21:06 - 07.02.2021г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.