Главная - Новости - У Ружанах у дар храму перададзена ікона святой велікамучаніцы Барбары

У Ружанах у дар храму перададзена ікона святой велікамучаніцы Барбары

У Ружанах у дар храму перададзена ікона святой велікамучаніцы Барбары

Знакавая падзея адбылася ў жыцці касцёла Святой Тройцы г.п. Ружаны. У дар храму перададзена ікона святой велікамучаніцы Барбары. Яе аўтар – брэсцкі мастак-ювелір, заслужаны дзеяч мастацтваў, аўтар адноўленага Крыжа Еўфрасінні Полацкай і ракі для нятленных мошчаў гэтай святой Мікалай Кузьміч.

 

Ідэя стварэння іконы належыць мецэнату, імя якога не раскрываецца. Два гады таму мужчына вырашыў дапамагчы ружанскаму храму – святыні XVI стагоддзя. Дзякуючы яму будынак касцёла і агароджа вакол яго былі прыведзены ў парадак. З буклета з гісторыяй і здымкамі храма мецэнат даведаўся пра каплічку святой Барбары, якая месціцца справа ад касцёла. Тады ж і вырашыў: у храме павінен з’явіцца абраз велікамучаніцы. Звярнуліся да знакамітага брэсцкага мастака-ювеліра.

 

Каб стварыць абраз святой Барбары, Мікалаю Кузьмічу спатрэбілася восем месяцаў. Ікона зроблена ў тэхніцы старажытнавізантыйскай эмалі і складаецца з вельмі тонкіх залатых пласцінак. Яна невялікая – 20 на 30 сантыметраў, яе вага – 700 грамаў.

 

Святая Барбара аднолькава шануецца каталікамі і праваслаўнымі. Таму пасля асвячэння іконы ў віцебскім касцёле імя велікамучаніцы распачалася пілігрымка па ўсёй Беларусі. Яна пабывала ў цэрквах і касцёлах у Навагрудку, Лідзе, Жлобіне, Магілёве… Усюды ікону сустракалі з вялікай павагай, і маліліся, просячы аб добрым здароўі, пазбаўленні ад роспачы і смутку.

 

Трэба сказаць, што ідзе праца яшчэ над адным абразом. Ікона «Маці Божая Уладарка лясоў» робіцца для пружанскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. На ёй можна будзе ўбачыць Дзеву Марыю, выявы самога касцёла і Пружанскага палацыка.

 

 

Уладзіслаў ШПАРЛА

Фота аўтара

 

Яндекс.Метрика