З 25 па 29 сакавіка ў 10 гарадах Беларусі таленавітыя навучэнцы спаборнічаюць па 18 вучэбных дысцыплінах. У Брэсцкай вобласці прымаюць інтэлектуалаў з усёй рэспублікі Брэст і Пінск: юнакі і дзяўчаты прадэманструюць свае глыбокія веды па прадметах “Хімія” і “Біялогія” ў Палескім дзяржаўным універсітэце, а лепшых знаўцаў мовы Коласа і Купалы вызначаць у Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прымаюць удзел каманды ўсіх абласцей, горада Мінска, а таксама ліцэя БДУ.
Як адзначыла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна, у заключным, чацвёртым, этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” прымаюць удзел 111 вучняў з усіх рэгіёнаў нашай краіны – самыя лепшыя, таленавітыя, філалагічна адораныя дзеці.
– Падрыхтоўка да алімпіяды мае сістэмны характар. Пачынацца яна павінна ў пачатковай школе, і на пацягу школьных гадоў удасканальваюцца веды і ўменні вучняў. Як правіла, вынік залежыць ад сумеснай плённай працы вучня і настаўніка, – лічыць Ірына Булаўкіна.
Каманду Брэсцкай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды прадстаўляюць 202 навучэнцы. Яны спаборнічаюць па ўсіх алімпіядных вучэбных прадметах, акрамя кітайскай мовы. Усе ўдзельнікі з’яўляюцца пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды і маюць прэферэнцыі падчас паступлення ў рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі.
Звяртаючыся са сцэны Брэсцкага абласнога цэнтра маладзежнай творчасці да ўдзельнікаў алімпіяды, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская падкрэсліла сімвалічнасць таго, што заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” праводзіцца ў Брэсце менавіта сёлета – у год, калі краіна адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а Брэсцкая вобласць – 85-годдзе стварэння, калі Брэст з’яўляецца маладзежнай сталіцай рэспублікі.
– Удзелам у алімпіядзе вы пацвердзілі сваю павагу да роднага слова, да беларускай культуры і літаратуры. Ваша жаданне развівацца, паглыбляць свае веды захапляе. А вашым настаўнікам, якія прайшлі разам з вамі цярністы шлях да заключнага этапу, хочацца шчыра падзякаваць за любоў да сваёй працы і высокі прафесіяналізм, – сказала Наталля Каліноўская.
Вызначаць найлепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры будзе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі 18 кандыдатаў і дактароў навук, філолагаў, выкладчыкаў вну, навуковых супрацоўнікаў і педагогаў на чале са старшынёй журы, прарэктарам па навуковай рабоце ДУА “Акадэмія адукацыі” доктарам педагагічных навук Вольгай Зелянко.
На выдатны вынік разлічвае прадстаўніца каманды Мінскай вобласці, навучэнка Зубкаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна Ангеліна Януртовіч. Для паглыбленага вывучэння дзяўчына свядома выбрала беларускую мову – гэта мова зносін яе сям’і.
– Любоў да беларускай мовы мне перайшла ад прабабулі. У нашай сям’і захоўваюць народныя традыцыі, таму мне заўсёды было цікава ўсё, што датычыцца беларускай культуры, нашых абрадаў і свят. У будучым я хацела б напісаць па гэтай тэматыцы даследчую працу. Да алімпіяды я рыхтавалася напружана, пад кіраўніцтвам настаўніцы пазбаўлялася недахопаў у ведах і паўтарала пройдзены матэрыял, – расказала Ангеліна.
Падчас інтэлектуальных спаборніцтваў у Брэсце для юнакоў і дзяўчат падрыхтавалі знаёмства з горадам і цікавую культурную праграму.
Алёна САЦУТА
Фота Юрыя МАКАРЧУКА
Оставить комментарий