Ткачыха з Антопаля Галіна Сцепанюк давала майстар-класы за мяжой

Народнага майстра Галіну Сцепанюк (цёзка Сцепаніды Сцепанюк з Маларытчыны) добра ведаюць не толькі на яе малой радзіме – у гарадскім пасёлку Антопаль Драгічынскага раёна. За адраджэнне і захаванне самабытнай народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў рэгіёну Галіна Міхайлаўна ў 2013 годзе была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта.

 

Ужо чатырнаццаць год Галіна Сцепанюк кіруе Антопальскім раённым Цэнтрам рамёстваў, а таксама праводзіць заняткі ў некалькіх гуртках: «Ткацтва паясоў», «Дэкаратыўны роспіс», «Штучныя кветкі», «Беларускі сувенір». Яшчэ тут працуе гурток разьбы па дрэве, філіялы якога ёсць у Драгічыне і Пярковічах (педагогі Валерый Манцэвіч, Аляксей Кавалевіч). У гэтым навучальным годзе ў розных гуртках займаецца каля 80 дзяцей. Большасць хлопчыкаў і дзяўчынак вучацца ў школе, але ёсць і некалькі дашкольнікаў. Як правіла, старэйшыя дзеці ў сям’і матывуюць на заняткі малодшых брацікаў і сястрычак. Напрыклад, Ганначцы Антончык толькі чатыры гады, у Цэнтр рамёстваў яе прывялі сёстры – Даша (вучыцца ў чацвёртым класе) і Віка (у трэцім). Дзяўчынцы таксама захацелася на святы здзіўляць бацькоў падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. Самыя шматлікія ў апошні час гурткі – «Дэкаратыўны роспіс» і «Разьба па дрэве». Аднак некалькі год таму папулярным было ткацтва паясоў. Падтрымаць цікаўнасць да гэтата рамяства

імкнуцца ў Антопалі і цяпер.

 

Тэхніку пляцення паясоў Галіна Сцепанюк засвоіла ў сорак пяць год на семінарах-практыкумах выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірыны Мазюк. Сёння на радзіме і за мяжой яна актыўна паказвае аналагічныя майстар-класы. Дзякуючы паясам жанчына многа падарожнічала – была ў Польшчы, Расіі, Тукменістане, Чэхіі, Германіі, Францыі. За вяртанне з нябыту беларускага рамяства ткацтва і пляцення паясоў Галіне Міхайлаўне Сцепанюк, пакуль адзінаму чалавеку ў Драгічынскім раёне, у 2013 годзе было прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі».

 

 

 

Вучыць выхаванцаў Антопальскага Цэнтра рамёстваў ткаць паясы яна пачала ў 2008-м. Спачатку дзеці спасцігалі таямніцы рамяства на картонных лістах, потым свае ж рэзчыкі зрабілі драўляныя бердзечкі. «Сюды прыходзяць толькі самыя цярплівыя дзеці. Паўтары гадзіны доўжыцца занятак. Столькі часу ткач павінен знаходзіцца немабільным – яго «прывязваюць» да чагосьці моцнага. Калі выязджаем на этнаграфічныя фестывалі, то прывязваемся да дрэваў. Як правіла, першы пояс патрабуе больш часу на яго выраб. Аднойчы мяне здзівіла адзінаццацігадовая Даша Крывецкая з вёсі Гутава. Там я паказвала майстар-клас па ткацтве. Яна хутка засвоіла тэхніку пляцення, і за мерапрыемства зрабіла прыгожы пояс. Я думаю, у дадзеным выпадку спрацавала генетычная памяць. Напэўна, яе прабабуля і бабуля былі добрымі ткачыхамі. Паколькі ткацтвам у Беларусі людзі займаліся здавён, прозвішчы з асновай «ткач» у нас вельмі распаўсюджаныя – Ткач, Ткачук, Ткачонак, Ткачэня і інш. Тканы пояс раней – абавязковы атрыбут адзення нашых продкаў. Па поясе – які яго колер, даўжыня, таўшчыня – вызначалі статус, пол, узрост чалавека, яго сямейны стан. Адным словам, пояс быў як пашпарт», – гаворыць Галіна Сцепанюк.

 

 

 

Падчас фестывалю з юнымі ткачамі ў Камянецкім раёне ў рукі Галіны Сцепанюк трапілася каштоўная знаходка – пояс бабыля. Так звалі ўзроставага халасцяка, які насіў пояс з нітак бежавага і бардо колераў. Найлепш купляецца на выставах антопальскі павівач – пояс з яркіх нітак, якім перавязвалі немаўля. Існуе шмат павер’яў, адно з іх такое: калі жанчына не можа зацяжарыць, трэба ёй перакрочыць праз пояс, які тчэцца, і яна абавязкова спазнае радасць мацярынства. Пояс брата нявесты быў бела-васільковы з адной чырвонай нітачкай, яго даўжыня таксама была рэгламентавана – 4 метры 20 сантыметраў. Калі дзяўчына дарыла хлопцу пояс з чырвонай ніткай, лічылася, што яна робіць яму прапанову пабрацца. У Галіны Сцяпанаўны здарыўся казус: яна, не ведаючы гэтага нюансу, падарыла такі пояс аднаму экс-высокапастаўленаму беларускаму чыноўніку, які ў кулуарах потым жартаваў наконт вяселля. Пояс сямейнай і незамужняй жанчыны адрозніваўся; чым больш сталы быў чалавек, тым яго пояс быў шырэйшы.

 

 

Зараз Галіна Сцепанюк – адукаваны ў гэтых пытаннях чалавек. А тады, на пачатку ўзнікнення Цэнтра рамёстваў, любая інфармацыя, якую даведвалася пра паясы, была як вялікае адкрыццё. «Дзіўна, але факт – якая багатая нашая культура! Якімі мудрымі былі нашыя продкі – нічога ў іх гардэробе не было выпадковым! Самае галоўнае лічу тое, што мы паспелі спахапіцца і адрадзіць у Антопалі забытыя рамёствы, якімі раней займаліся людзі на драгічынскай зямлі, – роспіс куфраў, ткацтва народных паясоў, выраб штучных каравайных кветак», – гаворыць антопальская майстрыха.

 

 

Менавіта дзякуючы апантанасці і патрыятызму гэтай мудрай жанчыны, якая нядаўна справіла свой 60-гадовы юбілей, маладое пакаленне можа дакрануцца да сакральнага ў нацыянальнай культуры.

 

 

 

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара

Опубликовано: 11:56 - 22.03.2021г.
Поделиться новостью