Замест строгіх гарнітураў — вышыванкі: як банкіры ў Іванава падтрымліваюць «сваё»

21.02.2026

Чалавек мае розныя патрэбы. Апранацца цёпла ва ўмовах сёлетняй марознай зімы – неабходнасць, што стварае камфорт, найперш, для цела. Душа чалавечая таксама патрабуе спажывы. А душа народа – у традыцыях продкаў, у роднай мове, у нацыянальнай культуры. Гэтыя і іншыя складнікі вызначаюць яго самабытнасць. Вельмі прыемна, калі клопатамі пра захаванне нацыянальнай адметнасці жывуць тыя, хто побач.

Цёплыя словы – у адрас супрацоўнікаў Цэнтра банкаўскіх паслуг №112 ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк» у Іванаве. Прафесійная дзейнасць аніяк не перашкаджае гэтым дасведчаным у грашовых справах людзям знаходзіцца на патрыятычнай хвалі, падтрымліваць роднае, сваё. Усплеск гонару іванаўскіх банкіраў (як і ў цэлым жыхароў раёна) за мясцовую культуру прыйшоўся на мінулы год, калі Іванава мела статус культурнай сталіцы Беларусі. Шматлікія мерапрыемствы разнастаілі вольны час людзей. Кіраўніцтва і супрацоўнікі Беларусбанка не засталіся ў баку ад культурнага руху: на першым паверсе Беларусбанка, дзе знаходзіцца аперацыйная зала, адкрылі этнаграфічнае пано, што ўпрыгожыла цэнтральную сцяну вялікага памяшкання. На ім – выява забудовы гарадской плошчы, дзе небеспадстаўна суседнічаюць сакральныя помнікі – царква, касцёл і памятны знак «Янава слова», устаноўлены да Дня беларускага пісьменства, – каштоўнасці, якія сімвалізуюць веру чалавека і імкненне яго да ведаў. Многія кліенты, асабліва тыя, хто ўпершыню бачыў мастацкае палатно, былі прыемна ўражаныя цікавым іміджавым ходам любімага банка.

– Прыгожым пано ў этнічным стылі справа не скончылася. Годным працягам стала абранне новага прафесійнага дрэс-кода супрацоўнікаў аперацыйнай службы. Строгія белыя кашулі змяніліся вышыванкамі, – расказаў дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №112 Дзмітрый Такарчук.

Іванаўскія банкіры зычліва сустракаюць кліентаў сваёй лагоднай усмешкай, а яшчэ «васількоў шапатліваю моваю» на адзенні. Сімвалы роднай Беларусі грэюць душу прадстаўнікоў банкаўскай сферы, якія, дарэчы, па жаданні людзей дагаворныя адносіны афармляюць на беларускай мове. І калі да запаўнення дакументаў супрацоўнікі апрыёры падрыхтаваныя, то дадатковая порцыя адказнасці і ўвагі спатрэбілася калектыву 20 лютага. Усе адчулі сябе крыху вучнямі, але найперш беларусамі: далучыліся да напісання карпаратыўнай дыктоўкі, якая была прымеркавана да святкавання Дня роднай мовы. Гэты экзамен на патрыятызм для супрацоўнікаў – святая справа, як і слоган у прафесійнай дзейнасці: быць заўжды побач!

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара