Сапраўднай візітоўкай Ганцаўшчыны з’яўляецца народны ансамбль песні «Талака». Сёлета калектыў адзначае 35-гадовы юбілей, і за гэты час летапіс калектыву склаў не адзін том. Гісторыя зорнага аб’яднання пачалася дзякуючы адной беларускай жанчыне, яе вялікай мары і веры ў сваю справу. Пра тое, як утварылася «Талака», якія змены і перамогі чакалі яе на творчым шляху, даведаліся ў размове з яе кіраўніцай Ірынай Марцінкевіч.
«Я лічу, што жыццё чалавека вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а тым, колькі ён за гэта жыццё паспеў зрабіць», – гаворыць Ірына Марцінкевіч, і яе шлях – яскравы таму прыклад.
Мара стварыць для людзей штосьці значнае не давала спакою маладой жанчыне, якая некалі прыйшла працаваць у Ганцавіцкі гарадскі Дом культуры. Менавіта там Ірына Барысаўна стала збіраць жанчын з народнымі галасамі. Разам яны арганізоўвалі «Вячоркі», паказвалі шырокаму гледачу абрады і звычаі Ганцаўшчыны. Гэтыя выступленні публіка заўсёды ацэньвала вельмі высока.
Мінула пяць гадоў – і самадзейны калектыў паехаў на абласны фестываль у Пінск. Атрымаўшы высокую ўзнагароду ў сталіцы Палесся, артысты прыслухаліся да парад і пачалі рыхтаваць праграму для прысваення калектыву звання «Народны». Так, з 1995 года «Талака» годна носіць і нязменна пацвярджае гэтае званне.
Ганцавіцкія таленты былі запрошаны на рэспубліканскае тэлебачанне, дзе адбылася знакавая сустрэча з вядомым беларускім фалькларыстам Васілём Ліцвінка. Даведаўшыся пра тое, што ў калектыве ёсць таленавіты кампазітар і аранжыроўшчык Валерый Марцінкевіч, Ліцвінка параіў Ірыне Барысаўне не засяроджвацца на фальклоры, а стварыць свой адметны калектыў з аўтарскімі песнямі. Вярнуўшыся на малую радзіму, Валерый і Ірына Марцінкевічы сталі над гэтым працаваць.
Знаходзіць таленты – задача нялёгкая, але Ірыне Барысаўне гэта ўдавалася. Да «Талакі» далучаліся людзі розных прафесій і сфер дзейнасці, якіх аб’ядноўвала галоўнае – любоў да музыкі і песні, культуры роднага краю. Ансамбль апраўдвае сваю назву і застаецца магнітам для людзей мастацтва па сённяшні дзень.
Асаблівай увагі заслугоўвае рэпертуар «Талакі», у якім больш за сотню песень, з якіх 99 працэнтаў – на беларускай мове. А яшчэ Валерый Марцінкевіч, музычны кіраўнік аб’яднання, актыўна супрацоўнічае з паэтамі-землякамі, піша музыку да іх вершаў. Прычым кампазітара цікавяць не толькі вядомыя аўтары. Ірына Барысаўна прызналася, што заўсёды актыўна сачыла за літаратурнай старонкай раённай газеты, часам там знаходзіліся сапраўдныя дыяменты. Аднойчы жанчыне трапіўся верш сёння знакамітага футбаліста, а тады яшчэ школьніка Вадзіма Пабудзея. Паказала мужу-кампазітару, той ацаніў, напісаў да яго музыку, і цяпер «Талака» выступае з гэтай песняй.
…Адна са сцен рэпетыцыйнага памяшкання «Талакі», у якім мы з кіраўніцай ансамбля размаўляем, поўнасцю завешана граматамі ды дыпломамі. Апярэджваючы мае пытанні, Ірына Барысаўна кажа: «Гэта, вядома, не ўсё: каб мы кожную грамату вешалі, то гэтага пакоя не хапіла б». І дадае: «Сёння дыпломы даюць нават проста за ўдзел. Яно і правільна: трэба падтрымліваць творчых людзей. Але ж у былыя часы для таго, каб атрымаць дыплом лаўрэата, трэба было паказаць найвышэйшы пілатаж на ўзроўні рэспублікі, і нам у 2000 годзе гэта ўдалося». Гаворка ідзе пра перамогі аб’яднання ў Міжнародных фестывалях 2000 года «Палескі карагод» і «Звіняць цымбалы і гармонік». Удзел у іх Ірына Марцінкевіч дасюль называе самай яркай падзеяй у творчым жыцці калектыву.
Час ідзе, выступленні працягваюцца. Сёння без «Талакі», без перабольшвання, не абыходзіцца ніводнае свята раёна. Вось і кіраўніца ансамбля ўключае зусім свежанькія запісы з выступленняў і, вядома, самыя любімыя, кожны з якіх кранае за жывое. Сапраўдны жыццяпіс галасамі талакоўцаў, якіх некалі знайшла і аб’яднала Ірына Марцінкевіч. Пра талент, адметнасць і адданасць справе кожнага ўдзельніка гаворыць жанчына з любоўю і ўдзячнасцю. Яна падкрэслівае: «Без нашых людзей нічога не атрымалася б».
На развітанне Ірына Барысаўна кажа: «Кожны чалавек – аўтар сваёй гісторыі. Як задумаеш, так і будзе». І, ведаеце, я ёй веру!
Яўгенія ПРАКАПЧУК
Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ