Як тры выратаваныя лебедзі знайшлі прытулак у сям’і Белавусаў са Століна

26.01.2026

У нашым свеце, поўным клопатаў і мітусні, часам адбываюцца дзіўныя гісторыі, якія гавораць нам пра сілу спагады і любові да прыроды, да братоў нашых меншых.

Адна з такіх гісторый адбылася на Століншчыне ў вёсцы Вялікія Вікаравічы, дзе сям’я Белавусаў – бацька Леанід Леанідавіч, яго жонка Алена і сын Руслан сталі выратавальнікамі трох маладых лебедзяў.

Паколькі гэтыя людзі даволі сціплыя і не прывыклі да публічнасці, то пра птушак, якія знайшлі дах над галавой, цяпло і корм каля людзей, асабліва не распаўсюджваліся. Пра гэтую гісторыю я даведаўся абсалютна выпадкова – знаёмы распавёў і даў каар­дынаты людзей, якія не на словах непакояцца за нашу фауну.

Сазваніліся, даведаліся адрас і дамовіліся аб сустрэчы.

– А птушкі не агрэсіўныя? – пытаюся.

– Зусім не, – адказаў Леанід Леанідавіч. – Яны яшчэ падлеткі. Палохаюцца, вядома, калі бачаць незнаёмцаў. Але да нас ужо прывыклі. Яны ж – як дзеці малыя. Прыязджайце – ды пазнаёміцеся.

Узяўшы ў памочнікі нашага тэхніка-праграміста Арыну, якая вельмі часта робіць візуальны кантэнт для сацсетак раённай газеты «Навіны Па­лесся», перш за ўсё накіраваліся ў магазін, бо нядобра ездзіць у госці з пустымі рукамі.

А вось што купіць? Выбар корму для вадаплаўных пту­шак вельмі шырокі. Галоўная ўмова, каб гэта быў не хлеб і не салёная тлустая ежа. Усё ж дзікія жывёлы – не людзі і самі сабе не гатуюць, а неабходныя мінералы і вітаміны атрымліваюць з прыроды. У выніку купілі замарожаную рыбу, тры пачкі аўсяных шматкоў (так-так, іх любяць не толькі дзеткі!). А яблыкі на дэсерт з хатніх запасаў ласкава прапанаваў наш вадзіцель Аляксей.

Сказана – зроблена!

І вось мы ўжо вялікай кампаніяй імчым на су­стрэчу з птушкамі. Шчыра, мне чамусьці здавалася, што нас чакаюць два лебедзя. Міжволі пачынаеш прыдумляць ім мянушкі – на розум адразу прыходзяць якія-небудзь героі казак. Але якое было наша здзіўленне, калі мы заўважылі ў невялікім хлеўчыку траіх!

– Раз, два, тры … – палічыў я. – Ого! Вось гэта сустрэча!

Лебедзі сядзелі ціха, толькі з асцярогай паварочвалі галовы на сваіх доўгіх тонкіх шыях ў наш бок. Яны сядзелі, прыціснуўшыся адзін да ад­наго, захоўваючы цяпло. Для большага камфорту Леанід Леанідавіч са сваёй камандай заслалі на дашчаную падлогу ўдосталь сена. Далі трохі пачастункаў гэтай тройцы. Пакуль яны «прынюхваліся», мы вырашылі даведацца шчаслівую гісторыю выратавання.

Нягледзячы на даволі моц­ны мароз, мы засталіся побач з птушкамі, каб паназіраць за імі. Праз нейкі час яны пачалі высоўваць свае доўгія шыі з часовага прытулку ў пошуках корму. Заўважыўшы міску з пачастункамі, лебедзі па чарзе пачалі выходзіць на вуліцу. А мы так і стаялі побач з прыступкамі, якія вядуць да вады.

– Гэта яны на шпацыр выходзяць, – кажа Леанід Леанідавіч, з якім мы, дарэчы, раней ужо былі знаёмыя. У зімовы перыяд ён працаваў качагарам друкарні. – Лебедзі ў старыцы Гарыні – гэта ўжо звычайная і звыклая справа для нас. Не ве­даю, тыя ж птушкі прылятаюць пастаянна да нас ці іншыя, але вывадкі ў іх здараюцца кожны год. Максімальна, што я лічыў – гэта сем птушанят. Ужо гадоў дзесяць мы пастаянна бачым птушак побач з намі.

Леанід Леанідавіч, варта аддаць яму належнае, ня­гледзячы на свой цяперашні стан здароўя, сваім учынкам выказаў максімум спагады птушкам – сам з цяжкасцю перасоўваецца з дапамогай мыліц, а праявіў максімум гуманнасці. Зра­зумелая справа, што самому такое было зрабіць цяжка – на дапамогу прыйшлі жонка, сын і сябар Уладзімір.

– Цяжка, але што зробіш? – уздыхае Леанід Леанідавіч. – Яны ж, лічы, з лета да нас падплывалі. Мы хатніх птушак кормім, дык і ім перападала «са стала». Не думаю, што мы іх прыкармілі – яны павінны самі знаходзіць сабе ежу. Чаму не паляцелі? Не ведаю. Здаецца, крылы цэлыя – вунь як размахваюць імі…

У гэты момант адзін з лебедзяў, як быццам зразумеў чалавечую гаворку, расправіў свае крылы, выцягнуўшы шыю высока ўверх, пачаў ціхенька шыпець… Хто ведае, магчыма, ён дзякуе такім чынам чалаве­ку за дапамогу.

– Калі наступіла пара, паляцелі абодва бацькі і два падлеткі, – кажа мужчына. – А гэтыя трое засталіся. Спачатку усё добра было – вады да­статкова, а значыць і корму. А потым лёд пачаў скоўваць старыцу. Бедныя птушкі наогул ўшчыльную падышлі да нас. Першыя дні яшчэ трымаліся, а потым я бачу – лісы часта пачалі вакол іх бегаць. Мы палічылі, што пара іх забіраць, каб не загінулі.

Спачатку Белавусы прытулілі птушак у дашчаным крытым хлеўчыку, а калі прыйшлі моц­ныя маразы – спецыяльна прапальвалі ў лазні і пераносілі іх на ноч туды.

– А ці корму ў вас хапае? – пытаюся ў Леаніда Леанідавіча. – Усё ж пенсіянерам цяжкавата адным. А тут адразу трое новых «дзетак», ды такіх вялікіх. Вунь якія – кілаграмаў па пяць ужо!

– Сапраўды, няпроста такая справа даецца, але спраўляемся, – падключыла­ся да размовы жонка Леаніда Белавуса Алена Антонаўна. – Таксама купілі аўсянкі, сякая-такая гародніна ёсць пакуль свая, але запас невялікі. Часам даем сырую, часам адварваем. Ды і сын штодня імкнецца рыбку злавіць. Рэчка побач, вось колькі лунак падрыхтаваў. І вы прысмакаў прывезлі. Так што справімся.

– Справіцеся, абавязкова справіцеся, – адказаў я. – Але і мы пастараемся дапамагчы. Можа, хто з людзей таксама адгукнецца.

Надыходзіў час развітвацца. Руслан хадзіў па лёдзе і час ад часу даставаў з лункі невялічкіх карасікаў. По­бач з ім круціліся яшчэ тры новыя таварышы – кот Васіль і два шчанюкі, якія час ад часу заглядалі ў лунку. Зрабіў некалькі кадраў, на што Леанід Леанідавіч сказаў:

– Гэтыя ж шчанюкі таксама нічыйныя, пакінутыя. Прыбіліся да Руслана, ледзь прытом­ныя былі. А ён, добрае сэрца, забраў іх, корміць…

Калі пакідалі лебедзяў, мяне мучыла толькі адно пытан­не: якія ж усё ж такі даць ім мянушкі? Тры лебедзі, тры…

– Леанідавіч, ці не будзеце вы супраць, калі мы назавём іх, як трох казачных парасят – Ніф, Наф і Нуф?

– Вядома, не супраць, хай будуць такія ў іх мянушкі.

Са спакойным сэрцам мы ўжо ехалі «на базу». У га­лаве круціліся думкі – як жа добра, што ёсць такія людзі на свеце, якія гатовыя прыйсці на дапамогу братам нашым меншым па закліку сэрца. І чаму? Ды таму што па-іншаму не могуць.

Дарагія чытачы, падпісчыкі! Калі вы жа­даеце паўдзельнічаць у гэтай добрай справе па доглядзе птушак, то можаце дапа­магчы з правіянтам. Што неабходна? Збожжа (пшаніца, авёс, яч­мень), гародніна (морква, буракі, капуста, гарбузы, буль­ба), камбікорм для птушак. Катэгарычна нельга карміць вадаплаўных птушак хлебам (асабліва жытнім чорным), кандытарскімі вырабамі і са­лёнай ежай, так як гэта можа выклікаць праблемы з страва­ваннем у птушак.

Вы можаце падвезці корм асабіста. А калі такой магчымасці няма, мы можам перадаць самі. За па­драбязнай інфармацыяй пра месца знаходжання лебедзяў звяртайцеся ў рэдакцыю газеты «Навіны Па­лесся».

Наша даведка

Лебедзі добра пе­раносяць холад, таму мо­гуць доўгі час знаходзіцца без актыўнага руху. Птушка проста сядзіць на лёдзе або на беразе, падціснуўшы пад сябе лапы – так яна эканоміць энергію. І сапраўды, здаецца, яна ўмерзла ў лёд. Але гэта няправільнае меркаванне. Іншая распаўсюджаная тэма зваротаў: лебедзі зніклі. Яшчэ ўчора ў палонцы плавала цэлая чарада, а сёння засталася толькі палова. Птушкі зніклі, у чым, па версіі тых, хто тэлефануе, вінаватыя сабакі. І ў гэтым выпадку трывога, як правіла, аказваецца марнай. Хутчэй за ўсё, замерзшая па­лонка стала занадта малой для ўсіх, і «лішнія» птушкі паляцелі шукаць сабе іншае месца. У выпадку замярзан­ня вадаёмаў лебедзі і качкі могуць пералятаць на іншыя вадаёмы, нават калі тыя зна­ходзяцца ў некалькіх сотнях кіламетраў.

Лебедзь-шыпун, самая буй­ная птушка Беларусі (ся­рэдняя вага дарослай асобіны дасягае 13 кілаграмаў і нават болей, а размах крылаў – 210–240 сантыметраў), не з’яўляецца такой ужо лёг­кай здабычай для драпежнікаў. Не трэба забываць, што, як і любая лятаючая птушка, ён можа сарвацца з месца і паля­цець, з аднолькавым поспехам выкарыстоўваючы для разбегу пры ўзлёце як ваду, так і лёд.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА , Столінскі раён

Фота аўтара