9 красавіка ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» пачынае сваю работу выстава члена Саюза мастакоў Расіі, аднаго з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» Івана Чарнякевіча.
Выстава прымеркавана да юбілею мастака, які нарадзіўся 9 красавіка 1955 года ў вёсцы Плябанцы, дзіцячыя гады правёў у горадзе Пружаны. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Мінску, затым – Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай. Там, у Піцеры, і пусціў свае карані.
Іван Чарнякевіч працуе з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках: алейны жывапіс, габелен, батык і роспіс па шоўку. Мастак актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх выставах у Расіі, Італіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі і Беларусі. Працы Івана Міхайлавіча знаходзяцца ў беларускім культурным цэнтры Сіднэя (Аўстралія), Рускім культурным цэнтры Сеула (Карэя), Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага (Санкт-Пецярбург), у прыватных зборах у Расіі, Нідэрландах, Францыі, Італіі, ЗША, калекцыях Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, музея кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Полацку, краязнаўчым музеі Навагрудка, а таксама ў Пружанскім палацыку.
Палотны, якія будуць экспанавацца на выставе, розныя па настроі і эмацыянальным насычэнні. Непаўторны стыль і высокі прафесіяналізм мастака прасочваецца ў кожнай рабоце.
Карціна «Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ стагоддзя» выканана ў чорна-белай гаме, як і фотаздымак сялянскай сям’і Германчукоў з вёскі Дражын на Бабруйшчыне (з архіва беларускага этнографа Ісака Сербава), што ўразіў і натхніў мастака на напісанне карціны.
Мноства фарбаў, шырокі і хаатычны мазок у карціне «Сусвет» дазваляюць наведвальніку скласці індывідуальную выяву і малюнак.
Карціна «Песня», дзякуючы стрыманым фарбам і простым формам напісання, здаецца празрыстай і чыстай, як песня. Кожнага, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Івана Чарнякевіча, запрашаем наведаць «Выставу трох карцін» да 24 красавіка.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык”