Вышэйшы пілатаж лётчыка-выпрабавальніка Мікалая Мачанскага

Герой сённяшняй публікацыі – лётчык-выпрабавальнік, начальнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ Мікалай Пятровіч Мачанскі. Карані яго, ужо даўно сталічнага жыхара, трывала звязаны з вёскай Белінок Драгічынскага раёна.

Вясковы гарт

Хутар Заканалле, дзе 27 лютага 1955 года нарадзіўся Мікалай Мачанскі, – найпрыгажэйшае месца на зямлі для юбіляра. Ён можа доўга з захапленнем расказваць пра сваю малую радзіму, пра вялікую сям’ю, дзе маці Анастасія Палікарпаўна і бацька Пётр Дзямідавіч дзяцей выхоўвалі мудрым словам і фізічнай працай, аб справядлівых школьных настаўніках, занятках у вольны час. Колькі яго заставалася пасля ўсіх гаспадарчых спраў, якія для вясковых жыхароў знаходзіліся ў любую пару года, – добрае пытанне.

– Сена прыходзілася касіць не толькі для сваіх кароў, але, бывала, дапамагаць суседзям. Калі падрос, то ў калгасе на трактары падпрацоўваў, памочнікам камбайнёра быў. Тым не менш, адпачынак –абавязковая справа: узімку любіў коўзацца на каньках, катацца на лыжах, летам з сябрамі хадзілі на Дняпроўска-Бугскі канал купацца. Былі таксама іншыя захапленні, якія патрабавалі спрыту, кемлівасці – напрыклад, паляваў на зайцоў пры дапамозе петляў, – падзяліўся суразмоўца.

Як у дзяцінстве, калі многа часу забірала школа, падрыхтоўка ўрокаў, хатняя праца, так і цяпер, у дарослым жыцці, калі выкананне прафесійных абавязкаў залежыць ад надвор’я, мужчыне даспадобы зіма і вясна, таксама лета, восень. Гэтак і з сюрпрызамі нябеснай канцылярыі. Што б ні было на дварэ: завіруха, спякота, моцны дождж, віхура – усяму рады лётчык Мікалай Мачанскі. Можа, таму так, бо яму камфортна пры любых градусах Цэльсія. Думаю, што Мікалая Пятровіча, як у той вядомай песні, свет захапляе «кожнай былінкай і чыстай расой», суразмоўца рады магчымасцям, што дае кожны новы дзень. Аднак вернемся да прыродных з’яў: з віхорам у авіятара Мачанскага асаблівыя адносіны. Справа вось у чым: мянушкай «Вихрь», якая трапна характарызуе сутнасць хуткай, жвавай, няўрымслівай натуры, Мачанскага «ахрысцілі» яшчэ ў арміі.

Падарунак – лёс

Ажыццяўлення запаветнай мары – быццам за штурвалам паветранага судна – ураджэнец Драгічыншчыны чакаў 13 год 5 месяцаў 7 дзён. Гэты факт яскрава сведчыць пра настойлівасць і мэтанакіраванасць гэтага чалавека, якому братаў падарунак – з арміі той прывёз Колю лётную фуражку – падказаў не толькі будучую прафесію, але вызначыў траекторыю асабістага жыцця. Ды толькі каб свайго! Можна смела гаварыць пра дынастычную любоў Мачанскіх да авіяцыі. Старэйшы сын Аляксей – былы ваенны лётчык, цяпер – лётчык авіякампаніі «Белавія», член зборнай каманды Беларусі па верталётным спорце; сярэдні, Валерый, – прадпрымальнік, які, як і бацька, не баіцца экстрыму: здзейсніў больш за 2000 скачкоў з парашутам; малодшы Мікалай – курсант 4 га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Дзве біяграфіі

З часу, калі Мікалай Мачанскі атрымаў дазвол на палёты, паралельна пішуцца дзве яго біяграфіі: адна вымяраецца пражытымі гадамі, а другая – лётная, якая на 26 лютага 2025 года налічвала больш за дзевяць тысяч гадзін (агульны налёт) на паветраных суднах, або адзін каляндарны год і дзесяць сутак. Дарэчы, няўрымслівы спадар Мачанскі любіць паразважаць: ну чаму ў сутках толькі дваццаць чатыры гадзіны, а не дваццаць восем хаця б. Колькі тады дадатковых гадзін для ажыццяўлення добрых намераў з’явілася б! Аднойчы з такім пытаннем ён звярнуўся да Мітрапаліта Філарэта. Герой Беларусі адказаў лаканічна і мудра:

– Сын мой, трэба і адпачываць.

Спакуслівая вышыня

Шлях у неба для лётчыка-выпрабавальніка самалётаў і верталётаў, лётчыка-інструктара Мікалая Мачанскага быў няпростым. Паступіць адразу пасля заканчэння Белінскай школы ў лётнае вучылішча юнак не змог – не хапіла ўсяго двух сантыметраў росту. Аднак пасля першага курса авіяцыйна-тэхнічнага вучылішча ў Калінінградзе – тады малады чалавек дасягнуў лётных стандартаў па росце – усё роўна не ўдалося трапіць у Ейскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў.

Потым Мачанскі служыў авіятэхнікам самалётаў-знішчальнікаў МіГ 21 і МіГ 23 у складзе Паўднёвай групы вой¬ск у Венгрыі. Менавіта там, у ваенным гарадку Шармелек у студзені 1976 года ён упершыню, спачатку ў якасці пасажыра, падняўся на самалёце ў неба. Праз нейкі час, дзякуючы дазволу Мікалая Когута – начальніка штаба 5-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага Берлінскага Чырванасцяжнага ордэна Багдана Хмяльніцкага палка, выканаў першы скачок з парашутам. Службу сумяшчаў з вучобай у Курганскім вышэйшым ваенна-палітычным авіяцыйным вучылішчы.

Затым Мачанскі вярнуўся на радзіму. Спачатку быў полк у Бабровічах, потым служыў у Мінску ў палітаддзеле Ваенна-паветраных сіл Беларускай ваенный акругі. Паралельна вучыўся і ажыццяўляў палёты ў сталічным клубе ДТСААФ. Не ўсе верылі ў яго сілы. А палкоўнік Кавалёў з першага знаёмства зразумеў: мара Мачанскага лятаць – не проста рамантычная ідэя. Кропку ў справе паставіла Сызранскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, куды Мікалай Пятровіч у 1984 годзе паспяхова здаў уступныя экзамены. І гэта быў унікальны для Ваенна-паветраных сіл Савецкага Саюза выпадак: армейскі камсамольскі работнік, які здзейсніў 300 скачкоў з парашутам, стаў лётчыкам 3 га класа.

Секнуды на выратаванне

Памылкова думаць, што вучэбныя палёты заўжды праходзяць спакойна. Як правіла, надзвычайныя сітуацыі стварае тэхніка, нягледзячы на тое, што яе дасканала правяраюць перад кожным узлётам.

– За лётную кар’еру было сем крытычных сітуацый, якія маглі б скончыцца трагічна. Зыход залежаў ад секунд. За адну-дзве патрэбна было ацаніць сітуацыю, прыняць правільнае рашэнне і аператыўна дзейнічаць, – расказаў лётчык 1-га класа, палкоўнік у адстаўцы Мікалай Мачанскі.

Так было 6 мая 2018 года. Падчас палёту загарэўся рухавік верталёта Мі-2. Згодна з інструкцыяй неабходна было ратавацца самому з дапамогай парашута. Аднак Мачанскі ў той крытычнай сітуацыі здолеў адвесці вінтакрылую тэхніку ад жылых дамоў. Дзякуючы граматным дзеянням лётчыка-прафесіянала ўдалося не толькі пазбегнуць людскіх ахвяр, але і захаваць Мі-2. Гераічны ўчынак доўжыўся 45 секунд. За смелыя і рашучыя дзеянні ў экстрэмальных умовах Прэзідэнт узнагародзіў Мікалая Мачанскага ордэнам «За асабістую мужнасць».

Правілы жыцця

З гадамі, як прызнаўся суразмоўца, у яго выпрацаваліся пэўныя жыццёвыя правілы. Па-першае, у скаладных сітуацыях ён не шукае вінаватых, разбіраецца ў сабе. Па-другое: ён падзяляе думку амерыканскага вучонага Леа Сіларда, які сцвярджаў, што для поспеху зусім не трэба быць разумнейшым за ўсіх. Варта быць хаця б на дзень больш спрытным, чым большасць. Да таго ж лётчык Мачанскі ўпэўнены: язык у чалавека ёсць не толькі для таго, каб гаварыць. Найперш – каб дамаўляцца. Па-трэцяе, віртуальны свет, лічыць Мачанскі, – не надта надзейны. Ён гаворыць: «Я прывык давяраць правераным спосабам: вачыма – убачыць і ацаніць, рукамі – дакрануцца, нагамі – дайсці да патрэбнага аб’екта, суразмоўцы».

І яшчэ. У свае маладыя гады падчас палётаў ён віртуозна выконваў складаныя фігуры вышэйшага пілатажу: «бочку», «касую пятлю», «штопар», «баявы разварот», «пятлю Несцерава». Гэта прыкмета прафесійнага майстэрства. Што датычыць жыццёвай філасофіі, то самым вялікім дасягненнем Мікалай Мачанскі лічыць уменне з карысцю пражываць кожны дзень, кожную гадзіну, нават кожную хвіліну. Сваім жыццём юбіляр даказвае – гэта рэальна.

Бліцапытанне:

Стаўленне да «каранёў»: Еду ў Белінок з радасцю, ад’язджаю з сумам.

Мой прафесійны гонар: Музей авіяцыі і касманаўтыкі на аэрадроме «Ліпкі».

Мой недахоп: Занадта многа ад сябе патрабую.

Мая мара: Іх шмат. Напрыклад, пабудаваць цэнтр па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, набыць новыя самалёты.

Любімая кінастужка: «У бой ідуць адны «старыя» Л. Быкава.

Пра ўзрост: Яго не адчуваю

Удзячны лёсу за сустрэчу: з Аляксандрам Пакрышкіным, Віктарам Кавалёвым, айцом Фёдарам Поўным

Наталля МЕЧНАЯ

Фота аўтара і Мікалая Мачанскага

Яндекс.Метрика