Сярод вялікай колькасці паштовак, якія захоўваюцца ў фондах музея-сядзібы «Пружанскі палацык», асаблівую ўвагу напярэдадні Новага года выклікаюць паштоўкі Уладзіміра Зарубіна.
Многія памятаюць савецкія паштоўкі з вясёлымі звяркамі, снегавікамі, дзяцьмі і Дзедам Марозам, выкананыя ў простым і прыемным стылі. Нехта нават узгадае імя мастака, якое было пазначана на кожнай паштовай картцы – Уладзімір Зарубін.
Уладзімір з ранняга дзяцінства меў выдатную магчымасць далучацца да лепшых узораў рускай графікі. У сям’і захоўвалася вялікая калекцыя паштовак і кніг з рэпрадукцыямі карцін, якія сталі цудоўнымі прыкладамі для першых творчых работ хлопчыка.
Зарубін-старэйшы заахвочваў зацікаўленасць сына мастацтвам. Першымі, хто ацаніў малюнкі хлопчыка, былі вясковыя жыхары – ім ён прадэманстраваў копію нейкай карціны з кнігі. Суседзі былі здзіўлены тым, што пяцігадовае дзіця так добра малюе, у вёсцы сталі гаварыць пра Валодзю як пра будучага мастака.
Ён скончыў вячэрнюю школу і паралельна курсы мастакоў-мультыплікатараў пры кінастудыі «Саюзмультфільм», дзе працаваў з 1957 па 1982 год. За гэты час прыняў удзел у стварэнні сотняў выдатных мультфільмаў, сярод якіх «Ну, пачакай», «Маўглі», «Па слядах брэменскіх музыкаў», «Таямніца трэцяй планеты». У канцы 1970-х гадоў Уладзіміра Іванавіча прынялі ў Саюз кінематаграфістаў СССР.
Паралельна з мультыплікацыяй Уладзімір Зарубін займаўся паштовай мініяцюрай. У 1962 годзе выйшла першая паштоўка мастака з добра вядомым «фірмовым» стылем, якому майстар ніколі не здраджваў.
Анімацыяй і паштоўкамі не абмяжоўваліся інтарэсы шматграннага мастака. Зарубін актыўна ствараў ілюстрацыі да кніг, якія і зараз можна сустрэць на паліцах аматараў літаратуры. Але, як вядома, менавіта паштоўкі прынеслі Уладзіміру Іванавічу ўсесаюзнае прызнанне і любоў.
У савецкія часы паштоўкі перасылаліся сотнямі тысяч – традыцыя адпраўляць віншаванні, запрашэнні або проста кароткія пасланні на прыгожай паштовай картцы была неверагодна папулярнай на ўсёй тэрыторыі краіны. У СССР было нямала выдатных мастакоў, якія малявалі паштоўкі, але Уладзімір Зарубін лічыўся лепшым. Яго паштоўкі імгненна распрадаваліся з прылаўкаў паштовых аддзяленняў і газетных кіёскаў, а часам за імі нават выстройваліся чэргі. Людзі калекцыянавалі працы мастака, з нецярпеннем чакаючы з’яўлення новых узораў яго творчасці, а дзеці пісалі яму лісты. Дзіўна, але заўсёды вельмі заняты Уладзімір Іванавіч асабіста адказваў на кожны ліст ад прыхільнікаў. Ён быў вельмі добрым чалавекам і шчыра верыў, што паштоўкі дапамогуць людзям таксама стаць дабрэйшымі.
Сваёй любімай працай мастак займаўся да самага апошняга дня – ён памёр ва ўзросце сямідзесяці гадоў 21 чэрвеня 1996 года.
Зарубіна можна назваць сусветным рэкардсменам, бо яго паштоўкі, разам з канвертамі і бланкамі тэлеграм, былі выпушчаны ў неверагоднай колькасці – 1 588 270 000 экзэмпляраў! Нягледзячы на гэта, многія работы мастака можна лічыць сапраўднымі рарытэтамі. У філакартыі ёсць адмысловы накірунак – калекцыянаванне паштовак Уладзіміра Зарубіна, некаторыя з іх захоўваюцца ў фондах нашага музея.
Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»