Зусім нядаўна творчыя калектывы Іванаўшчыны трымалі экзамен – пацвярджалі званні «Народны» і «Узорны». Хвалюючым той дзень быў для фальклорнага гурта «Залядынская гамонка», таленавітыя ўдзельнікі якога прэзентавалі забытую мясцовую традыцыю «Загукванне долі».
Мікс светапоглядаў
Наўрад ці знойдзеш на свеце чалавека, які не задумваўся пра асабісты лёс, пра тое, чаму доля людзям усміхаецца па-рознаму, чаму лёс у адносінах да некага бывае вельмі жорсткім. Хвалявалі гэтыя пытанні нашых цікаўных і назіральных прашчураў, непакояць яны таксама сучаснікаў.
– Мабыць, мая доля – быць разам з «Залядынскай гамонкай». І я ганаруся гэтым фактам, бо мы знаёмім маладое пакаленне з тым скарбам, які вызначае самабытнасць не толькі Іванаўшчыны, а ў цэлым беларускага народа, – расказала ўдзельніца гурта Кацярына Іваніцкая. – Калі ж разважаць пра асабістае, то мае бацькі, лічу, былі шчаслівымі ды багатымі – Бог ім даў адзінаццаць дзяцей. Самай старэйшай сястры ў гэтым годзе споўнілася б сто гадоў. Але я ўжо засталася адна. Такі вось мой лёс.
Напярэдадні дня ўшанавання памяці святой Кацярыны (прысвятак прыпадае на 7 снежня) залядынцы праводзяць мясцовы абрад «Загукванне долі». Гэта мікс хрысціянскіх і язычніцкіх светапоглядаў продкаў. Замовы і варажба чаргаваліся з малітвай, абавязковымі былі народныя песні, гульні, скокі. Акрамя таго, пажадана было трымаца Піліпава посту, які працягваўся з 28 лістапада да 6 студзеня.
– Калі нараджаецца чалавек, пачынае пісацца яго доля, якая не адступае ад яго ні на крок. Яна, нібыта калаўрот, прадзе для свайго героя «долыносныя» ніткі. Жыццё бывае розным, але ўсе спадзяюцца, што іх чакае шчаслівы лёс. Нездарма немаўляці жадалі, каб «ны родывся в платьечковы, а родывся в шчасцечковы», – заўважыла мастацкі кіраўнік гурта «Залядынская гамонка» Ірына Кацко.
Моцная вера
Меркаванні немінучасці долі сярод жыхароў вёскі Залядынне былі супярэчлівымі. Нехта падтрымліваў прыказку, у якой утрымлівалася назапашаная народная мудрасць: як ад світання, так да змяркання. Маўляў, калі шанцуе, то ў любым узросце, пры розных абставінах. І наадварот.
Хтосьці верыў, што 6 снежня, каб доля была літасцівай, яе можна задобрыць. Для гэтага родзічы, суседзі збіраліся ў нечай хаце. Гаспадарам прыносілі падарункі – гарбузікі, сушаныя яблыкі, грушы. Пакідаючы гасцінцы, прамаўлялі: «Долынька-доля, гостынцы тобі прынысла, шоб шчасця трохы дала».
Аднак якім будзе лёс чалавека, залежала ад шэрагу фактараў. Нават надвор’е прадказвала, ці ўсміхнецца яму поспех: ці знойдзе дзяўчына альбо хлопец сабе пару, ці будзе сям’я мець добры ўраджай, ці «пашыхуе» з гаспадаркай. Дарэчы, калі 6 снежня на вуліцы «холодно, то будэ голодно». Гэта значыць, неўрадлівым трэба чакаць наступны год. Яшчэ ў хату прыносілі галінкі вішні. Калі на Стары Новы год (14 студзеня) букет распускаўся, значыць сям’ю напаткае ў гэтым годзе шчасце і дабрабыт. Незамужнія прыгажуні альбо старэйшага ўзросту адзінокія жанчыны тым вечарам варажылі. У міску налівалі крыху вады, клалі два пёркі, запальвалі іх. Калі яны хіліліся адно да аднаго, то спадзяваліся, што дзяўчына ў хуткім часе сустрэне таго, за каго пойдзе замуж. Калі ж пер’е разыходзілася ў розныя бакі, то не лёс у хуткім часе пабыць у вясельнай сукенцы і вэлюме. Людзі верылі, што пры дапамозе доўгага паска, на які станавіліся жанчыны і прамаўлялі «На пасок ступаю, добру долю гукаю», таксама можна зазірнуць у будучыню. Лічылася: пашанцуе той, хто апошняй апынецца на паску. У той вечар варажылі па-рознаму. Напрыклад, патэльню, ставілі на салому. У пасудзіну налівалі ваду, пасярэдзіне клалі камень. З-пад патэльні даставалі саломінку. Назіралі: калі вада пры гэтым не варушылася, то жыццё будзе без асаблівых хваляванняў. Перакладваючы палены, вызначалі, хто будзе нарачоным – удавец ці маладзец. Варажылі на хустках, якія складвалі ў рэшаце, а пасля падкідалі. Чыя хустка першай дакраналася долу, да той дзяўчыны найхутчэй прыедуць сваты.
Не толькі жанчын хвалявала пытанне долі. Моцная палова чалавецтва таксама думала пра гэта. Халастыя мужчыны ўдзельнічалі ў гульні «Сляпец». Таму, хто ім быў, завязвалі вочы, ставілі ў цэнтр круга. Пасля ўдзельніцы па чарзе называлі імя «сляпца» – патэнцыяльнага жаніха. Чый дзявочы голас яму найбольш падабаўся, з той і пачыналася знаёмства, якое, не выключана, магло перарасці ва ўзаемнае глыбокае пачуццё.
Песні і танцы
Шмат у вечар абароны звання «Народны» калектывам, які існуе пры Залядынскім сельскім Доме культуры, было выканана песень. Дарэчы, афіцыйна, займеўшы назву «Залядынская гамонка», гурт заявіў пра сябе ў 2008 годзе. Цяпер у ім налічваецца дванаццаць чалавек, чатыры з якіх – прадстаўніцы маладога пакалення, вучаніцы Адрыжынскай сярэдняй школы. Іх галаўныя ўборы – гэта вышытыя хустачкі. Замужнія ж гераіні павязваюць кужэльныя наміткі, даўжыня якіх – ажно два з паловай метры. І калі пасталы (плецены абутак) для «Залядынскай гамонкі» і цяпер плятуць майстры з Карсынь, Смольнік, Залядыння, то наміткі ўжо ніхто даўно не тчэ, таму і берагуць удзельніцы свае льняныя «кароны».
– Калі я апранаю залядынскі строй – андарак, сарочку, фартух і намітку, нібыта з нябожчыкамі бацькамі ды родзічамі сустракаюся. Тыя пачуцці не перадаць словамі. Яны – у душы, – падзялілася Ірына Сяргееўна, якую па сцэнарыі звалі Ярынай.
Сяргей Ганчук – адзіны ў калектыве мужчына. Ён прызнаўся: не ўяўляе свайго жыцця без народнай песні. Дзякуючы спевам ён апынуўся ў фальклорным гурце, які званне «Народны» атрымаў у 2013 годзе. «Пайшоў неяк у грыбы. Каб ахвотней іх было шукаць, у лесе пачаў спяваць», – расказаў гісторыю Сяргей. Ды так голасна і прыгожа зацягнуў песню, якой вучыла бабуля, што тым, хто таксама збіраў белыя грыбы і казлякі, стала цікава – а хто ж так весяліць Баландзіцкі лес? У ім і атрымаў запрашэнне радаваць шматлікую публіку са сцэны. Дарэчы, «Залядынская гамонка» дзе толькі не была – у Беларусі і далёка за яе межамі! Гледачы ніколі не шкадавалі аўтэнтычнаму калектыву гучных аплыдысментаў і слоў захаплення. Журы высока ацаніла талент колектыву падчас чарговай абароны «Залядынскай гамонкай» звання «Народны».
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара