Старадаўні звычай «Піліпаўскія вячоркі» адной з самабытных візітовак Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся», які дзейнічае ў вёсцы Мерчыцы Пінскага раёна, стаў усяго пару гадоў таму, але папулярнасць паспеў набыць не меньшую за адроджаныя іншыя. Вось і цяпер, на пачатку Піліпаўскага посту, у адной з залаў Цэнтра, хаце палешука, сабраліся вяскоўцы – як некалі іхнія продкі, каб за мілагучнымі песнямі ды цікавымі байкамі ў добрай кампаніі бавіць час за працай.
Каб не страціць
Добрая кампанія склалася тут даўно. Гэта ўдзельнікі народнага фальклорнага гурта «Палясяначкі», супрацоўнікі Цэнтра, а таксама мясцовыя дзеткі. Вядомая ў Мерчыцах майстрыха і захавальніца традыцый Галіна Абрамчук прала кудзельку, распавядаючы пры гэтым захапляльныя гісторыі, Людміла Магер матала гатовыя ніткі ў клубок, Ірына Кернажыцкая занялася вязаннем ходнічка, Іван Ляпешка ўзяўся сплесці кошык, а Раман Піскуновіч падтрымліваў добры настрой сваім гармонікам. А вось адну з любімых на Палессі песень – «Ой там голубы лэтять» – жанчыны выконвалі без акампанементу. Яе 76-гадовая Галіна Абрамчук, старэйшая з «Палясяначак», пераняла ад сваёй мамы. У перапынках паміж працай дарослыя вучылі малых танцаваць падэспань і кракавяк, а яшчэ старадаўняй гульні «Зайчык» – на падлозе крыж накрыж клаліся вілкі ды качарга і трэба было пэўным чынам праз іх скакаць.
– Мы імкнёмся адрадзіць страчаныя абрады. Гэтак было і з «Піліпаўскімі вячоркамі». Мясцовыя жыхаркі расказвалі, як у былыя часы іх матулі ды бабулі, бацьці і дзядулі збіраліся ў нечыяй хаце, што рабілі. Мы вырашылі ўзнавіць звычай – таксама, як і святкаванне Сёмухі, Юр’я, Калядак, Масленіцы. І да гэтай работы абавязкова далучаем дзетак – каб яны ведалі і бачылі, чым займаліся нашыя продкі, каб цанілі і захоўвалі традыцыі свайго краю, – адзначыла загадчык Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту Ганна Кузюр.
Вячоркі на Піліпаўку
Традыцыя вячорак цесна звязана з Калядным постам, які ў праваслаўных заўжды пачынаецца 28 лістапада і доўжыцца 40 дзён – да 6 студзеня. Ён яшчэ называецца Піліпавым постам, альбо Піліпаўкай, бо апошні дзень перад яго пачаткам выпадае на дзень памяці святога апостала Піліпа.
У гэты час дзяўчаты вечарамі збіраліся разам у адной з вясковых хат, каб папрацаваць ды павесяліцца. Асноўным жаночым заняткам было прадзенне (у буднія дні за выключэннем пятніцы). Кожная дзяўчына несла з сабою прасніцу альбо калаўрот. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў хаце. Гаспадыня хаты, дзе праходзілі Піліпаўскія вячоркі, гатавала вячэру.
Абавязкова на Піліпаўскія вячоркі прыходзілі хлопцы. Ім запрашэнне не патрабавалася. Яны за вечар абыходзілі ўсе хаты, дзе былі вячоркі. Пры гэтым кішэні хлопцаў распірала ад пачастункаў для дзяўчат. Бралі з сабой пернікі, арэхі, сушаныя яблыкі ды грушы, гарбузовыя семкі, часам цукеркі.
За працай дзяўчаты спявалі (часам толькі духоўныя песні). Падчас працы хлопцы падсаджваліся да дзяўчат, жартавалі: скідвалі шнурок з калаўрота, падпальвалі кудзелю, пужалі маскамі. Пры гэтым хлопцы глядзелі, як дзяўчаты рэагуюць на жарты. Дзяўчына мусіла паводзіць сябе спакойна, цярпліва. Пакуль гаспадыня і дзяўчаты пралі, хто-небудзь са старых апавядаў цікавыя гісторыі і казкі. Часам гаспадыня наўмысна запрашала казачніка, а каб прыняць яго, яна збірала падатак з прысутных.
Вечарынкі пачыналіся звычайна раніцай і працягваліся да позняй ночы. Пад канец вячорак, нягледзячы на пост, ладзілі танцы. Жадаючых паскакаць у малой хаце было зашмат, таму танцавалі па чарзе. У нядзелю і святы дазваляліся гульні. Калі дзяўчына хлопцу падабалася, то ён імкнуўся правесці яе дадому, прапанаваў паднесці прасніцу.
Падлеткі збіраліся асобна. Нават самыя малыя дзяўчаткі выбіралі якую-небудзь хату, дзе пад кіраўніцтвам бабулі або маці старанна вучыліся прасці. Хлопчыкі рабілі «мярцвяцкую ліхтарню» з гарбуза, каб падурыцца падчас цёмных восеньскіх вечароў.
Вось як апісваецца стварэнне гарбузовай ліхтарні ў кнізе Чэслава Пяткевіча пра ўсходняе Палессе: «У гарбузе праразаюць дзіркі нібы вочы, нос і губы з зубамі. У ніжнюю дзірку гарбуза ўстаўляюць драўлянае дэнца з запаленай васковай свечкай. Полымя свечкі слаба асвятляе ўсю тонкую шкарлупіну, і на гэтым фоне яскрава выдзяляюцца ўсе адтуліны, робячыся падобнымі да галавы мерцвяка. Шалапут носіць яе з запаленай свечкай пад крысом, каб неспадзявана паказаць спатканаму, які заўсёды мусіць сплюнуць і прабурчэць: «Згінь ты, прападзі, нячыстая сіла!» Паказваюць яе, таксама знянацку і праз вакно сабраным у хаце на вечарынцы».
Дарэчы, у Піліпаўку нельга было жаніцца ці замуж выходзіць, бо ў гэты час збіраюцца ваўкі ў зграі, робяць вяселлі «ваўчыныя». А калі маладыя пажэняцца, то будуць дрэнна жыць ды сварыцца.
Новае жыццё былой школы
Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся» ў вёсцы Мерчыцы на Піншчыне адчыніў дзверы ў кастрычніку 2016 года. У будынак былой школы, які прыходзіў у заняпад, энтузіясты аддзела культуры Пінскага райвыканкама ўдыхнулі новае жыццё. Пляцоўку перад уваходам аздабляюць драўляныя скульптуры палешукоў – падарунак удзельнікаў абласнога пленэру рэзчыкаў. Сам Цэнтр мае дзевяць экспазіцыйных залаў, дзе змешчаны сотні аўтэнтычных экспанатаў, сабраных культработнікамі па ўсім Пінскім раёне.
У зале лозапляцення шмат вырабаў з лазы – круглых, авальных, з накрыўкамі, з характэрным арнаментам. Сярод іх – разнастайныя корабы, пастуховыя сумкі, прылады для лоўлі рыбы, дзіцячыя калыскі. У суседняй зале прадстаўлены ручныя ткацкія станкі, а таксама больш за паўсотні ручнікоў рознага прызначэння: вясельныя, абрадавыя, для хлеба, набожнікі, уцірачы. Узоры творчасці народных майстроў экспануюцца ў зале дрэваапрацоўкі. Тут можна ўбачыць самаробны сталярны інструмент – цыркуль, рэйсмус, гэбель, драўлянае прыстасаванне 20-х гадоў мінулага стагоддзя для выраўноўвання чароту пры ўладкаванні даху. Дарэчы, экспанаты тут можна ўзяць у рукі і непасрэдна адчуць, якой нялёгкай была тады праца на вёсцы.
Не менш цікавыя экспанаты ў залах традыцыйнай пінскай вышыўкі, ганчарным, зёлкавым, у «сядзібе палешука» і ў «сялянскай хаце». Унікальныя абрады, што захаваліся на Піншчыне, прадстаўлены ў наступнай зале: фрагменты вясельнага абраду «Скокі на лавах», «Ваджэння Кусты» на Сёмуху, «Качання ў расе» на Юр’я, абрады «Засеўкі гуркоў» і «Праводны тыдзень», элементы іншых сямейна-бытавых і каляндарна-абрадавых святаў.
Летам на базе «Спадчыны Палесся» раз у два гады ладзіцца адкрыты рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Фальварак мінулага», які падкрэслівае ўнікальнасць культуры і традыцый палескага краю.
Запрашае Зюзя
Зрэшты, да лета яшчэ далёка, а зімовыя пацехі ўжо на парозе. З 17 снежня да 20 студзеня гасцей тут будуць забаўляць ўнікальныя фальклорныя персанажы Хапун, Ягіня, Пушчавік, Зюзя – насельнікі Палескай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, і, вядома ж, сам гаспадар са Снягуркай. У праграме – інтэрактыўная тэатралізаваная праграма каля ёлкі з народнымі гульнямі, майстар-класамі ды палескімі пачастункамі, яркія фота з любімымі зімовымі героямі.
На гэты ж прамежак часу прыпадае і вясёлае старадаўняе свята «Каляды» – яно доўжыцца ад Раства Хрыстовага да Вадохрышча. Пераапранутыя артысты «Палясяначак» жадаюць дабрабыту і здароўя аднавяскоўцам, завітваючы з каляднымі песнямі ў хаты, а каб пажаданні збываліся, першай у жыллё запускаюць Казу. Так здаўна павялося ў Мерчыцах.
Летась Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся» наведалі больш за восем тысяч гасцей. У іх ліку самабытнай культурай Палесся нядаўна захапляліся і блогеры першага рэгіёна.
Ірына АРЛОВА, фота Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся»