Главная - Новости - В области - У сярэдняй школе №2 г. Драгічына прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры

У сярэдняй школе №2 г. Драгічына прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры

У сярэдняй школе №2 г. Драгічына прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Тыдні беларускай мовы і літаратуры заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, што нядаўна прайшоў у сярэдняй школе №2 г. Драгічына.

 

План мерапрыемства пад агульным дэвізам «Родная мова – пявучая, звонкая!» ахапіў сваімі мерапрыемствамі ўсіх вучняў і педагогаў нашай школы. Разнастайныя спаборніцтвы, віктарыны, выставы, дыдактычныя гульні, віртуальныя падарожжы дазволілі дзецям больш даведацца пра багатую спадчыну беларускага краю, а таксама прадэманстраваць свае інтэлектуальныя, лідарскія і творчыя здольнасці.

 

 

Агульны  цёплы, душэўны настрой надаў усёй сямідзёнцы першы дзень тыдня, які пачаўся з кніжнай выставы «Беларускія пісьменнікі дзецям», арганізаванай у школьнай бібліятэцы.

 

Працягам першага дня стаў «Паэтычны калейдаскоп», прысвечаны Аркадзю Куляшову і арганізаваны вучнямі 10 класа. Яны правялі акцыю «Прадказанні ад беларускага паэта». Не менш цікавай і запамінальнай стала квэст-гульня «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», якая дапамагла вучням 7-х класаў паказаць не толькі кемлівасць і спрыт, але і ўменне працаваць разам, знаходзячы правільны адказ на пастаўленае пытанне і калектыўна выконваючы чарговае заданне.

 

Акцыя «Фізкультхвілінкі па-беларуску» аб’яднала школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі фізкультхвілінкі на ўроках на беларускай мове.

 

Добрыя веды па мове паказалі вучні 9-11 класаў у інтэлектуальнай гульні «Юныя мовазнаўцы».

 

 

 

Аказалася, што не так проста адкрываюцца скарбонкі мудрасці, якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў, тэставых заданняў і  заданняў з падвохам у арганізаванай для вучнях старэйшых класаў інтэлектуальнай гульні «Любіце, ведайце і шануйце роднае слова».

 

Актыўны ўдзел прынялі вучні і настаўнікі ў акцыі «Гавары са мной па-беларуску». У выніку кожны ўдзельнік пакінуў у сваім сэрцы думку, што трэба любіць і шанаваць родную мову, захоўваць гісторыю нашага краю, бачыць і дэманстраваць іншым прыгажосць беларускага слова.

 

Зацікавіць вучняў 6-х класаў народнай спадчынай – шматлікімі прыказкамі і прымаўкамі, фразеалагізмамі – дапамагла гульня «Пагуляем ў беларускае слова». Дзецi з вялікай адказнасцю аднесліся да правядзення гэтага мерапрыемства. Удзельнікі каманд паказалi не толькi трывалыя веды фальклору, але i праявілі творчыя здольнасцi ў iнсцэнiроўках па змесце казачных сюжэтаў. А навучэнцы 7-х класаў сталі ўдзельнікамі квэста «Беларускай скарбонка». Жаданне вучняў перамагчы ў квэсце дапамагло ім арганізаваць сумесную дзейнасць, прадэманстраваць адказнасць і калектывізм.

 

 

Высокім патрыятычным пафасам быў напоўнены конкурс творчых работ «Натхнёны водарам Радзімы…», у час якога вучні стваралі цудоўныя радкі-прызнанні ў любові да Радзімы і роднага слова. Конкурс жа чытальнікаў «Я словам слаўлю родны край», у якім прынялі ўдзел вучні 5-11 класаў, дапамог выявіць самых творчых і актыўных, хто любіць і ўмее цудоўна чытаць вершы беларускіх паэтаў.

 

Сапраўдным святам стала завяршэнне школьнага тэматычнага мерапрыемства. Асабліва гасцінным выдаўся ў нашай школе апошні дзень тыдня. Літаратурна-музычная гасцёўня «Галасы роднага краю» падарыла ўсім прысутным магчымасць дакрануцца сэрцам да роднага слова, адчуць радасць ад сустрэчы з творчасцю беларускіх аўтараў. Са школьнай сцэны гучалі песні на роднай мове, выконваліся беларускія народныя танцы. Вучні з задавальненнем чыталі вершы беларускіх паэтаў і свае ўласныя. Самыя актыўныя ўдзельнікі Тыдня беларускай мовы і асобных творчых конкурсаў былі адзначаны граматамі.

 

 

Адным з самых яркіх момантаў беларускай сямідзёнцы стала сустрэча з цудоўнай драгічынскай паэткай Алай Яхімовіч. Прысутныя пазнаёміліся з творчасцю Аллы Іванаўны і былі зачараваны цудоўнымі вершамі на беларускай мове. Эмацыянальнае, цікавае выступленне паэткі нікога не пакінула абыякавым, і напрыканцы сустрэчы большасць вучняў упэўнена называла сваёй роднай мовай беларускую.

 

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры «Родная мова – пявучая, звонкая!» прайшоў на высокім узроўні і паказаў, што вучні ведаюць фальклорныя традыцыі продкаў, цікавяцца беларускай мовай і літаратурай, нацыянальнай спадчынай, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі Беларусі і вельмі ганарацца Радзімай.

 

 

Застаецца выказаць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у цікавых і запамінальных мерапрыемствах, а галоўнае, арганізаваў для ўсіх нас такое цудоўнае свята — кіраўніку кафедры беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Драгічына» Т.А. Навумчык, а таксама настаўнікам беларускай мовы і літаратуры: Н.В. Міхайлоўскай, А.М. Дзеранчук, Л.В. Траццяк і С.М. Данілюк, а таксама школьнаму бібліятэкару Г.М. Міхальчук.

 

Спадзяемся, што мерапрыемствы беларускамоўнага тыдня дапамаглі абудзіць ва ўсіх яго ўдзельніках цікавасць да вывучэння роднай мовы, гісторыі і традыцый беларускага народа, а таксама дапамаглі праявіць сябе і знайсці новых сяброў. Усе, хто душой дакрануўся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, да фальклорных традыцый нашага народа, заўсёды будуць імкнуцца, каб роднае слова «гучала ў вяках».

 

Таццяна Кукса, Ганна Пятроўская,

вучаніцы 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Драгічына»,

члены гуртка «Юны журналіст»

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика