У сярэдзіне лета на тэрыторыі Беларусі адзначаюць Купалле – адно са старэйшых народных земляробчых свят, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплыні. Выпадае яно ў ноч з 6 на 7 ліпеня паводле Грыгарыянскага календара.
Падобнае свята ёсць у многіх народаў Еўропы: Янаў дзень у Балгарыі, святы Ян у Венгрыі, Сан-Хуан у Іспаніі, Ліга ў Латвіі… Ва ўсходніх славян гэта Іван Купала, але менавіта ў Беларусі найбольш поўна захаваліся традыцыі Купалля, якое і цяпер адзначаюць з асаблівым размахам.
Свята характарызуецца комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы.
Вельмі пашырана на Купалле варажба, асабліва на замужжа. Дзяўчаты плятуць вянкі з кветак, галінак дуба, бярозы, сасны, елкі. Потым кідаюць іх праз вогнішча, пускаюць па рацэ, а калі вянкі атрымліваюцца маленькія, то іх апранаюць на галаву ці пояс і ходзяць так увесь вечар. Распаўсюджаны абрад – калі дзяўчаты кідаюць вянкі ў ваду і глядзяць, да якога берага паплыве вянок, – туды і замуж пойдзе. Далучыцца да гэтага абраду могуць і хлопцы – пара разам павінна кінуць вянкі ў ваду: калі яны паплывуць побач, у сям’і ўсё будзе добра, калі ж адплывуць адзін ад аднаго – ладу не будзе. Дрэнным лічыцца, калі вянок адразу ідзе на дно, – не дачакаецца сёлета дзяўчына вяселля. Калі ж паплыве далёка і роўна, – хутка быць шчасліваму замужжу.
Яшчэ адзін цікавы абрад з вянкамі быў у нашых бабуль і дзядуль. Трэба было пакласці вянкі на ваду, каб у сярэдзіне кожнага была замацаваная свечка. Калі вянок нейкай дзяўчыны патоне і свечка згасне, – значыць, наканаваны разлюбіў яе. Калі не патоне – быць ёй замужам.
Пакуль дзяўчаты займаюцца сваімі справамі, хлопцы таксама рыхтуюцца да чароўнай ночы, яны па ўсіх дварах збіраюць старыя непатрэбныя рэчы. Іх вывозяць на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спаляць. З купальскім вогнішчам звязаны цікавыя абрады. Так, лічыцца, што калі пераскочыць праз яго, можна ачысціцца ад усяго дрэннага, што накапілася на працягу года. Калі пара пераскочыць вогнішча, узяўшыся за рукі, яны ўжо ніколі не растануцца. Скачуць праз вогнішча і дзяўчаты, каб паваражыць на замужжа: калі да спадніцы прычэпіцца некалькі іскарак, хутка прыедуць сваты. Агонь купальскага вогнішча нашы продкі прыносілі да сябе і запальвалі ад яго печ, каб захаваць часцінку яго дабраславення, таксама пры гэтым агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі.
Вакол вогнішча і сёлета будуць вадзіць карагоды, спяваць купальскія песні, а калі стане зусім цёмна, пойдуць шукаць папараць-кветку. Кажуць, у ноч а 12-й гадзіне зацвітае самы галоўны сімвал свята – папараць-кветка. Нашы продкі верылі, што яе можна ўбачыць толькі ў гэтую чароўную ноч, і то, калі вельмі пастарацца. Лічыцца, што каб знайсці дзіўную кветку, трэба выправіцца ноччу ў лес аднаму і зайсці так ў лясны гушчар, каб не чуць ні пеўняў, ні сабак з навакольных вёсак. Папараць-кветка, кажуць людзі, маленькая, але яна ззяе ў цемры яскравым агеньчыкам. Хто знойдзе яе – атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі скарбы, разумець мову звяроў.
Акрамя асноўных абрадаў ёсць тыя, якія выконваюцца ўжо пад раніцу. Напрыклад дзяўчаты павінны былі заплюшчыць вочы і назбіраць усляпую розных траў, пакласці іх пад падушку. А раніцай разглядзець іх: калі назбіралася 12 відаў рознай травы, то ў гэтым годзе дзяўчына выйдзе замуж. І завяршыць свята трэба так: раніцай дзяўчаты ідуць умывацца расой – лічыцца, што яна надоўга захавае прыгажосць.
Убачыць усю прыгажосць гэтага свята можна сёлета ў Белавежскай пушчы, пройдзе “Вечар на Івана КУПАЛУ” на тэрыторыі археалагічнага музея пад адкрытым небам. З 19.00 да 22.00 вас чакае знаёмства з традыцыямі, якія дайшлі да нашых дзён: навучанне пляцення купальскіх вянкоў і пусканне іх у вадаём; Купальскае вогнішча; майстар-клас па вырабе лялек-матанак, тэматычны аквагрым для дарослых і дзяцей; народныя песні, карагоды, вясёлыя гульні і конкурсы.
А чаму б не паспрабаваць знайсці чароўныую кветку папараці, якая расцвітае паводле падання толькі адзін раз у год!
Ілья АГРЭНІЧ, студэнт філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна
Фота Марыны ЛЯШКЕВІЧ