Марыя Мікалаеўна нарадзілася 26 лістапада 1950 года ў вёсцы Навасёлкі Пружанскага раёна. Пасля заканчэння мясцовай школы вучылася ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы і Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Працавала мастаком-афарміцелем у Пружанскім Палацы культуры, аўтапарку, бібліятэкарам у раённай дзіцячай бібліятэцы, дзе ў вольны час кіравала лялечным тэатрам «Званочак». У 2006 годзе ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры стварыла студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка», якая ў 2018 годзе была ўдастоена звання «Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Удзельнікі студыі пачалі ствараць экасумкі, якія афармляліся нацыянальнай сімволікай, выявамі герба Пружан, кветкамі і ўзорамі. На іх вытворчасць аўтар атрымала сертыфікат адпаведнасці.
Марыя Кулецкая добра знаёма з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але найбольшую вядомасць ёй прынеслі маляванкі, якія сталі своеасаблівым сімвалам Пружан. Марыя Мікалаеўна адной з першых у Беларусі пачала адраджаць гэтае забытае традыцыйнае народнае мастацтва. Пружанская мастачка фактычна вывела гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на новы ўзровень, дазволіўшы яму арганічна ўпісацца ў сучаснае жыццё, адначасова захоўваючы непарыўную сувязь з мінуўшчынай.
Дарэчы, 6 сакавіка 2023 года было прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці такому віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як традыцыйны роспіс па шкле ў Пружанскім раёне.
Творчасць Марыі Мікалаеўны Кулецкай рознабаковая і шматгранная: акрамя роспісу па шкле, яна займаецца жывапісам, саломапляценнем, ткацтвам, вышыўкай, выцінанкай. Марыя Кулецкая – удзельнік і дыпламант шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, фестываляў і конкурсаў. Яе работы захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі. Мастачка з’яўляецца актыўным членам Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў, абласнога клуба майстроў народнай творчасці «Скарб», грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёна «Белавежская пушча» і Брэстчыны «ТУР».
У 2009 годзе Марыі Кулецкай было прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі» ў вобласці мастацкага роспісу. У 2011-м яна прымала ўдзел у выставе «У пошуках спрадвечнага», прысвечанай дзесяцігоддзю абласнога клуба майстроў народнай творчасці «Скарб». Узнагароджана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2019 годзе былі падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года 2018», дзе Марыя Кулецкая была адзначана Ганаровым дыпломам II ступені ў намінацыі «Духоўнасць і культура».
Неаднаразова Марыя Мікалаеўна станавілася гераіняй тэлесюжэтаў і фільмаў, якія дэманстраваліся на беларускім тэлебачанні і мясцовым тэлеканале «Пружаны ТВ». У 2014 годзе на канале Беларусь-3 выйшаў фільм «Найменні і вобразы» пра творчасць Марыі Кулецкай i яе дачкі Ірыны Мамановіч, а ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі знаходзяцца іх работы, выкананыя ў тэхніцы роспісу па шкле.
У 2024 годзе па рашэнні Пружанскага раённага Савета дэпутатаў за значны ўклад у захаванне, адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай беларускай народнай культуры Марыі Мікалаеўне было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна».
Сёння з творамі Марыі Кулецкай можна пазнаёміцца ў Пружанскім палацыку на выставе «Любы сэрцу край Пружанскі». У экспазіцыі 85 прац Марыі Мікалаеўны. Выстава дзейнічае да сярэдзіны снежня.
Марына КАЎТУНЮК, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Фота з архіва музея