У Петрапаўлаўскім касцёле ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавічскага раёна 24 кастрычніка завяршыўся фестываль арганнай музыкі ”Gloria Deo”. Культурнае мерапрыемства ладзілася пры арганізацыйнай падтрымцы Ляхавіцкага райвыканкама і Пінскай дыятэзіі Каталіцкай царквы ў Беларусі.
Арган стаў у Мядзведзічах цудоўным акампанентам восені, дадаўшы новую фарбу кастрычніку. Таму што фестываль ”Gloria Deo” пачаўся 3 кастрычніка і месяц кожную нядзелю дарыў аматарам музыкі сустрэчы з цудоўным. Уваход на канцэрты быў бясплатным.
Месца правядзення фэсту выбралі невыпадкова. Як пісала раней “Заря”, у Мядзведзічах знаходзіцца адзін з буйнейшых у Беларусі арганаў эпохі рамантызму. Інструмент, размешчаны ў Петрапаўлаўскім касцёле на двух паверхах будынка, мае амаль тысячу драўляных і металічных труб памерам ад некалькі сантыметраў да пяці метраў, 17 рэгістраў, два мануала – клавіятура для ігры рукамі і педальная. Арган быў зроблены пад заказ у Вільні ў майстэрні Пятра Вайцяховіча ў 1912 годзе. Нагадаем, ён захаваўся да нашых дзён практычна ў аўтэнтычным выглядзе і з мінімумам пашкоджанняў.
Фестываль арганнай музыкі ”Gloria Deo” стаў прыкметнай культурнай падзеяй гэтай восені. На ім выступілі артысты з Беларусі і Расіі – музыканты, вакалісты з Мінска, Віцебска і Масквы.
Святлана ТАБОЛІЧ