У Ляхавіцкім раёне ўспамінаюць Міхаіла Пташука

23.11.2024

Калі нараджаецца дзіця, на небе нараджаецца яго зорка. Здараецца так, што калі чалавек памірае, гэта зорка пачынае ззяць яшчэ ярчэй.

На вечарыну памяці знакамітага рэжысёра, акцёра і сцэнарыста Міхаіла Пташука пад паэтычнай назвай «Ярка свеціць зорка Пташука» запрасілі ў Ляхавіцкую цэнтральную раённую бібліятэку імя Янкі Купалы. Мерапрыемства, арганізаванае ляхавіцкімі бібліятэкарамі сумесна з аддзелам па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама і літаратурна-музычнай гасцёўняй «Крыніца» пры Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме абяцала ўсім аматарам і прыхільнікам сучаснай беларускай культуры цікавыя сустрэчы і знаёмства з роднымі, блізкімі і сябрамі творцы.

Пра Міхаіла Пташука на Ляхавіччыне памятаюць і ім ганарацца. Просты хлопец з невялікай вёскі Федзюкі, імя якога стала вядома ў кінаіндустрыі на міжнародным узроўні, у рэжысёрскіх працах якога з задавальненнем здымаліся знакамітыя савецкія, расійскія заслужаныя артысты, фільмы якога знаходзяць водгук у душы кожнага беларуса – усё гэта наш зямляк Міхаіл Мікалаевіч Пташук.

У сваім дзённіку Міхаіл Мікалаевіч пісаў: «Все, что я снял, имеет отношение к истории белорусской литературы ХХ века. И Владимир Короткевич, и Иван Шамякин, и Василь Быков – это уже история. В каждом фильме, снятом по произведениям, есть частица меня самого, моей матери, соседей – людей, среди которых я вырос. Если внимательно посмотреть мои фильмы, то можно убедиться, что в каждом из них одна и та же изба по планировке. Читая повесть «Знак беды» Быкова, я видел свой дом, в котором вырос и из которого так рано ушел в люди. Мне не надо было ничего придумывать. Все герои двигались по моему федюковскому дому, мне было легко с ними, я знал каждый их шаг…».

Міхаіл Пташук любіў сваю малую радзіму і даражыў ёю. Гэта адчуваецца ва ўспамінах стрыечнай сястры Аліны, пляменніц Святланы і Тамары. Сюжэты для сваіх фільмаў ён бачыў амаль паўсюль, але асобнае месца сярод іх займаюць вобразы родных мясцін. Шмат цікавых сямейных гісторый пачулі ад родных: пра казусы на хрэсьбінах, працагалізм і ўцёкі з санаторыя, як частаваў амерыканца мачанкай, пра творчыя споры з жонкай Ліляй. Ад такіх свойскіх, утульных гісторый усе ўдзельнікі вечарыны, здаецца, адчулі сябе амаль блізкім сябрам Міхаіла Пташука.

Лірычна-паэтычны настрой мерапрыемству задала член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» Раіса Раманчук. Падтрымалі яго прыхільнікі літаратурнай творчасці Брэстчыны: свае вершы чыталі Галіна Ліс (паэтычны клуб «Ліра», г. Баранавічы), Віктар Пінігін (народная літаратурна-паэтычная студыя «Літаратурная правінцыя», г. Лунінец), Ларыса Глеб (Падлеская сельская бібліятэка). Гучалі аўтарскія музычныя кампазіцыі баранавіцкіх выканаўцаў – Аліны Галіцкай, Аляксандра Дразда, народнага аматарскага вакальнага ансамбля «Primavera». Прысутныя пазнаёміліся таксама з новым дакументальным фільмам пра творчасць Міхаіла Пташука «От края и до края» (рэжысёр – Анастасія Мароз), прэм’ера якога адбылася сёлета ў рамках XXX міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Шмат цёплых слоў удзячнасці прагучала ў адрас арганізатараў мерапрыемства ад самай шаноўнай госці – Лікі Пташук, дачкі кінарэжысёра і сцэнарыста:

– Мае самыя першыя дзіцячыя ўспаміны пра бацьку адносяцца да трохгадовага ўзросту. Мы жылі на той момант у Адэсе, і тата зладзіў мне хатні тэатр: мае падраныя лялькі і звычайная міска пераўтварыліся ў іншапланецянінаў і лятаючую талерку. Так бацька прывіваў мне любоў да культуры і мастацтва. І мы з вамі зараз гаворым аб вельмі важных і значных рэчах: любові да Радзімы, народа, захаванні і ўшанаванні памяці і традыцый, сапраўдным патрыятызме, супольнасці. За гэта я кажу вам «дзякуй». Дзякуй вам за цудоўную беларускую мову, за цёплую сустрэчу. І асобнае «дзякуй», вядома ж, майму бацьку, які навучыў мяне ўсё гэта разумець і шанаваць.

Дарэчы, Ліка Пташук з’яўляецца вядучай праграмы «Дыялогі пра культуру» на канале «Культура» Беларускага радыё, гасцямі якой сардэчна запрасіла стаць Раісу Раманчук, кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» і Вольгу Пляшэвіч, дырэктара Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Лізавета МАЦУЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы
Фота Ляхавіцкай раённай ЦБС