У літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа адзначылі Дзень роднай мовы

19.02.2025

Пачнем з таго, што ў нашым народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа кожны дзень – гэта дзень роднай мовы. Экскурсіі вядуцца на беларускай мове і мясцовай гаворцы.

Таму да правядзення міжнароднага свята мы падыходзім творча, штогод стараемся чым-небудзь здзівіць нашых гасцей.

На гэты раз пачалося свята з дзіўнага гучання на цымбалах мелодыі да дыямента творчасці Якуба Коласа - верша “Мой родны кут”, у выкананні Дар’і Галісфанавай, культарганізатара Пінкавіцкага СДК.

Затым мультфільм з біблейскім сюжэтам перакінуў усіх удзельнікаў свята ў старажытны Вавілон. На імгненне мы сталі сведкамі вядомага стаўпатварэння і з’яўлення розных моў.

Па нашай даўняй добрай традыцыі родную мову прыходзяць павіншаваць са святам замежныя мовы. На гэты раз з віншаваннямі наведаліся аглійская, нямецкая і кітайская мовы.

Так, вучні Пінкавіцкай сярэдняй школы арганізавалі флэш-моб пад сучасную англійскую музыку. Танчылі ўсе!
Для настаўніцы нямецкай мовы Кашавіцкай сярэдняй школы Ірыны Крыловіч сваёй прэзентацыяй настолькі ўдалося зацікавіць аўдыторыю, што вучні адказвалі нібы на адзнаку. Канечне, многія, як кажуць, адкрылі Амерыку, калі даведаліся аб нямецкім паходжанні слоў бутэрброд, гальштук, фартух і інш.

А цяпер аб сенсацыі. Упершыню ў нашым музеі гучала кітайская мова. І мы не толькі слухалі мову Паднябеснай з вуснаў настаўніцы англійскай і кітайскай моў Пінкавіцкай школы Алены Ляшчук , але і пісалі (ці малявалі) іерогліф “Каханне”. Мілавідная удзельніца мерапрыемства развеяла міф аб тым, што студэнты за ноч могуць вывучыць кітайскі. Заадно перадала нам ад кітайцаў лайфхак для вывучэння замежнай мовы: трэба закахацца… у мову. Дарэчы, Алена Генадзьеўна практыкавалася ў Кітаі!

Ну, і як жа без мясцовай аматаркі нашага музея бабулі Любы Жук? Яна не проста ў нас гасцявала, а мясцовую гаворку прадстаўляла. К арацей кажучы, спявала фальклор: “Ой, горалы хлопцы ныву”, “Шумять вэрбы ў конэц грэблі”… 87-гадовая жанчына ўспомніла разам з вучнямі і нямецкую мову, якую яна вывучала у свой час. А каб лепш выступаць у музеі, наша госця вырашыла пазаймацца ў мясцовым фальклорным калектыве “Крыніцы”.

На працягу ўсяго свята прэзентацыя моў перапляталася з музычнымі падарункамі Яе Вялікасці Мове Беларускай. Юныя экскурсаводы на гэты раз выступілі не толькі ў ролі канферансье, але і выконвалі вакальныя нумары. Вось у Леры Калесніковіч, напрыклад, адбылася прэм’ера песні “Родина внутри”.

Але ж самыя шчырыя апладысменты дасталіся суседцы музея, культарганізатару Пінскага сацыяльнага пансіяната “Піна” Таццяне Крыўчук. Яе прафесійнае выкананне песень пра Беларусь прабірала да мурашак, перапаўняла сэрцы любоўю да ўсяго роднага: зямлі, людзей, мовы. Мне падаецца, што кожны госць нашага свята пранікнецца яшчэ большай пашанай да мілагучнай, сакавітай, непаўторнай мовы беларускай.

Метадыст ЦТДіМ Пінскага раёна Жанна ВЕРЫЧ