Вывучэнне і захаванне традыцый, беражлівае стаўленне да беларускай культуры – у Брэсце адбыўся ІХ адкрыты фальклорны фестываль «Радавод». Яго арганізавалі Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці.
Упершыню фестываль «Радавод» правялі ў 2004 годзе. З тых часоў фальклорнае свята адбываецца адзін раз на тры гады. Геаграфія гарадоў, у якім пабываў «Радавод», шырокая – Брэст, Іванава, Кобрын, Івацэвічы, Пружаны і Пінск.
– Прыгожа, весела, бурна крочыць па берасцейскай зямлі «Радавод». Радуецца сэрца таму, што мы захоўваем сваю спадчыну, культуру, мілагучную беларускую мову. Пакуль ёсць маладыя майстры, мы будзем перадаваць спадчыну наступным пакаленням, і будзе працягвацца жыццё нашай міралюбівай краіны, – адзначыла ў прывітальным слове начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская.
У Брэсце «Радавод» праводзіўся на дзвюх пляцоўках – у мастацкім музеі і на сцэне тэатра эстрады ў парку культуры і адпачынку. У музеі прайшла навукова-практычная канферэнцыя, а ў парку – конкурсы юных майстроў і побытавага танца.
– Фестываль «Радавод» дазваляе фарміраваць веды пра народную культуру. Канферэнцыя паказала, што ў Брэсцкай вобласці шмат таленавітых дзяцей, носьбітаў традыцыйнай культуры. У многіх работ дастойная навукова-метадычная база, – адзначыла член журы Алена Пашковіч.
Галоўная алея парка ўяўляла сабой горад майстроў – выставы аўтэнтычных рэчаў побыту «Бабулін куфэрак» і работ навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выкананых на аснове вывучэння традыцыйных рамёстваў свайго рэгіёну. Тут жа адбылася прэзентацыя традыцыйных рэцэптаў і страў «Бабуліна кухня». Таксама падчас фестывалю працавалі творчыя і конкурсныя пляцоўкі.
Недалёка ад сцэны развярнулася лакацыя «Бабуліна кухня». Багаты стол накрыла сярэдняя школа № 1 імя У. Гука города Івацэвічы. – Мы прыехалі паказаць смачны хлеб, калдуны, бульбу, дранікі, каўбаску, сальца. У школе вывучаем беларускія традыцыі і лічым, што павінны іх захоўваць, – расказалі вучаніцы Паліна Лось і Соф’я Навумчык.
Побач – прадстаўнікі Ганцавіцкага раёна. Навучэнцы Чудзінскай сярэдняй школы здзіўлялі блінамі і з задавальненнем раскрывалі сакрэты іх прыгатавання. Асабліва цікава было даведацца пра бліны на кіслым малацэ з дабаўленнем бульбы. Хатыніцкая зямля славіцца працавітымі людзьмі і добрымі гаспадынямі.
– Наша галоўная страва на тэматычнай пляцоўцы – каравай, які гатавалі на «Дажынкі». Выкарыстоўваецца тры віды цеста – аснова выпечана з дражджавога. Лісточкі і кветачкі робім, змешваючы ваду з соллю і мукой, – расказала Ганна Ярашэвіч, а наведвальнікі фестывалю высока ацанілі хатыніцкі каравай і іншую выпечку.
Шмат прыгожых рэчаў прадставілі майстры ўсіх раёнаў вобласці. Вырабы ручной работы напоўнілі атмасферу гісторыяй. Так, Маларыцкі цэнтр дадатковай адукацыі і моладзі прадставіў лялькі ў ільняным адзенні, сурвэткі, вязаныя кручком, вырабы з саломы, дзеці з педагогамі падрыхтавалі майстар-клас па вышыванні ружы.
– Вузялковым пляценнем можна зрабіць чокеры, закладкі і іншыя карысныя рэчы. Дзяўчаты паспяхова асвоілі гэтае пляценне. Я паказваю ткацтва паясоў на дошчачках. Зараз у мяне іх 26, гэта значыць, што атрымаецца пояс шырынёй да 3 сантыметраў. Дошчачкі трэба варочаць, а потом прадзець і замацаваць нітку. Поўнасцю паўтарыць усё дзеянне, – патлумачыла педагог Іванаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Эльміра Каткавец.
Гледачам і тым, хто проста праходзіў праз парк і зацікавіўся фэстам, цяжка было вырашыць – гутарыць з майстрамі і вучыцца ў іх новаму ці атрымліваць асалоду ад конкурсу побытавых танцаў. Удзельнікі прыгожа выконвалі «Лявоніху», «Базар», «Польку». Давіду Шэлесту са Століна асабліва падабаецца танец «Мікіта» за яго энэргічнасць і дынамічнасць. Хлопец усяго год займаецца народнымі танцамі ў школьным гурту, але яму пашчасціла ўжо выступаць на фальклорным свяце такога маштабу. У партнёршы багаты вопыт у харэаграфіі, таму Давід не хваляваўся і падчас фестывалю атрымліваў асалоду – ад выступлення, цудоўнай атмасферы і зносін з іншымі ўдзельнікамі.
Члены журы высока ацанілі тое, што на Брэстчыне ёсць падтрымка дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў, якія працуюць у галіне фальклору, прыкладнога мастацтва, традыцыйнай культуры рэгіёну. На гала-канцэрце Гран-пры ІХ фестывалю «Радавод» уручылі Пінскаму раёну ў намінацыі «Лепшая выстава раёна» і Іванаўскаму – у намінацыі «Лепшая фальклорная праграма».
Юлія ВОЎК Фота аўтара