Першы вясновы дзень у Драгічыне быў шчодрым на цяпло. Ласкавыя сонечныя прамяні заглядвалі ў вокны дамоў, запрашаючы людзей выйсці на вуліцу ды ацаніць такі падарунак прыроды. Настрой жыхарам узнялі таксама мясцовыя творчыя калектывы, якія 1 сакавіка ў гарадскім Доме культуры трымалі экзамен на прафесіяналізм, адпаведнасць званням «Узорны» і «Народны». Многія гледачы прыйшлі сюды, каб у чарговы раз наталіцца звонкімі спевамі любімых гуртоў, узбагаціцца станоўчымі эмоцыямі, адчуць аўру рухаў танцораў.
Першымі гучныя апладысменты з залы пачула «Зараначка». Улетку наступнага года гэты ансамбль народнай песні будзе святкаваць сярэбраны юбілей з моманту заснавання. Сёлета, акурат у сакавіку, таксама важная падзея – дваццацігоддзе з даты атрымання калектывам звання «Народны». Членаў абласной камісіі, як заўсёды, «Зараначка» пакарыла цікавай канцэртнай праграмай. Пасля яркага выступлення пагаварылі з сённяшнім кіраўніком народнага ансамбля Алай Собаль і яго заснавальнікам Аленай Сцельмашук. Жанчыны расказалі, што творчы дэбют артыстаў адбыўся на Дні горада Драгічына ў ліпені 2002 года. Тады на сцэне квартэт, які выступаў нават без сцэнічных касцюмаў, выканаў толькі дзве песні. Ды не ў колькасці спевакоў і кампазіцый справа. Мясцовая публіка належным чынам ацаніла галасы і артыстызм выканаўцаў. Неўзабаве калектыў назвалі ў гонар маленькай птушачкі, якая спявае на досвітку, – заранкі, яе таксама называюць малінаўкай (у Драгічынскім раёне ёсць вёска Малінаўка. – Заўв. аўтара). У рэпертуары драгічынскай «Зараначкі» – 80 твораў. Пераважную большасць складае беларуская народная песенная спадчына. Ёсць аўтарскія кампазіцыі. Калектыў актыўна супрацоўнічае з Іванам Красоўскім (напісаў песню «Спявай, зараначка, спявай!»), Міхаілам Цурканавым. Спецыяльна для «Зараначкі» многа твораў напісала Алена Сцельмашук (у тым ліку песню «Гэта мой Драгічын»).
Экзамен у нядзелю трымаў таксама народны хор ветэранаў працы «Ветэран». Неяк сімвалічна атрымалася, што калектыў, утвораны трыццаць пяць гадоў таму, складаецца з людзей, хто пайшоў на заслужаны адпачынак, і святкуе свой дзень нараджэння менавіта восенню, якая асацыіруецца са сталым – мудрым і разважлівым – узростам чалавека. Удзельнікі хору прызналіся: быць у страі, нягледзячы на паважаны ўзрост (Валянціне Сяргееўне Палхоўскай, напрыклад, ужо 80 гадоў), ім дапамагае песня. Яшчэ ўдакладнілі, што кампазіцыяй, якая даўно адпавядае настрою душы кожнага, з’яўляецца «Пока живешь на белом свете, радуйся!». Гэтая кампазіцыя і многія іншыя ў выкананні хору ветэранаў працы прагучалі вельмі пранікнёна і пераканаўча.
Багаты прафесійны вопыт, годны ўзровень выканальніцкага майстэрства прадэманстравалі народны вакальны ансамбль «Вясёлыя суседзі» (гарадскі пасёлак Антопальскі, Дом культуры), народны ансамбль музыкі і песні «Сваякі» (Бездзежскі сельскі Дом культуры), узорны цымбальны аркестр «Вязанка» (Драгічынская дзіцячая школа мастацтваў), калектывы, якія існуюць пры Доме культуры горада Драгічына: узорны ансамбль эстраднага танца «Маскарад», народны гурт тэатралізаванай гульні «Рамонак», народны драматычны калектыў «Аўра». Атмасфера, набліжаная да аўтэнтычнай, панавала падчас ўзнаўлення сямейным калектывам Лук’яновічаў вясельнага абраду «Каравайніцы», які быў фальклорнай адметнасцю мерапрыемства.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара