Амаль год таму, 19 снежня, Бялынічы, што ў Магілёўскай вобласці, перадалі палескаму Іванава гэтае высокае званне. Яго ў 2015 годзе насіў Брэст, у 2019 годзе – Пінск.
Цэлы год Іванава і ўвесь Іванаўскі раён былі культурнай Меккай. Як паведаміла начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык, тут адбылася рэкордная колькасць мерапрыемстваў рознага ўзроўню – больш за 200. Апроч таго, мясцовыя артысты паспяхова дэманстравалі свой творчы патэнцыял і тым самым самабытнасць рэгіёну ў якасці запрошаных гасцей на айчынных і замежных пляцоўках.
Праграма ўрачыстага закрыцця акцыі «Іванава – культурная сталіца Беларусі-2025» насычаная. Адбудуцца прэзентацыя экспазіцыі «Галерэя славы вядомых землякоў», ток-шоу «Формула поспеху», майстар-класы па вырабе навагодніх кампазіцый, дэгустацыя калядных прысмакаў. Кульмінацыяй стане канцэрт «Табе, Беларусь, прысвячаем». Каларыт гарадоў – культурных сталіц Беларусі ў розныя гады – прадэманструюць творчыя калектывы з гэтых рэгіёнаў.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ Фота аўтара