Брэсцкая зямля – шчодрая крыніца мастацкіх, пісьменніцкіх талентаў. Яркі прыклад – удзел берасцейцаў у фарміраванні прасторы беларускай дзіцячай літаратуры. З сённяшніх літаратараў руплівасць на гэтым накірунку праяўляе і Наталія Андрасюк, пісьменнік з Брэста. Яна толькі пачынае свой шлях у літаратуру. Адна за другой убачылі свет першыя дзве яе кнігі. Прайшлі першыя прэзентацыі – у Мінску і Брэсце. На чарговай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў сакавіку сёлетняга года, на фестывалі дзіцячага чытання ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа… Кнігі актыўна раскупляюцца ў кнігарнях краіны. Мы вырашылі задаць Наталіі АНДРАСЮК некалькі пытанняў.
– Чаму менавіта фэнтэзі і менавіта аповесць пра прыгоды Гавара і Кундоса? Ці ёсць «правобразы»?
– Фэнтэзі дазваляе стварыць унікальны свет, дзе магчыма літаральна ўсё, і гэта дае бязмежную прастору для ўяўленняў. У мяне быў невялікі вобраз – зусім дробная ідэя, якая з часам вырасла ў паўнавартасную гісторыю. Мне захацелася прыдумаць чароўную краіну, і мяне прыцягнула назва «Сідус», што ў перакладзе з латыні значыць «Зорка» ці «Сузор’е». Так нарадзілася ідэя казачнага свету з чароўнай ноччу, а пасля з’явіліся вобразы герояў. Правобразы Гавара і Кундоса сабраны з розных крыніц: гэта і рысы рэальных людзей, і архетыпы вядомых кніжных персанажаў. Мне важна было паказаць іх непадобнасць, бо менавіта кантраст характараў робіць дружбу болей цікавай і надае гісторыі дынаміку.
– Літаратура для дзяцей, асабліва для падлеткаў, – гэта сапраўднае выпрабаванне, пошук нечага новага. Ці ёсць у вас мастацкія арыенціры?
– У першую чаргу я абапіраюся на сваё ўяўленне. Аснову складаюць кнігі, якія ў розны час зрабілі на мяне ўражанне. Яны заклалі фундамент майго ўспрыняцця літаратуры і дапамглі сфарміраваць уласны стыль.
– Якую літаратуру вы самі выбіраеце як чытач найперш?
– Мне падабаюцца кнігі, якія дазваляюць цалкам паглыбіцца ў іншы свет – ці то гэта фэнтэзі, ці то навуковая фантастыка. З асаблівай асалодай згадваю моманты, калі чытала «Хронікі Нарніі», «Уладар кольцаў», «Хоббіта». Цаню творы, якія не толькі захапляльны характар носяць, але і прымушаюць задумацца, пакідаючы глыбокі след у душы. Нядаўна зноў перачытала «Марціна Ідэна» Джэка Лондана для кніжнага клуба, дзе мы штомесяц абмяркоўваем літаратуру.
– Сёння папяровая кніга губляе пазіцыі, саступае перад лічбавымі фарматамі. Магчыма, варта адразу пісаць для электронных платформ? Ці вы верыце ў традыцыйную кнігу?
– Я шчыра люблю папяровыя кнігі. Гэта не толькі тэкст, але і асаблівая атмасфера: фактура старонак, іх шапаценне, адчуванне свежага друку, друкарскіх фарбаў. Прыгожа аформленая кніга прыносіць эстэтычнае задавальненне. Аднак сучасны рытм жыцця дыктуе свае ўмовы, і многія чытаюць у электронным фармаце – у транспарце, у чарзе, на хаду. Тым не меней, я ўпэўнена, што папяровая кніга застанецца, асабліва ў дзіцячай літаратуры. Бацькі з радасцю выбіраюць для дзяцей маляўнічыя выданні, якія развіваюць уяўленні, прывучаюць да чытання. Электронныя кнігі тут не канкурэнты.
– Якога героя, на ваш погляд, не хапае юным чытачам?
– Часта мы любім персанажаў не за іх ідэальныя якасці, а за іх недасканаласць і харызму. Самыя любімыя дзіцячыя героі – Карлсан, Пэпі, Том Сойер, Бураціна – далёка не ўзоры для прыкладу, але менавіта харызма робіць іх жывымі і цікавымі. Сучаснай літаратуры патрэбны новыя томы сойеры, але адаптаваныя пад наш час. Напрыклад, Кундос прагне золата і манет, але кожны раз пераадольвае сябе дзеля дружбы. У яго ёсць слабіны – ён не адважваецца пайсці да дракона, але, калі сябрам пагражае небяспека, забываецца пра страх. За такімі героямі цікавей назіраць, і гэта пацвярджаюць водгукі юных чытачоў.
– Дзве кнігі пра Гавара і Кундоса ўжо выдадзены. Што далей?
– Мне самой цікава, куды прывядзе гісторыя! Толькі што выйшлі дзве кнігі, а героі ўжо ўвязаліся ў новыя прыгоды. Пакуль магу сказаць толькі адно – гэта будзе снежная гісторыя. Ці будзе чацвёртая кніга? Ідэя ёсць, я яе добра ўяўляю. Яна болей адкрые сусвет Сідуса і закальцуе сюжэт. У будучыні я хацела б напісаць гісторыі ў межах гэтага сусвету, але з новымі героямі ў іншым часе.
– Сярэдні тыраж мастацкай літаратуры ў Беларусі – 1000 экзэмпляраў, вашы кнігі выдадзены тыражом 2000. Знойдзеце свайго чытача?
– Я веру, што знайду. Я пішу кнігі, якія сама хацела б прачытаць у дзяцінстве. Спярша мае кнігі набывалі знаёмыя, але нядаўна даведалася, што нехта парэкамендаваў маю кнігу сваім сябрам.Гэта вельмі каштоўна! Спадзяюся, што такіх момантаў будзе болей. Калі дазволіць адлегласць, я гатовая сустракацца з чытачамі, дзе заўгодна, пакідаць аўтографы, адказваць на пытанні. А тых, хто жадае даведацца болей, запрашаю ў мой тэлеграм-канал «Хроники Сидуса II Наталия Андросюк» і ў Instagram.
– Што, на ваш погляд, патрэбна для папулярызацыі дзіцячага чытання?
– Кнігі адыгрываюць велізарную ролю ў фарміраванні асобы, але сёння цікавасць да чытання становіцца слабейшай. Патрэбна зацікаўліваць дзяцей кнігамі і фарміраваць іх інфармацыйную культуру. Мяне захапляюць утульныя кнігарні, дзе гандляры ведаюць кожную кнігу, а сама атмасфера натхняе. На жаль, такія кнігарні саступаюць месца маркетплейсам. Мне падабаюцца фарматы кшталту Маскоўскага дома кнігі, дзе можна не толькі купіць, але і пачытаць, адпачыць. Калі дзеці з самага дзяцінства трапляюць у такую атмасферу, то ў дарослым узросце з’явіцца ахвота вярнуць яе. І, безумоўна, важна, каб з’явіліся новыя захапляльныя кнігі па даступнай цане.
– Які вопыт вынеслі з працы з выдавецтвамі?
– Мне вельмі пашчасціла: мае кнігі выйшлі ў выдавецтве «Беларусь», дзе працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Велізарная удзячнасць за падтрымку і веру ў мае гісторыі. Я ўпэўнена, што наперадзе яшчэ шмат цікавага.
– Ваша парада пачынаючым аўтарам дзіцячай літаратуры?
– Пішыце так, каб вам самім было цікава! Калі вы захапляецеся сваёй гісторыяй, чытач гэта адчуе. Калі вам сумна пісаць нейкую сцэну, значыць, яе будзе сумна чытаць. З практычных парад: выкарыстоўвайце прыём «цвікі братоў Стругацкіх» – на кожнай старонцы павінна быць нешта яркае, незвычайнае, тое, што прыцягвае ўвагу. Гэта могуць быць трапныя фразы, нечаканыя павароты, захапляльныя моманты. Таксама добра спрацоўваюць кліффхэнгеры, якія ствараюць інтрыгу. І, вядома ж, шмат чытайце – гэта лепшы сродак развівацца як пісьменніку!
Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА