У назву вынесла радок з песні, якая была напісана мясцовым таленавітым творцам Канстанцінам Клімовічам спецыяльна да 85-годдзя Столінскага раёна. У выкананні заслужанага аматарскага народнага калектыву “Крыніца” прагучала яна, як гімн. Эмацыянальны фон узмацняў па-майстэрску зладжаны невялікі фільм пра малую радзіму, асновай для якога сталі відэа- і фотаматэрыялы раённай газеты “Навіны Палесся”. Але ж аб усім па парадку.
Юбілей раёна Століншчына адзначала на працягу года, прысвяціўшы даце мноства знакавых мерапрыемстваў. Прычым, не толькі культурна-масавага і спартыўнага накірункаў. Пра ўнікальны мясцовы музей Маці і сям’і, а таксама пра адкрыццё ў Століне сучаснай дзіцячай бібліятэкі, якая стала самым сапраўдным храмам кнігі, расказвала як мясцовая і абласная прэса, так і рэспубліканскія СМІ.
Столінцы беражліва захоўваюць памяць пра сваё мінулае. Яскравым сведчаннем з’яўляецца мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы “Стасіна”, дзе традыцыйна пачынаюцца ўсе знакавыя мерапрыемствы. Вось і 17 студзеня, аддаючы даніну памяці гераічнаму і адначасова трагічнаму ваеннаму ліхалеццю, удзельнікі мерапрыемства ўсклалі жывыя кветкі да магіл бязвінных ахвяр фашызму. Каля абеліскаў на цэнтральнай плошчы горада таксама ўшанавалі памяць загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны землякоў.
Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, святочным вянком выглядала ў той дзень Камсамольская плошча каля раённага Цэнтра культуры. Засяроджаную ўвагу дарослых і радасную мітусню дзетвары прыцягвалі шматлікія лакацыі і выставы. Больш сталых наведвальнікаў цікавілі артэфакты з гісторыі раёна. Юных столінцаў нельга было адцягнуць ад пляцовак, дзе размясцілася ваенная тэхніка і тая, што знаходзіцца ў распараджэнні мясцовых выратавальнікаў. Раз-пораз над плошчай раздаваліся гукі сірэны: гэта найбольш смелыя падлеткі адважваліся пасядзець за рулём міліцэйскага аўто. Не сумавалі гандляры.
Подых свята адчуваўся у фае раённага Цэнтра культуры. Тут рэальна не было дзе яблыку ўпасці! Тым не менш стварыць дакладнае ўяўленне аб яркіх талентах і працавітых руках столінцаў у арганізатараў атрымалася.
Вітаючы землякоў, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі зрабіў невялікі экскурс у гісторыю, прыгадаўшы найбольш знакавыя старонкі з мінулага Століншчыны – Палескае паўстанне 1918 года, гістарычны момант уз’яднання Беларусі ў 1939-ым, саму дату ўтварэння раёна, ваеннае ліхалецце, складаны пасляваенны час… Кранулі згадкі пра жудасны лёс удзельнікаў Палесскага паўстання, разам з сем’ямі расстраляных фашыстамі ў 1942 годзе. Пра тое, як у самым пачатку вайны трактарыст Уладзімір Патрубейка разабраў на запчасткі і надзейна схаваў першы і адзіны калгасны трактар, а пасля вызвалення сабраў і доўгі час працягваў працаваць на ім, аднаўляючы разбураную гаспадарку. Сёння гэты трактар – экспанат на ўваходзе ў Музей беларускага Палесся ў Пінску. Іван Янкоўскі, Вольга Шыкунец, Міхаіл Сядляр, Ніна Колбік, Надзея Кавалец – імёны Герояў Сацыялістычная Працы і яшчэ больш за 40 імёнаў ардэнаносцаў-землякоў гучалі ў гэты дзень асабліва ўзнёсла.
Століншчыне, насамрэч, ёсць чым ганарыцца. За 30 гадоў незалежнасці нашай краіны ў раёне ў шэсць разоў вырас валавы надой малака, прыкладна ўдвая – ураджайнасць зерневых. Пабудаваны 33 новыя малочна-таварныя фермы, 29 прафілакторыяў для цялят, 90 кароўнікаў, 103 памяшканні для ўтрымання і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы. У выніку сярэдні надой ад каровы летась склаў 7 630 кілаграмаў малака, у той час як у 1994-м – ледзь перабольшваў 2 260.
“Уся краіна ведае, што Століншчына – гэта вялікі беларускі агарод. Кожны сёмы кілаграм садавінаагародніннай прадукцыі, экспартуемай Рэспублікай Беларусь, вырашчаны на Столінскай зямлі”, – падкрэсліў Рыгор Васільевіч. Расказаў кіраўнік раёна і аб развіцці прамысловай галіны. У прыватнасці, пра філіял ААТ “Савушкін прадукт”, дзе ў сярэднім за суткі перапрацоўваецца да 500 тон малака. Буйнейшым у краіне пастаўшчыком пажыўных грунтаў застаецца торфапрадпрыемства “Глінка”. А яшчэ Рыгор Пратасавіцкі паведаміў, што за 30 год інстытута прэзідэнцтва на Століншчыне пабудавана 47 шматкватэрных і каля 5 тысяч індывідуальных жылых дамоў з усімі выгодамі. Вялікую ролю адыграў у гэтым той факт, што ў 2002 годзе ў глыбінку Палесся прыйшоў прыродны газ, ва ўрачыстым пуску якога браў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Увогуле ж, за 30 гадоў у раёне ўведзена ў строй больш за 50 сацыяльна значных аб’ектаў, сярод якіх 11 належаць сферы аховы здароўя. Мажліва, у сувязі з гэтым асабліва ганарацца столінцы вельмі высокай нараджальнасцю і рэкорднай колькасцю мнагадзетных сем’яў. Сёння іх тут 2330!
Славіцца раён брэндамі ў выглядзе цэнтраў драўлянай культуры і ганчарства. А яшчэ тут – адразу тры самадзейныя калектывы, якія маюць высокае званне “заслужаны”. Столькі няма ні ў адным з сельскіх раёнаў вобласці. У тым, што гэта не проста словы, у чарговы раз упэўнілася падчас святочнага канцэрта, сімвалічным пралогам да якога стала ўшанаванне найбольш заслужаных землякоў.
На ўрачыстасці прысутных вітаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар Брэсцкага абласнога УП “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Аляксандр Максімчук, які перадаў кіраўніку раёна – юбіляр Прывітальны адрас ад старшыні аблвыканкама Пятра Пархомчыка. Апладысментамі сустрэлі ўдзельнікі свята паведамленне аб прысваенні звання “Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна” ўраджэнцу вёскі Белавуша, Старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Паўлу Каллауру і ветэрану сферы адукацыі раёна Анатолю Максімовічу. Шэраг землякоў узнагароджаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі абласнога і раённага ўзроўняў.
А потым быў канцэрт. А дакладней – споведзь перад землякамі, падчас якой ад наплыву набягал няпрошаная сляза пачуццяў, ахвотна падтрымаць да болю знаёмы матыў, сагрэць душу гонарам за маленькі куточак Палесся, які завецца Століншчынай. А галоўнае – адчуць адзінства думак і поглядаў столінцаў, аб’яднаных непарушным пачуццём адданасці Радзіме.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ
Фота аўтара і Аляксандра НІКІФАРЭНКІ