Главная - Новости - В области - Спартыўнае свята кааператараў вобласці адбылося ў Маларыце

Спартыўнае свята кааператараў вобласці адбылося ў Маларыце

Спартыўнае свята кааператараў вобласці адбылося ў Маларыце

На базе ўніверсальнага спартыўнага цэнтра “Жамчужына” горада Маларыта прайшла абласная спартакіяда работнікаў спажывецкай кааперацыі Брэсцкай вобласці. За права называцца мацнейшай змагаліся 16 каманд: Брэсцкага аблспажыўсаюза, гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”, Баранавіцкага, Бярозаўскага, Брэсцкага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Кобрынскага, Лунінецкага, Ляхавіцкага, Маларыцкага, Пінскага, Пружанскага і Столінскага райспажыўтаварыстваў.

 

Падчас урачыстага адкрыцця абласной спартакіяды да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні праўлення аблспажыўсаюза Аляксей Макарэвіч. Ён адзначыў, што галоўная мэта спартакіяды – прапаганда здаровага ладу жыцця сярод работнікаў райспажыўтаварыстваў, паляпшэнне фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, умацаванне здароўя, папулярызацыя розных відаў спорту, згуртаванне працоўных калектываў. Аляксей Віктаравіч прысутным пажадаў ніколі не губляць імкнення ісці наперад, а ў спартыўных спаборніцтвах – перамог, выдатнага самаадчування і найлепшага настрою. Удзельнікаў спартакіяды сардэчна вітаў намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Сухарэвіч. Ён пажадаў усім здароўя, поспехаў у справах, добрых вынікаў і прыемных уражанняў. Напомніўшы галоўныя ўмовы спаборніцтваў і пазнаёміўшы каманды з суддзямі, на рытм спартакіяды настроіў усіх удзельнікаў галоўны суддзя, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна Генадзь Германюк.

 

 

Пераможцы вызначыліся ў шасці відах спорту: валейболе, настольным тэнісе, дартсе, шашках, шахматах, шматбор’і “Здароўе”. У выніковай турнірнай табліцы абласной спартакіяды першае месца ва ўпартай барацьбе заваявалі кааператары Лунінеччыны, другое – Століншчыны, трэцяе – каманда гандлёвагага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”. Маларыцкія кааператары замацаваліся на сёмым месцы. Яны сталі лепшымі ў шашках (першае агульнакаманднае месца), шахматах (другое агульнакаманднае месца). У індывідуальным заліку ў шахматах першае месца заняла Аксана Туравец, у шашках другое месца – Таццяна Якоўчык, у шашках трэцяе месца – Уладзімір Ківачук.

 

 

Заслужаныя ўзнагароды пераможцам у індывідуальных і камандных відах спаборніцтваў пад апладысменты ўручалі Аляксей Макарэвіч і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Уладзімір Тарасевіч.

 

 

Мікалай НАВУМЧЫК, Маларыцкі раён
Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика